Рытм для дэцымета

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Заўтра Прэзідэнцкі аркестр Беларусі пачынае цыкл з чатырох канцэртаў у Малой зале Палаца Рэспублікі. На працягу гэтых “Музычных вечароў” калектыў прадэманструе сваё майстэрства не толькі поўным складам: перад публікай выступяць асобныя групы і салісты аркестра.

"Музычныя вечары з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь" маюць даўнюю традыцыю. У такіх канцэртах гучала самая розная музыка - папраўдзе "ад рока да барока", як, дарэчы, і называўся адзін з іх. Не абмінаў калектыў ні высокую сімфанічную класіку, ні сучасныя акадэмічныя творы, не гаворачы ўжо пра джаз і эстраду. Выступалі і асобныя аркестравыя групы. У цяперашняй чарадзе канцэртаў, падобнай да фестывалю, гэтыя тэндэнцыі пашыраны. Закрануты самыя розныя стылёвыя кірункі і склады: перад публікай выступяць ансамбль саксафаністаў, рытм-група, дэцымет выканаўцаў на духавых інструментах, а таксама вакалісты.

- Такія канцэрты,- распавёў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Віктар Бабарыкін, - даюць магчымасць твор- чым сілам нашага калектыву выявіць сваю ініцыятыву. Аркестранты не павінны пачу- ваць сябе "шараговымі музыкантамі" і выконваць выключна тое, што ім паставяць на пульт. Яны ў стане не толькі падтрымліваць, але і развіваць надалей сваё выканальніцкае майстэрства і артыстызм, шукаць для сябе адпаведныя творы, фарміраваць з іх канцэртныя праграмы. Дый пераможцы праекта "Новыя галасы Беларусі", якія ўжо больш за год працуюць у складзе нашага аркестра салістамі, не павінны спыняцца на дасягнутым: яны маглі б удзельнічаць у міжнародных конкурсах. На канцэрце 25 верасня салісты будуць спяваць пад фанаграму "мінус адзін" і знаходзіцца на сцэне без звыклай аркестравай "групы падтрымкі", а гэта таксама няпроста. Дадам, што падобныя выступленні невялікіх выканальніцкіх складаў вельмі запатрабаваныя ў краіне. Таму такі кірунак сваёй дзейнасці будзем працягваць і надалей.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"