Маладыя акадэмікі

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

У пачатку кастрычніка “акадэмікаў” у Мінску значна паболее. З 2 па 9 кастрычніка пройдзе Другая Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД, артыстычным дырэктарам якой з’яўляецца сусветна вядомы Юрый Башмет. У ёй возьмуць удзел больш за 30 лепшых студэнтаў вышэйшых навучальных музычных устаноў.

Летась гэты праект праходзіў у межах Міжнароднага фестывалю Ю.Башмета, сёлета набыў самастойнасць, хаця і супадае з некалькімі фестывальнымі днямі. Дый ягоная праграма значна пашырылася.
Майстар-класы і індывідуальныя заняткі па акадэмічных спевах, скрыпцы, альту, віяланчэлі і фартэпіяна будуць даваць вядучыя музыканты і прафесары з Азербайджана, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Італіі, Расіі. Акрамя таго, адбудуцца, як і летась, творчыя сустрэчы са знакамітасцямі і, галоўнае, выступленні прызнаных майстроў і маладых талентаў. Таму ў рамках Маладзёжнай акадэміі прадугледжаны тры гала-канцэрты. Першы — выкладчыцкі, другі — студэнцкі, а трэці — сумесны. Даўно заўважана: у такім “спаборніцтве” перамагаюць усе! Бо сумеснае музіцыраванне — бы зацікаўленая гутарка, у якой суразмоўцы не высвятляюць, хто лепей, а разам шукаюць музычную ісціну, што крыецца ў гармоніі і прыгажосці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"