У мерапрыемствах, што будуць доўжыцца да 19 верасня, бяруць удзел нашы дзеячы культуры і мастацтваў, прадстаўнікі міністэрстваў культуры дзвюх краін. Афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр культуры Павел Латушка.
Непасрэдны ўдзел у правядзенні Дзён культуры Беларусі ў Літве прымала наша дыпламатычнае прадстаўніцтва ў суседняй краіне.
Па словах прэс-аташэ Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Ганны Вярынскай, напярэдадні ўрачыстага адкрыцця святочных мерапрыемстваў дыппрадстаўніцтвам аказвалася арганізацыйная і матэрыяльная падтрымка ўдзельнікаў Дзён беларускай культуры. У прыватнасці, Пасольствам была прафінансавана транспарціроўка карцін Івана Хруцкага. Вырашаны ўсе пытанні, звязаныя з прабываннем беларускіх творчых калектываў, а гэта - каля 170 чалавек.
Як адзначыла прэс-аташэ Пасольства, павышаная ўвага і зацікаўленасць у мерапрыемствах бачна не толькі з боку дыпмісіі, але і нашай дыяспары: яна традыцыйна з вялікай цікаўнасцю рэагуе на беларускія культурныя мерапрыемствы ў Літве. У прыватнасці, сумесна з нашымі землякамі ў цэнтры Вільнюса, каля гарадской ратушы, традыцыйна адбылося ХV Свята беларускай песні.
Пасольства арганізавала рэкламу мерапрыемстваў, у выніку чаго білеты на многія з іх карыстаюцца высокім попытам. Тым больш, нельга не адзначыць і іх даступны кошт (да прыкладу, на спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы кошт білета складае 15-20 літаў - 20-25 тысяч беларускіх рублёў).
У рамках Дзён культуры ўчора адбылася сустрэча міністра культуры Паўла Латушкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літве і ФІнляндыі Уладзімірам Дражыным па пытаннях супрацоўніцтва з краінай-суседкай у сферы культуры. Кіраўнік Міністэрства наведаў Вільнюскую школу імя Ф.Скарыны, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, сустрэўся з кіраўніком Аб'яднання беларускіх арганізацый Літвы Раманам Вайніцкім, прыняў удзел у прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця выстаўкі "Іван Хруцкі ў дыялогу культур".
Адбылася таксама сустрэча з міністрам культуры Літоўскай Рэспублікі Арунасам Гелунасам, на якой абмяркоўваўся вялікі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.
Цягам Дзён культуры Беларусі ў Вільнюсе па вуліцы Арклю адкрылася мемарыяльная дошка ў гонар 170-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы адбыўся вернісаж выстаўкі "Іван Хруцкі ў дыялогу культур", а ў Палацы кангрэсаў прайшоў канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам А.Анісімава. Літоўскі нацыянальны тэатр драмы прымае на сваіх падмостках спектаклі "Пінская шляхта" В.Дуніна-Марцінкевіча і "Translаtions" Б.Фрыла Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы...
Наш кар.