Унікальны Караткевіч

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Дакументальны фільм “Свет Караткевіча” выйшаў на кінастудыі “Беларусьфільм” да 80-годдзя пісьменніка. Апошняя стужка, прысвечаная яму, была знята больш за 15 гадоў таму, і аўтары вырашылі распавесці пра невядомыя ці маладаследаваныя моманты жыцця Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёрам стужкі стаў Яўген Сяцько.

 

 "Свет пісьменніка, які складаецца з яго твораў, мясцін, дзе ён жыў, фільмаў па яго творчасці, - усё гэта мы вырашылі адлюстраваць у гэтай працы, - расказвае аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз. - Дзясяткі мастакоў стваралі ілюстрацыі да кніг Караткевіча, іх таксама не варта было абмінаць увагай.

 "Разыначкай" стаў аповед пра невялікую школу недалёка ад Кіева ў вёсцы Лесавічы, у якой настаўнічаў Караткевіч. Даследчыкі знайшлі яе, а таксама сустрэліся з былым вучнем вядомага пісьменніка, які таксама стаў настаўнікам.

У здымках прынялі ўдзел Анатоль Верабей, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, яны апавядаюць пра цікавыя выпадкі ў жыцці аўтара і яго зносінах з калегамі. "Фільм вельмі чалавечы, лірычны, і ў той жа час - аб'ектыўны", - адзначае Уладзімір Мароз. Уладзімір Караткевіч пачынаў як сцэнарыст дакументальнага кіно, але самога яго, зафіксаванага на кінаплёнцы, амаль няма. Гледачы новага фільма могуць пабачыць унікальны запіс з удзелам пісьменніка, які выступае на сваім 50-гадовым юбілеі.