Саветнік-Пасланнік Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне Анатоль Канаплянікаў паведаміў "К", што акцыя праходзіць пры падтрымцы міністэрстваў культуры дзвюх краін, прычым украінскі бок паставіўся да яе з вялікай зацікаўленасцю і адказнасцю.
"Украінская публіка ведае і заўжды чакае беларускія калектывы, асабліва брэндавыя, - адзначае дыпламат. - Дні культуры Беларусі праводзяцца ўжо не першы раз. Не маю сумненняў, што гэтыя будуць адзначаны павышанай увагай гледачоў".
Таксама ў час мерапрыемстваў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў краіне-суседцы.
У канцэрце, прысвечаным адкрыццю Дзён культуры, прымуць удзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча і салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Артысты яго пакажуць балет "Лебядзінае возера". Тэатральнае мастацтва краіны прадставіць народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў. У яго выкананні адбудзецца спектакль "Беларусь у фантастычных апавяданнях" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
У рамках Дзён адкрыецца выстаўка канцэптуальнай фатаграфіі з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва нашай краіны пад назвай "Адлюстраванне". Яго дырэктар Наталля Шаранговіч патлумачыла, што экспазіцыя пазнаёміць з новымі тэндэнцыямі і павевамі ў айчынным фота. Тут можна будзе пабачыць як класічныя, так і здымкі з выкарыстаннем змешанай тэхнікі, фотаграфіку. Мастакі розных пакаленняў, ад мэтраў да сёлетніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пакажуць свой незвычайны погляд на з'явы і рэчы.
Таксама адбудзецца паказ мастацкіх і дакументальных кінафільмаў, анімацыйных стужак, якія стварылі беларускія кінематаграфісты.
На здымку: Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча.
Фота Юрыя ІВАНОВА