Навелы-”абярэгі”

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

У сталічнай галерэі “Мастацтва” прайшла персанальная выстаўка жывапісу беларускага пейзажыста Мікалая Цурыкава.

/i/content/pi/cult/287/4674/pic_57.jpgУ экспазіцыі - каля паўсотні палотнаў-краявідаў, створаных па матывах роздумаў і назіранняў падчас шматлікіх пленэраў.

Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў 70-х, Мікалай Яфімавіч у далейшай самастойнай творчасці ніколі не губляў сакральнай повязі са сваёй малой радзімай - Касцюковічамі, што на Магілёўшчыне. Праз усё жыццё пранёс ён светлыя, рамантычна-ўсхваляваныя ўражанні вясковага дзяцінства, натуральна ўвабраўшы ў сваім светаадчуванні, чулай душы спрадвечную народную мудрасць, менталітэт, эстэтычныя каштоўнасці бацькоў-сялян. Вось адкуль, з цягам часу, паступова выкрышталізоўваецца яго актуальнае, славутае "метафізічна"-філасофскае мастакоўскае крэда-тэзіс: "Добраўпарадкаваны Сусвет"!

Тэмы і сюжэты карцін Мікалая Цурыкава вонкава немудрагелістыя і простыя. Так, гэта паэтычныя, лірычныя "сюіты" аб старажытнай і заўсёды прывабнай беларускай прыродзе, неўрбанізаваным, "ідылічным" жыцці. У майстэрні мастака, у гістарычным будынку-вежы на Прывакзальнай плошчы, заўсёды гучыць класічная музыка, а яго пейзажы, народжаныя тут, жыццесцвярджальныя па ўнутранай сутнасці, разважлівай глыбіні. Як многа магчыма распавесці і перадаць у, здавалася б, такой "прыватнай", "хатняй", звыклай, але разам з тым "сусветна", "касмічна" прыгожай карціне-эцюдзе!

Словам, "пра час і пра сябе", пра радзіму і яе цудоўных людзей распавядаюць пранікнёныя навелы-"абярэгі" Мікалая Цурыкава. Вось чым так прыцягваюць увагу зусім розных гледачоў такія палотны, як "Раніца", "Лясное возера", "Ліпень", "Пасля дажджу", "Сонечны дзень", "Стары парк", "Навальніца на возеры Струста", "Воблака", "Летні вечар"...

Аляксандр РУНЕЦ