Бульварам Гедыміна да каравая-2010

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Напярэдадні “Дажынак” у Лідзе адкрыліся новыя перспектывы. Не толькі архітэктурныя

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_32.jpg

Яшчэ зусім нядаўна Ліда адпавядала ўсім стэрэатыпам прамысловага горада, чыя гістарычная забудова збольшага не ацалела. На цэнтральнай вуліцы грувасціліся малапрывабныя шэрыя пяціпавярховікі, а галоўную перліну - замак Гедыміна - шчыльна ўзялі ў аблогу старэнькія хаціны, падступіўшы да самых яго муроў. Сёння гэты вобраз ужо не адпавядае рэчаіснасці. Прыехаўшы ў горад праз інтэрвал усяго ў некалькі месяцаў, карэспандэнты "К" яго не пазналі. У Лідзе з'явілася тое, чаго ёй так бракавала - прастора і перспектыва. І нават банальныя "хрушчоўкі", набыўшы дадатковыя архітэктурныя дэталі, пераўтварыліся ў прывабныя камяніцы. Аснова сённяшняга ансамбля цэнтра - установы культуры. Напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла "Дажынкі", які пройдзе ў Лідзе ў наступныя выхадныя, іх паболела ажно на дзве.  

 

Трэба толькі "падшліфаваць"...

Патэлефанаваўшы на пачатку тыдня начальніку аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзіміру Самсонаву, вельмі баяўся патурбаваць яго ў такі неспакойны "жніўны" час, калі працы ідуць у паскораным тэмпе.

- Які аўрал? - пачуў я ў слухаўку.- Установы культуры /i/content/pi/cult/287/4659/pic_33.jpgўжо сёння гатовы да фэсту амаль на 100%. Прыязджайце, і ўсё ўбачыце.

Як адзначыў старшыня Лідскага райвыканкама Андрэй Худык, на пачатку грандыёзных пераўвасабленняў і сапраўды была пэўная боязь не паспець - надта шмат разнастайных планаў...

- Але ўжо сёння мы адназначна перакананы ў тым, што ўсё запланаванае будзе зроблена, прычым вельмі якасна, - дадаў ён. - Засталося яшчэ колькі дзён на "шліфоўку", на выпраўленне розных дробных недахопаў. Так, раней нам падавалася, што для такіх вялізных аб'ёмаў працы часу будзе замала. Але дзякуючы магутнай дапамозе Гродзенскага аблвыканкама і яго старшыні Сямёна Шапіры, дзякуючы будаўнікам рэгіёна, якія ізноў даказалі свае надзвычайныя здольнасці, мы дасягнулі неверагодных вынікаў. Праекты, якія выношваліся дзесяцігоддзямі, увасобіліся ў жыццё ўсяго за некалькі месяцаў.

І сапраўды, тое, што мы ўбачылі ў Лідзе за дзесяць дзён да свята, якраз і можна акрэсліць словам "шліфоўка" - спакойнае давядзенне да ладу. Час, калі ў горадзе адначасова працавалі чатыры з паловай тысячы рабочых, ужо мінуў.

- Нам таксама даводзілася быць на нагах па 15 гадзін на дзень без выхадных, - кажа Уладзімір Самсонаў. - А Андрэй Паўлавіч часам працаваў і ўсе 20.

 

Ад "задворкаў" не засталося слядоў

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_34.jpg"Шліфовачныя" працы вяліся, у тым ліку, і на пляцоўцы ля раённага Дома культуры, дзе да свята яшчэ належыць запусціць шыкоўны фантан з падсветкай. Колькі гадоў таму яна была ўпрыгожана хіба некалькімі туямі, выгадаванымі руплівасцю саміх работнікаў установы. Цяпер там спрэс шыкоўныя кветнікі, якія, без сумневу, зробяць гэтую тэрыторыю папулярным месцам адпачынку.

Пад час мінулага прыезду, у красавіку, Уладзімір Самсонаў звярнуў маю ўвагу на від, які адкрываецца з акна РДК. Убачанае можна было акрэсліць ёмістым словам "задворкі". І вельмі дзівіла тое, што менавіта гэтае балоцістае месца было абрана эпіцэнтрам свята.

Але сёння ад балота не засталося і следу, як і ад драўлянай забудовы, якую ў народзе называлі "шанхаем". Затое з акна цяпер стала праглядацца рачулка Лідзейка, а зарасці на яе берагах набылі рэгулярны паркавы характар. Такіх зон адпачынку ў цэнтры Ліды моцна бракавала - як, зрэшты, і зручнай пляцоўкі для правядзення масавых імпрэз на вольным паветры. Цяпер месца галоўнай сцэны ўжо забрукавана пліткай і з дня на дзень чакае мантажнікаў абсталявання.

 - Зразумела, што падрыхтаваная да свята пляцоўка будзе актыўна выкарыстоўвацца намі яшчэ доўгія гады, - кажа Уладзімір Самсонаў. - Зрэшты, гэта тычыцца і іншых рамонтна-будаўнічых пачынаў у сферы культуры. Мы вырашалі надзённыя задачы, прызначаныя стварыць найлепшыя ўмовы для нашай галіны ў горадзе. Проста правядзенне "Дажынак" дазволіла нам прыйсці да выніку значна хутчэй.

У раённым Доме культуры святочных мерапрыемстваў не запланавана, аднак ён спазнаў сапраўднае пераўвасабленне, якое толькі праз сціпласць было ахарактарызавана "бягучым рамонтам". У звычайным некалі фае другога паверха сёння - шыкоўныя жырандолі. Іх па індывідуальным праекце і на спонсарскіх пачатках вырабілі землякі са знакамітага "Каскада".

- Увогуле, падчас рамонтных прац мы выкарыстоўвалі пераважна айчынныя матэрыялы, - кажа дырэктар РДК Ірына Тур. - І мушу зазначыць, што іх якасць нараканняў не выклікае.

Дзякуючы рамонту ў РДК з'явілася ўтульная камерная зала, /i/content/pi/cult/287/4659/pic_35.jpgякая ідэальна пасуе для тэатральных паказаў, мяккія крэслы і новае абсталяванне сцэны ў зале асноўнай, канкурэнтаздольны танцпол, грымёркі, здатныя забяспечыць побытавы райдар любой зоркі...

Напярэдадні свята РДК аказаўся своеасаблівым яго "штабам" у Лідзе. Работнікі гаспадарак раёна прывозілі туды створаныя ўласнаручна снапы - будучы антураж фэсту хлебаробаў. А ва ўнутраным дворыку часова размясціўся сноп, зроблены з куды больш манументальнага матэрыялу - бронзы. Скульптар Уладзімір Жбанаў стварыў помнік беларускаму хлебу, які адкрыецца падчас фэсту.

- Абсалютна ўпэўнены: патрэба ў такім помніку наспела ўжо даўно, - кажа Андрэй Худык. - І вельмі рады, што ён упрыгожыць менавіта наш горад.

Тым часам, раскватараваныя ў РДК калектывы ўжо маглі ацаніць новыя магчымасці працы. Народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" ў дзень нашай камандзіроўкі рэпеціраваў свой выступ на галоўнай сцэне свята - ад імя гасцінных гаспадароў. Рэпетыцыю наведаў Андрэй Худык, дзе пацікавіўся ўражаннямі артыстаў ад свайго пераўвасобленага "дома". Зразумела, былі яны захопленыя.

- Спадзяюся на адпаведную аддачу. Хаця я і так вам шчыра ўдзячны. Самае галоўнае, каб сваім настроем вы зрабілі добрае надвор'е на свята, - зазначыў старшыня райвыканкама.

 

Якасны і смачны турпрадукт

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_36.jpg

 

У двух кроках ад РДК днямі адкрыўся Цэнтр традыцыйных народных рамёстваў. Раней падобная ўстанова існавала на перыферыі раёна, у досыць сціплых умовах. Цяпер Цэнтр - у самым цэнтры Ліды.

Ад будынку кінатэатра, створанага ў стылі савецкага неакласіцызму, засталіся хіба што сцены. Новая ўстанова запатрабавала кардынальнай перапланіроўкі. І яна рабілася менавіта пад яе канцэпцыю. Вялікая зала на першым паверсе, па словах дырэктара ЦТНР Алены Сілінай, будзе мець шматпрофільнае прызначэнне. Тут можна ладзіць і выстаўкі, і майстар-класы, і батлейкавыя спектаклі... Усё гэта дазволіць стварыць комплексны турпрадукт - якасны і, галоўнае, "смачны".

- Турысты знаёмяцца з народнымі ўмельствамі Лідчыны,/i/content/pi/cult/287/4659/pic_37.jpgпры жаданні прыкупіўшы на памяць якісьці іх узор, потым глядзяць падрыхтаваную для іх праграму, а потым узнімаюцца на другі паверх, дзе будуць усталяваны столікі кавярні з нацыянальнай кухняй, - раскрывае сцэнарную задуму Уладзімір Самсонаў.- Улетку паабедаць можна будзе і вось тут, на адкрытай тэрасе - праекціроўшчыкі гэта ўлічылі.

На тэрасе і сапраўды шыкоўна. Не выпадае сумнявацца ў тым, што такое ідэальнае спалучэнне ў "адным флаконе" аб'екта паказу і аб'екта інфраструктуры не толькі пашырыць праграму наведвання горада сярэднестатыстычным турыстам (яшчэ не так даўно яна фактычна абмяжоўвалася замкам), але і прымусіць апошняга пакінуць тут пэўную суму грошай - сабе ж у ахвоту.

 

Белы раяль і яго сваякі

Ля Цэнтра рамёстваў нядаўна стаў працаваць плазмавы экран, які дэманструе не толькі сацыяльную рэкламу, але і кадры імклівага пераўвасаблення Ліды. Чарговае яго сведчанне - акурат праз дарогу. Некалькі месяцаў таму будынак Дзіцячай школы мастацтваў уяўляў з сябе сцены без даху. А 1 верасня там ужо, як і належыць, распачаўся навучальны год.

170 вучняў пераступілі парог школы ўпершыню. Пэўна, адным з самых моцных уражанняў для малечы стаў эфектны белы раяль, які стаіць у камернай зале.

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_38.jpg

Да рамонту гэтую ўстанову было цяжка назваць ідэальнай у плане матэрыяльнага забеспячэння. Яна месцілася ў прыстасаваным будынку колішняга Дома афіцэраў, чый стан набліжаўся да аварыйнага, а вакалісты эстраднай студыі мусілі ўдасканальваць сваё майстэрства з дапамогай касетных магнітафонаў.

Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй улічыў усе патрэбы школы мастацтваў. Перапланіроўка, зноў жа, рабілася "пад канкрэтную ўстанову". Але гэта, ды і цяперашнія шыкоўныя інтэр'еры - толькі частка пераўвасаблення.

- Відавочна, што для стварэння папраўдзе сучаснай школы мастацтваў адных прыгожых сцен замала, - кажа Уладзімір Самсонаў. - І таму мы зрабілі захады, каб забяспечыць іх належнай начынкай. Раённыя ўлады нас падтрымалі.

Белы раяль займеў 22 меншых субратоў - піяніна- і яшчэ пару "далёкіх сваякоў" - сучасных сінтэзатараў. Зразумела, было набыта і нямала іншых музычных інструментаў, а ў эстрадных класах умовы цяпер набліжаны да студыі гуказапісу. І зараз дырэктар ды выкладчыкі школы могуць канстатаваць: яна ўкамплектавана на ўсе 100%.

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_39.jpgЮныя мастакі літаральна днямі пачалі "абжываць" новы будынак, дзе колісь размяшчалася агульнаадукацыйная школа. Да капітальнага рамонту ён знаходзіўся ў досыць непрыглядным стане. А яго перадача на баланс аддзела культуры дазволіла стварыць новую ўстанову- Мастацкую школу. Дзякуючы гэтай акалічнасці юныя творцы цяпер маюць удвая болей плошчаў, чым мелі раней у ДШМ.

- Малечы да нас прыйшло сёлета вельмі шмат, магчыма, нават давядзецца адкрыць яшчэ адзін падрыхтоўчы клас, - кажа дырэктар Мастацкай школы Валянціна Грышкевіч. - Пачынаць на новым месцы, вядома, складана, але... з часам мы яго як след абжывем, эстэтызуем. Сёння вось правялі суботнік, заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі... З

адум у новага дырэктара шмат. Скажам, налета ў школе плануецца адкрыць аддзяленне камп'ютарнага дызайну.

- Пра гэтую школу вы яшчэ пачуеце! - упэўнена сцвярджае Уладзімір Самсонаў.

 

Спектаклі ў натуральным атачэнні

Аздоба перліны Ліды працягваецца, але замак ужо і сёння можна ўбачыць у новым, нязвыклым ракурсе. Раней відавыя перспектывы на кастэль закрываў яшчэ адзін участак "шанхаю". Цяпер на яго месцы - возера. Ужо бліжэйшымі днямі, калі яго берагі давядуць да ладу, там можна будзе зрабіць шыкоўнае фота на фоне замка. У цэнтры горада з'явіцца яшчэ адна зона адпачынку.

- А на свята тут размесціцца наш "Горад майстроў", - дадаў Уладзімір Самсонаў.

У замку першая чарга рэстаўрацыі ўжо завершана. Там будзе адна з пляцовак "Дажынак" - сярэднявечная. З усімі звыклымі для такіх імпрэз атрыбутамі (бугурты, менестрэлі, фаер-шоу, платны ўваход...) і папраўдзе пераканаўчым спісам удзельнікаў. Непасрэдна ў кастэлі размесціцца рыцарскі стан, дзе колькі дзён будуць жыць дзве з паловай сотні заўзятараў гістарычнай рэканструкцыі.

Зрэшты, на думку начальніка аддзела культуры, турніры і тыя ўпадабаныя турыстамі анімацыйныя праграмы, якія адновяцца ў замку адразу пасля сканчэння працаў, не вычэрпваюць увесь патэнцыял гэтай пляцоўкі. З часам там з'явяцца пастаянная сцэна і амфітэатр.

- Мы адстойваем ідэю заснаваць у замку фестываль прынамсі рэспубліканскага ўзроўню, - кажа Уладзімір Самсонаў. - Напэўна, гэта найлепшы антураж, скажам, для класічнай музыкі або гістарычных спектакляў. Толькі на адных галерэях тут можна размясціць 400 гледачоў. Мы ўжо пачалі перамовы з Гродзенскім аблдрамтэатрам, прапанаваўшы ладзіць тут спектаклі пад адкрытым небам. І робім усё, каб у наступны турсезон гэтая прастора была максімальна насычана падзеямі.

 

Каравай на грузавічку

/i/content/pi/cult/287/4659/pic_40.jpgЯкія ж "Дажынкі" без хлеба? Прэрагатыва спячы галоўны каравай фэсту сёлета па праве належыць Лідскаму хлебазаводу.

- Пад час шэсця перадавікоў размесцім яго на невялічкім грузавіку,- адразу інтрыгуе яго дырэктар Лявон Кулік.

І сапраўды, іншыя спосабы транспарціроўкі гэтага шэдэўра кулінарнага мастацтва наўрад ці ўяўляюцца магчымымі. У дыяметры каравай будзе дасягаць паўтара метра, а ў вышыню - яшчэ болей!

Загадчык лабараторыі Ірына Драбняк не спяшалася раскрываць усе карты. Адно толькі паведаміла, што, паводле задумаў лідскіх пекараў, каравай будзе мець шэсць узроўняў- па колькасці абласцей рэспублікі. Прычым памеры гэтых частак павінны адлюстроўваць рэйтынг намалоту ў час сёлетняга жніва.

Асаблівасць стварэння каравая не столькі ў рэцэптуры, колькі ў тым, што яго аздабленне заўсёды адбываецца ўручную. Адпаведна, такія вырабы ніяк не могуць быць серыйнымі. І менавіта гэта прываблівае заказчыкаў. Майстрыха-каравайшчыца Аліна Шыгорына штораз выяўляе ўласную фантазію, ствараючы ўсё новыя і новыя крэмавыя карункі. Ад яе таксама перадусім залежыць і поспех самага важкага твора хлебазавода.

 

■ ■ ■

Дамок ля замка, дзе колісь жыў паэт Валянцін Таўлай, да нядаўняга часу патанаў у "шанхаі". Пасля рамонту музей мае пераўтварыцца ў цэнтр літаратурнага жыцця горада. Там створана ўтульная камерная гасцёўня - найлепшая пляцоўка для правядзення паэтычных чытанняў.

Кіруючы ў бок вакзала, бачым новы прыгожы куточак, абсаджаны кветкамі. Пасярод яго - бронзавы леў, які, падаецца, літаральна сышоў з герба Ліды. Праўда, у выкананні ўсё таго ж Уладзіміра Жбанава ён страціў сваю абумоўленую геральдыкай пагрозлівасць. А нядаўна ж на гэтым месцы быў усё той жа прыватны сектар...

Непадалёк адсюль - навюткая дзевяціпавярхоўка. Туды змясцілася ўсё насельніцтва лідскага "шанхая", атрымаўшы замест прагнілых хацін кватэры ў цэнтры з усімі выгодамі. Колькі месяцаў таму бульвар Чапаева пераўтварыўся ў суцэльную будаўнічую пляцоўку, і пераадолець гэтую адлегласць ад вакзала да цэнтра было няпроста. За гэты час змянілася не толькі яго асфальтавае пакрыццё, але і назва. Мясцовыя ўлады палічылі, што вялікі князь Гедымін знітаваны з горадам куды больш шчыльна. Адначасова на карце Ліды з'явілася і вуліца Грунвальдская.

- Лідчына заўсёды рада гасцям, а ў такое вялікае свята, як "Дажынкі", дык і ўдвая! - кажа Андрэй Худык. - І будзем старацца, каб іх уражанні ад нашага краю былі самымі лепшымі. Спадзяюся, гэтыя нашы памкненні неяк паўплываюць на надвор'е ў дзень фэсту, і яно будзе толькі падтрымліваць агульны святочны настрой.

Фота  Юрыя ІВАНОВА