ПАЛАЖЭННЕ аб адкрытым конкурсе на стварэнне сцэнарыяў дакументальных фільмаў, сацыяльных ролікаў, прысвечаных нацыянальнай тэматыцы

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

ЗАЦВЕРДЖАНА Загад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 02.04.2010 № 71

 

У адпаведнасці з п. 3 пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ад 10 кастрычніка 2002 г. № 42 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, Беларускім саюзам кінематаграфістаў, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а таксама РУП "Беларускі відэацэнтр" штогод праводзіць адкрыты маладзёжны конкурс на стварэнне літаратурных сцэнарыяў фільмаў, прысвечаных нацыянальнай тэматыцы. Нагадваем, што да даты завяршэння прыёму заявак на сёлетняе творчае спаборніцтва засталося ўсяго некалькі дзён.

1. Гэтым Палажэннем вызначаецца парадак правядзення адкрытага маладзёжнага конкурсу на стварэнне сцэнарыяў дакументальных фільмаў, сацыяльных ролікаў, прысвечаных нацыянальнай тэматыцы (далей - Конкурс).

2. Заснавальнікамі Конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз кінематаграфістаў", грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі", вытворча-творчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларускі відэацэнтр".

3. Конкурс праводзіцца ў мэтах: павышэння ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства, захавання і развіцця традыцый нацыянальнага кінавідэамастацтва;

 стварэння новых арыгінальных сцэнарыяў дакументальных фільмаў, сацыяльных ролікаў, якія ў мастацкай форме адлюстроўваюць эмацыянальныя перажыванні і раскрываюць унутраны свет чалавека, яго імкненне да высокіх духоўных, маральных і эстэтычных ідэалаў, паказваюць лепшыя рысы беларускага народа;

 выяўлення і стымулявання эстэтычных пошукаў маладых аўтараў, увасаблення і прасоўвання іх сцэнарных работ на экраны рэспублікі.

 4. Работу па арганізацыі і правядзенні Конкурсу ажыццяўляе арганізацыйны камітэт (далей- аргкамітэт).

Аргкамітэт у мэтах падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу:

фарміруе і зацвярджае склад адборачнай камісіі;

 разглядае і зацвярджае спіс удзельнікаў Конкурсу;

разглядае фінансавыя і арганізацыйна-тэхнічныя пытанні;

 даводзіць да ўсеагульнага ведама інфармацыю аб парадку і ўмовах правядзення Конкурсу, а таксама яго выніках шляхам яе размяшчэння ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку ў Інтэрнэце;

 вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу.

5. Адборачная камісія:

 разглядае заявы на ўдзел у Конкурсе на прадмет іх адпаведнасці ўмовам Конкурсу;

 праводзіць папярэдні прагляд заяўленых для ўдзелу ў Конкурсе сцэнарыяў;

 уносіць на разгляд аргкамітэта прапановы аб допуску сцэнарыяў да ўдзелу ў Конкурсе.

6. Да ўдзелу ў Конкурсе дапускаюцца паўналетнія грамадзяне, узрост якіх на момант прадстаўлення заявы на ўдзел у Конкурсе не перавышае трыццаці аднаго года.

7. Конкурс праводзіцца ў г. Мінску. Прыём заяў на ўдзел у Конкурсе здзяйсняецца ў перыяд з 1 мая па 30 верасня 2010 г.

8. Для ўдзелу ў Конкурсе аўтары павінны накіраваць на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пр-т Пераможцаў, 11, 220004, г. Мінск) з пазнакай "На конкурс":

заяву па форме адпаведна дадатку;

 сцэнарый дакументальнага фільма, сацыяльнага роліка, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы (далей - сцэнарый), у двух экзэмплярах;

 копіі старонак дакумента, што пацвярджае асобу заяўніка (у тым ліку нацыянальнага пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы), якія ўтрымліваюць звесткі аб прозвішчы, імені, імені па бацьку, даце і месцы нараджэння, рэгістрацыі па месцы жыхарства альбо па месцы знаходжання заяўніка.

Сцэнарый павінен быць прадстаўлены на папяровым носьбіце ў фармаце А4 (на адным баку аркуша), памер шрыфту не менш за 14 пунктаў.

 Сцэнарыі не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

9. Конкурсныя заявы, прадстаўленыя пазней за 30 верасня 2010 г., да ўдзелу ў Конкурсе не дапускаюцца.

Днём прадстаўлення конкурсных заяў, што перасылаюцца па пошце, лічыцца дата іх адпраўлення (па даце паштовага штэмпеля месца іх адпраўлення).

10. Падвядзенне вынікаў Конкурсу адбываецца ў перыяд з 1 кастрычніка па 30 лістапада 2010 г.

11. Адборачная камісія накіроўвае прадстаўленыя сцэнарыі на разгляд журы Конкурсу (далей - журы) у тэрмін да 1 лістапада 2010 г.

 12. Работа журы арганізуецца ў форме пасяджэнняў. Месца і час правядзення пасяджэння журы вызначаецца яго старшынёй.

 Пасяджэнні журы лічацца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае не менш за 2/3 яго спісачнага складу.

Члены журы прысутнічаюць на пасяджэннях журы без права замены.

Рашэнне журы прымаецца адкрытым галасаваннем і лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову членаў журы, прысутных на пасяджэнні. Пры аднолькавым размеркаванні галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня журы.

 Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй журы і яго сакратаром на працягу дня, наступнага за днём правядзення пасяджэння журы. Рашэнне журы з'яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

 13. Пераможцам Конкурсу ўручаюцца адпаведныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры:

 адна першая - 40 базавых велічынь;

 адна другая - 30 базавых велічынь;

адна трэцяя - 20 базавых велічынь.

 Памер грашовай прэміі вызначаецца зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай у Рэспубліцы Беларусь на дзень выплаты прэміі.

 Па выніках Конкурсу журы пры неабходнасці можа перагледзець колькасць і памер прэмій.

 Аргкамітэт мае права засноўваць дадатковыя заахвочвальныя прызы і дыпломы, іншыя формы заахвочвання ўдзельнікаў Конкурсу.

 14. Абвяшчэнне вынікаў Конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 17 снежня 2010 г. у рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня беларускага кіно.

15. Ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку права на экранізацыю літаратурных сцэнарыяў, адзначаных на Конкурсе, заснавальнікі Конкурсу могуць прапаноўваць арганізацыям-вытворцам фільмаў (прадзюсерам) з выплатай аўтарам адпаведнага ўзнагароджання.

 16. Фінансаванне арганізацыі і правядзення Конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры ў рэспубліканскім бюджэце на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, спонсарскіх сродкаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

17. Аплаце падлягаюць выдаткі, непасрэдна звязаныя з арганізацыяй, падрыхтоўкай і правядзеннем Конкурсу.

 За ўдзел у Конкурсе членам журы можа выплачвацца ўзнагарода, памеры якой зацвярджаюцца аргкамітэтам у межах каштарысу выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне Конкурсу.

Выдаткі па праездзе, харчаванні, пражыванні, паштовыя і іншыя выдаткі ўдзельнікаў Конкурсу выплаце за кошт сродкаў каштарысу на падрыхтоўку і правядзенне Конкурсу не падлягаюць.

/i/content/pi/cult/288/4690/3-2.jpg