Маштаб для “Клеапатры”

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Адкрыццё сезона ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі сабрала аншлаг: прыстаўныя крэслы ў партэры, моладзь на прыступках балкона. І— бясконцыя авацыі. А між тым, гэта быў вечар прэм’ер. І гучала не толькі знакамітая “Рапсодыя на тэму Паганіні” С.Рахманінава (дарэчы, упершыню ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Андрэя Сікорскага), але і невядомая шырокай публіцы сімфанічная балада “Ваявода” П.Чайкоўскага (раней, як высветлілася, у Беларусі яна не выконвалася наогул), і, галоўнае, невядомая нават знаўцам музыка балета “Клеапатра” нашага В.Кузняцова. Папраўдзе: сусветная прэм’ера!

Праграма, на якой спыніўся галоўны дырыжор Дзяржаўнага /i/content/pi/cult/287/4670/pic_53.jpgакадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр Анісімаў, была больш чым сімвалічнай. Удзел А.Сікорскага, пераможцы І Міжнароднага конкурсу піяністаў "Мінск-2000", нагадваў пра чарговае такое спаборніцтва, што адбудзецца ў снежні. "Ваявода" П.Чайкоўскага акрэсліваў беларускаруска-польскія сувязі, бо напісаны ён паводле Адама Міцкевіча. Да таго ж, гэта партытура, сугучная многім оперным старонкам П.Чайкоўскага, быццам перакідвала масточак да канца філарманічнага сезона, які ўжо некалькі гадоў запар, дзякуючы намаганням маэстра, завяршаецца канцэртным выкананнем опер. Ну, а "Клеапатра", выкананая ў выглядзе харэаграфічнай сімфоніі, як было пазначана на афішы і ў праграмцы, ці, дакладней, літаратурна-музычнай кампазіцыі, як атрымалася насамрэч, нагадала пра ХV з'езд беларускіх кампазітараў, што пройдзе ў лістападзе.

Музыка Вячаслава Кузняцова, з любоўю і натхненнем сыграная аркестрам, пераўзышла ўсе самыя смелыя чаканні. У ёй было ўсё: не толькі надзвычай пачуццёвыя, эмацыйна напружаныя ўзыходжанні струнных да кульмінацыйнага напалу, але і архаічна строгія пабудовы, брутальнасць акордавага поступу рымскіх легіянераў, свядомыя "спасылкі" на А.Хачатурана, А.Рэспігі. Кожны такт дыхаў не адно пакрытай пылам даўніной, а гэткай ажыўленай гісторыяй, памножанай на сучаснасць. Героі музычнага аповеду не падзяляліся на "добрых" і "дрэнных". У кожнай тэме панавала прыгажосць - то святочна пераможная, "салютавая", то вытанчана гнуткая, насычаная водарам "стомлена-млявых" усходніх прыпраў, то старадаўне-філасофская, то пульсуючая неўтаймоўнымі выбухамі жарсцей.

А колькі яркіх, запамінальных, зусім нечаканых аркестравых фарбаў! Шукаючы новыя гучанні, кампазітар выкарыстаў нават глыбокую цяжкую патэльню, па якой білі спецыяльным малаточкам. Атрымліваліся дзівосна фантастычныя званы, што ззялі асляпляльна сонечнымі плямамі. Перад вачыма ўзнікалі менавіта балетныя, а не проста тэатральныя вобразы, а цела быццам само імкнулася выгнуцца ў харэаграфічнай пластыцы. Чытальнікі дапамагалі публіцы зарыентавацца ў сюжэце, але музыка была настолькі пластычна самадастатковай, што яе хацелася слухаць і слухаць - усе д з в е гадзіны, на якія быў разлічаны балет.

А.Анісімаў не ўпершыню выступіў у ролі "адкрывальніка" беларускай музыкі. Балет "Клеапатра", калі будзе пастаўлены, стане з'явай (і нават сенсацыяй) не толькі беларускага маштабу.

На здымку: В.Кузняцоў у пошуках музычнай пластыкі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"