Блукаючы рамантык Валенцій Ваньковіч

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

“Быў мастаком высокіх здольнасцей…”

/i/content/pi/cult/287/4660/pic_42.jpg...Упершыню імя Ваньковіча згадваецца ў спісе студэнтаў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага ўніверсітэта ў 1816 годзе. Першы біёграф мастака Вінцэнт Смакоўскі адзначыў, што работы, якія Ваньковіч стварыў у час навучання ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1814 - 1817) і прадставіў савету ўніверсітэта, зрабілі ўражанне "прафесійнасцю выканання". І да канца вучобы, да 1824 года, яго творчая планка як лепшага студэнта ім трымалася. Тым больш, што гэтаму спрыялі не толькі ўласна прыродны талент маладога жывапісца і рысавальшчыка, але і цудоўнае, высокаадукаванае ўніверсітэцкае асяроддзе: ад'ютант кафедры жывапісу Ян Дамель, прафесар-філолаг Э.Гродэк, гісторык Іахім Лелявель, а таксама члены студэнцкіх суполак філаматаў і філарэтаў, асветніцкія ідэі якіх потым зліліся з ідэямі нацыянальна-вызваленчымі. І, канешне, сустрэчы Ваньковіча ў гэты перыяд з А.Міцкевічам, Ф.Малеўскім, Т.Занам таксама паўплывалі на светапогляд мастака. Асабліва гэта тычыцца Адама Міцкевіча, які да апошніх часоў Валенція Мельхёравіча заставаўся яго лепшым сябрам і аднадумцам.

 

(Працяг. Пачатак у № 37.)

Такім чынам, першую прафесійную адукацыю Валенцій Ваньковіч атрымаў у Полацкай езуіцкай акадэміі, куды ён паступіў у 13-гадовым узросце. Гэтая ўстанова, створаная на базе езуіцкага калегіума, праіснавала 8 гадоў - да 1820-га, да таго часу, пакуль езуіты не былі выгнаны з Расійскай імперыі. Аднак у перыяд вучобы Ваньковіча акадэмія была першай вышэйшай навучальна-адукацыйнай установай на тэрыторыі Беларусі, дзе выкладаліся такія дысцыпліны, як філасофія, жывапіс, класічныя мовы, гісторыя, геаграфія, фізіка, матэматыка, механіка, архітэктура і нават балістыка і тэорыя рамёстваў.

Рэктарамі акадэміі ў час Ваньковіча былі спачатку Антоній Люстыг, потым- Алаізій Ландэс, а ўсяго вучняў налічвалася больш за 80 чалавек. Падрабязных дакументальных сведчанняў аб прабыванні Валенція ў акадэміі я не бачыў, але зразумела адно: ён атрымаў тут цудоўныя веды, асабліва ў мовах, раз потым без усялякіх праблем паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Дастаткова сказаць, што ў адзін час з ім займаліся такія выдатныя асобы, як Ян Баршчэўскі, будучы аўтар "Шляхціца Завальні", і Антоній Зубко - пазней епіскап праваслаўнай расійскай царквы, епіскап Мінскі і Бабруйскі. І яшчэ. Мабыць, менавіта ў Полацку да Ваньковіча прыйшло рашэнне стаць мастаком, бо да гэтага часу ніякага намеру звязаць свой лёс з жывапісам у Валенція не выяўлена.

І вось - легендарны імператарскі Віленскі ўніверсітэт, у які ў 1803 годзе згодна з указам Аляксандра I была пераўтворана Галоўная віленская школа, хаця гэтая навуковая ўстанова вяла свой адлік у якасці Акадэміі аж з 1579 года, калі яе заснавалі Стэфан Баторый і Папа Рымскі Грыгорый XIII. Ваньковіч правучыўся ва ўніверсітэце на факультэце літаратуры і прыгожых мастацтваў з 1818 па 1824 гады - і гэта быў перыяд станаўлення нашага героя як Асобы, што менавіта тут здабыла фундамент свайго светапогляду, атрымала першы сур'ёзны вопыт у жывапісе і малюнку. Так што потым паступіць у Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў для яго было справай лёгкай.

Мяркую, што, акрамя ўласна вучобы, на ўражлівага Ваньковіча моцна паўплывала духоўная атмасфера, якая тады панавала ва ўніверсітэце. Я маю на ўвазе настаўнікаў і студэнтаў, з якімі Валенцій кантактаваў. Большасць гэтых апантаных людзей, якія марылі аб свабодзе і незалежнасці сваёй Айчыны, назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю культуры і навукі не толькі Беларусі, але і Літвы ды Польшчы. Многія з іх былі членамі студэнцкіх таварыстваў філаматаў (ад грэч. "імкненне да ведаў") і філарэтаў (ад грэч. "любячыя дабрадзейнасць"), чые асветніцкія ідэі потым загартоўваліся ў нацыянальна-вызваленчым руху пачатку 1830-х.

Вось, напрыклад, адзін з яскравых настаўнікаў Ваньковіча - Іахім Лелявель, гісторык, грамадскі дзеяч, загадчык кафедры гісторыі Віленскага ўніверсітэта, які, без сумнення, вельмі паўплываў на светапогляд маладога Валенція. Гэта той чалавек, пра якога Як Чачот сказаў: "З таго часу, як універсітэт стаў універсітэтам, ніколі ні адзін прафесар не меў столькі слухачоў". Удакладню: на лекцыі Лелявеля прыходзілі адначасова да 400 студэнтаў! Дык вось, пасля раскрыцця тайных студэнцкіх суполак, у дзейнасці якіх прымалі ўдзел і настаўнікі, прафесар Лелявель як іх ідэйны натхняльнік эміграваў у Францыю, адтуль за антырасійскі заклік "Да братоў рускіх" быў высланы ў Брусэль, дзе арганізаваў "Аб'яднанне польскай эміграцыі" і да канца жыцця (1861) заставаўся шчырым патрыётам сваёй радзімы. Ёсць версія, што менавіта ён з'яўляецца аўтарам знакамітага дэвізу: "За нашу і вашу свабоду!"/i/content/pi/cult/287/4660/pic_43.jpg

Акрамя знакамітага Іахіма Лелявеля, сярод настаўнікаў Ваньковіча былі і такія выдатныя асобы, як жывапісец, загадчык кафедры прыгожых мастацтваў Ян Рустэм, прафесар права Шымон Малеўскі (бацька філамата Францішка Малеўскага), класічны філолаг Готфрыд Эрнст Гродэк, той самы, які адхіліў магістарскую дысертацыю Адама Міцкевіча з-за неразборлівага почырку і арфаграфічных памылак, архітэктар Караль Падчашынскі, прафесар рускай славеснасці і гісторык Іван Лабойка, філосафы і астраномы Юзэф Галухоўскі і Ян Снядэцкі, правазнаўца і летапісец гісторыі ВКЛ Ігнацій Даніловіч...

А сярод студэнтаў Ваньковіч сябраваў з будучымі яркімі літаратарамі Томашам Занам, Янам Чачотам, Адамам Рагальскім, Юліянам Корсакам, Аляксандрам Хадзько, Паўлам Кукальнікам, Сіманасам Станявічусам, Антоніем Эдвардам Адынцом, Восіпам Сянкоўскім, будучым епіскапам і асветнікам Матэюсам Валанчуком, гісторыкам Мікалаем Маліноўскім, а таксама геолагам, географам і этнографам Ігнаціем Дамейкам...

І, канешне ж, асаблівае месца ў лёсе Ваньковіча займаюць Адам Міцкевіч і Анджэй Тавяньскі. Міцкевіч, праўда, скончыў універсітэт у 1819 годзе, калі Валенцій быў на другім курсе, але паэт пры першым знаёмстве з ім ужо быў ініцыятарам стварэння "Суполкі сяброў карыснай забавы", якая хутка стала таварыствам філаматаў. Пра Тавяньскага я ўжо згадваў у першай частцы нарыса. Факультэт правазнаўства ён скончыў у 1818 годзе, калі Ваньковіч толькі паступіў, гэта значыць на год раней за Міцкевіча. Але абодва яны, Адам і Анджэй, да канца жыцця заставаліся самымі блізкімі сябрамі мастака. Скажу больш. Незадоўга да сваёй смерці Валенцій нават моцна пасварыўся з дзядзькам Антонам Гарэцкім з-за таго, што той раптоўна парваў усе адносіны з Тавяньскім. Гэтая сварка прывяла да таго, што раз'юшаны пляменнік пераехаў з парыжскай кватэры блізкага сваяка, дзе ён спачатку атабарыўся пасля двухгадовага "сядзення" ў Германіі, да Міцкевічаў, і настойліва патрабаваў у дзядзькі ўсю пошту на яго імя і "транспарт з карцінамі з Мюнхена" перасылаць на адрас сям'і Міцкевічаў - на вуліцу Амстэрдам.

Але ўсё гэта будзе потым. А пакуль малады Валенцій вучыцца і шмат працуе ў майстэрні, якую наймае побач з універсітэтам. Нават на шумных вечарынках не расстаецца з алоўкам і альбомам. І ў 1820 годзе на выстаўцы студэнтаў і настаўнікаў упершыню паказаў аўтапартрэт, натурныя малюнкі і некалькі копій класікаў. А трошкі пазней прэса адзначыла ў ягоных партрэтах вельмі "рэдкае падабенства з натурай". Увогуле, лепшыя партрэты, створаныя мастаком у дапецярбургскі перыяд, з'яўляюцца не толькі бліскучымі ўзорамі "рамантычнага" стаўлення аўтара да сваіх мадэлей, не толькі высакакласнымі па жывапіснай пластыцы і малюнку творамі, але і своеасаблівымі дакументамі часу. Без іх мы не мелі б сёння ўяўлення пра тое, як выглядалі многія знакавыя асобы таго часу.

Партрэты вельмі простыя па кампазіцыі, невялікія па памерах. Твары на іх - спакойныя, але заўсёды адухоўленыя і ўнутрана напоўненыя, так бы мовіць, высокай інтэлігентнасцю і... нейкай таямніцай, схаванай, утоенай пад вонкавым абліччам. Хто ж тыя персанажы, што таленавітым пэндзлем "задакументаваны" для нашчадкаў? Гэта Адам Міцкевіч і Томаш Зан, Францішак Малеўскі і Антон Адынец, Эдвард Ромер і Караль Ліпіньскі, Юліян Корсак і Анджэй Тавяньскі - практычна ўсе таварышы мастака, сябры, знаёмыя, частка з якіх пасля суду над філарэтамі і філаматамі аказалася ці то ў ссылцы, ці то ў турме, ці то ў эміграцыі. Горкая чаша тая Ваньковіча не закранула. Мяркуючы па ўсім, ён у гэтыя таварыствы не ўваходзіў. Можна толькі будаваць версіі - чаму. Напрошваецца аналогія: Пушкін і яго сябры-дзекабрысты... А наогул ён быў выключна мастаком, вольным птахам. Яшчэ - дэндзі. І заўсёды імкнуўся быць дэндзі - і ў Мінску, і ў Вільні, і потым - у Пецярбургу. І ніякай напышлівай рэвалюцыйнасці ў Ваньковічу, канешне, не мелася.

/i/content/pi/cult/287/4660/pic_44.jpgКалі ішлі суды, універсітэт разглядаў пытанне аб накіраванні свайго выхаванца "для далейшага ўдасканальвання ў жывапісе і малюнку" ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Ян Рустэм прапанаваў накіраваць свайго вучня на чатыры гады - за сродкі ўніверсітэта. Але вучоны савет скараціў гэты тэрмін да двух, паставіўшы ўмову "адслужыць у ведамстве ўніверсітэта шэсць гадоў". І ў лістападзе 1824 года Ваньковіч даў згоду "выслужыць" у сваёй alma mater гэты тэрмін пасля вяртання з расійскай сталіцы і атрымаў 195 рублёў асігнацыямі і яшчэ 12 капеек "на аплату трох коней да С.-Пецярбурга".

3 лютага 1825 года ён прыбыў у горад на Няве з лістом прафесара Готфрыда Эрнста Гродэка да прэзідэнта Акадэміі мастацтваў Аляксея Аленіна. На першай старонцы ліста была прыпіска: "Спадар Ваньковіч прыпыніўся ў гаспадара Орды на Галернай. Дом камерцыйнага таварыства". А праз 25 дзён яго імя з'яўляецца ў "Экзаменацыйнам спісе" навучэнцаў Акадэміі, якія праходзілі іспыт па малюнку з натуры. Так пачаўся новы, пецярбургскі перыяд жыцця Валенція Ваньковіча за межамі радзімы.

Роўна праз год, у студзені 1826 года, Ваньковіч накіроўваецца ў Мінск, дзе бярэ шлюб з Анэляй Растоцкай, але па вяртанні ў Пецярбург тут жа атрымлівае ў Акадэміі вымову за самавольны ад'езд. Аднак усё эта было для Валенція драбніцай. Галоўнае, што вучоба ішла як мае быць. Двухгадовы тэрмін знаходжання яго ў Акадэміі праляцеў так хутка, што Ваньковіч не паспеў як след агледзецца і па-сапраўднаму ўвайсці ў той самы смак аўры жывапісу. І 18 студзеня 1827 года ў рапарцічцы Віленскаму ўніверсітэту ён паведамляе, што ў працы алеем яму "яшчэ не хапае таго стылю, які неабходны мастаку гістарычнаму", і просіць працягнуць тэрмін знаходжання ў Акадэміі яшчэ на два гады. Праз паўгода такі дазвол прыходзіць. А ў верасні за палатно "Подзвіг маладога кіяўляніна пры асадзе печанегамі горада Кіева" ён атрымлівае Малы залаты медаль і права пенсіянерства за мяжой за кошт Віленскага ўніверсітэта. А да таго ён ужо атрымліваў два сярэбраныя медалі- Малы і Вялікі- за кампазіцыйныя малюнкі з натуры. Праз месяц з Мінска прыйшла вестка: у Анэлі нарадзіўся сын, якога шчаслівы Валенцій назваў Адамам Вікенціем. Потым у Ваньковіча, ужо пасля апошняга прыезду мастака на радзіму, нарадзілася яшчэ двое сыноў - Казімір Адам і Ян Эдвард.

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"