Тыдзень у Эміратах

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

У сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — Абу-Дабі — адбываецца Тыдзень культуры Беларусі. З 22 па 29 верасня жыхары краіны знаёмяцца з творчасцю 12 беларускіх мастакоў, а 22 і 23 верасня на гала-канцэртах выступілі айчынныя артысты і музыканты. Адкрыў Дні культуры прадстаўнік правячай сям’і ААЭ шэйх Хамед бен Заед аль-Нахаян.

/i/content/pi/cult/288/4680/2-3.jpg

Прэзентацыя Тыдня культуры была шматлюднай: каля 230 чалавек з ліку прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, дзяржаўных структур, дзелавых колаў і розных кампаній сабраліся ў выставачнай зале аднаго з найпрэстыжных гатэляў. Пра гэта паведаміў саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у ААЭ Ігар Бондар.

 Арганізатарам мерапрыемства стала Упраўленне Абу-Дабі па культуры і спадчыне. Яго Генеральны дырэктар, ён жа Саветнік наследнага прынца па культуры і мастацтве Махамед Халаф альМазруі адзначыў на вернісажы: "Правядзенне Тыдня культуры Рэспублікі Беларусь у Абу-Дабі - гэта імкненне падтрымаць культурную адкрытасць і ўзаемапавагу паміж народамі. Ставячы сваёй мэтай стварэнне новага ўзору міжнародных адносін, мы засноўваемся на талерантнасці, узаемапаразуменні і міжкультурным дыялогу".

Цягам тыдня для жыхароў і гасцей Абу-Дабі дэманструюцца жывапісныя работы 11 беларускіх мастакоў: Сяргея Давідовіча, Уладзіміра Кожуха, Васіля Касцючэнкі, Алега Скавародкі, Ягора Батальёнка, Фёдара Ястраба, Дзмітрыя Сурыновіча, Аляксандра Забаўчыка, Віктара Шылко, Аляксандра Грышкевіча і Генадзя Драздова. Упрыгожылі экспазіцыю і пейзажныя здымкі фотамастака Сяргея Плыткевіча - у Абу-Дабі паказаны яго праект "Планета Беларусь".

Балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у межах Тыдня культуры паказала 23 верасня "Рамэа і Джульету". Прадстаўленне адбылося ў канцэртнай зале, якая змяшчае больш за тысячу чалавек. А наступным днём у Нацыянальным тэатры выступіў камерны аркестр Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Жыхары Эміратаў захапляліся таксама танцамі Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі".