Падзея прысвечана 200-годдзю з дня нараджэння Івана Хруцкага. Пра адзначэнне даты ў Беларусі "К" неаднаразова паведамляла на сваіх старонках.
Юбілей творцы, чый талент паўплываў на станаўленне рускага нацюрморта, з гэтай пары ўключаны ў Спіс памятных дат UNESKO на 2010-2011 гады. Такое рашэнне было прынята на Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі па прапанове Нацыянальнай камісіі па справах UNESKO ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з НММ.
Старшыня Нацыянальнай камісіі Уладзімір Шчасны адзначыў: "Уключэнне даты ў Спіс надае ёй вялікую вагу і адметны статус: яе адзначаюць на нацыянальным узроўні. Да прыкладу, аналагічная падзея - юбілей Напалеона Орды, які быў уключаны ў Спіс памятных дат раней, - дагэтуль мае розгалас. Яго выстаўка падарожнічае па розных краінах Еўропы: яна з поспехам прайшла ў Венгрыі, Францыі, Іспаніі. Асоба Івана Хруцкага таксама можа стаць больш вядомай для жыхароў суседніх і аддаленых краін".
У вернісажы ў Парыжы , у прыватнасці, прымалі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Аляксандр Паўлоўскі, намеснік Генеральнага дырэктара UNESСO Г.Інгіда, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Ён уручыў на вернісажы альбомы "Творы Івана Хруцкага ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея" і сярэбраныя манеты, якія выпусціў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь да юбілею.
Па словах Уладзіміра Шчаснага, вясной будучага года мы даведаемся пра падзею, якая можа стаць наступнай у Спісе памятных дат ад нашай краіны. Яе будуць зацвярджаць на 36-й сесіі Генеральнай канферэнцыі UNESСO ў кастрычніку наступнага года.