Закон асабістай матывацыі замест “нарматыўнай вілкі”

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Дзякуючы ільготам, дэклараваным ва Указе Кіраўніка дзяржавы № 457 ад 03.09.10 "Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры і ўнясенні змен ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770", асобныя арганізацыі культуры змогуць весці з 2011 года больш эфектыўную эканамічную палітыку, што ў сваю чаргу стане стымулам для далейшага развіцця творчай дзейнасці прадстаўнікоў культуры. Падрабязна пра тое, што чакае некаторыя арганізацыі галіны з 1 студзеня будучага года, - у гэтым нумары газеты.

/i/content/pi/cult/287/4645/pic.jpgПрынцып "Чым горш, тым лепш" - не спрацуе

Айчынныя творцы ў чаканні 1 студзеня 2011 года - менавіта з гэтага часу ўводзіцца новы парадак прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі арганізацыям культуры. Указ Прэзідэнта № 457 накіраваны на тое, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці. Новыя меры павінны стаць таксама дадатковым штуршком для эфектыўнага развіцця нацыянальнага музычнага, харэаграфічнага, цыркавога, тэатральнага мастацтва і кінематаграфіі.

Зазначым, у пераліку ўстаноў, якія дзякуючы Указу Прэзідэнта краіны могуць разлічваць на прэферэнцыі, знаходзяцца тэатральна-відовішчныя арганізацыі, дзяржаўныя паркі культуры і адпачынку, заапаркі, дзяржаўныя арганізацыі кінематаграфіі, якія ажыццяўляюць пракат і паказ фільмаў. Пад дзеянне заканадаўчага акта таксама падпадуць дзяржаўныя арганізацыі кінематаграфіі, што займаюцца стварэннем фільмаў, у частцы іх падраздзяленняў, занятых тэатральнай дзейнасцю.

Каб высветліць, якія ж кардынальныя змены для згаданых устаноў рыхтуе пачатак наступнага года, і атрымаць кампетэнтныя каментарыі, карэспандэнты "К" звярнуліся да начальніка эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольгі Кананюк.

- Найважнейшае адрозненне новага дакумента - нарматыўнае фінансаванне, якое нясе ў сабе зусім новы прынцып субсідзіравання ўстаноў,- зазначыла наша суразмоўца.

Растлумачым гэта больш падрабязна. Як вядома, на сённяшні дзень арганізацыям культуры субсідыі выдаткоўваюцца на пагашэнне страт. Калі ўстанова правільна склала фінансавы план, выйшла па ўсіх справаздачных паказчыках на добрыя вынікі, то з бюджэту атрымлівала субсідыі... у разы меней за тых калег, хто адпрацаваў з яшчэ большай стратнасцю, чым раней. Складваецца дзіўная карціна: чым горш працуеш, тым вышэйшая сума дзяржаўнай дапамогі атрымліваецца! У такім выпадку аб стымуле да паляпшэння паказчыкаў і гаворкі быць не можа.

- З 1 студзеня кожнай з пералічаных у дакуменце ўстаноў вышэйстаячая арганізацыя будзе ўстанаўліваць колькасць мерапрыемстваў на год. Падкрэслю, нарматыў гэты дыферэнцыяваны для розных тыпаў арганізацый культуры: улічваюцца розныя фактары, сярод якіх, прыкладам, рэжым працы, спецыфіка творчай дзейнасці, наяўнасць уласнай сцэнічнай пляцоўкі. Такі падыход дазволіць дакладна вызначыць памеры і парадак выкарыстання бюджэтных субсідый. А выкананне нарматыву і, адпаведна, эфектыўная праца ў рамках выдаткаваных грошай становіцца падставай для атрымання дадатковых прэферэнцый, - растлумачыла начальнік эканамічнага ўпраўлення міністэрства.

 Зразумела, са сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў будзе працягнута фінансаванне бягучых выдаткаў. Так, у дакуменце прапісана субсідзіраванне стварэння і абнаўлення тэатральных пастановак, канцэртных праграм, цыркавых прадстаўленняў. Заканатворцы ўлічылі і гастрольную дзейнасць тэатральна-відовішчных арганізацый. Дзяржаўныя сродкі пойдуць на набыццё копій кінастужак, а таксама аўтарскіх правоў на выкарыстанне гэтых карцін. Значным пунктам стане асобнае субсідзіраванне стварэння прэм'ерных пастановак і фільмаў.

Дбайны гаспадар будзе клапаціцца не толькі аб творчым калектыве, але і аб умовах, у якіх гэты калектыў працуе. Указ Прэзідэнта № 457 таксама зацвярджае радок выдаткаў на бягучы і капітальны рамонт памяшканняў, сродкі на неабходнае абсталяванне.

- Атрымаўшы грошы на пералічаныя мэты, усе астатнія выдаткі арганізацыя культуры будзе забяспечваць са свайго прыбытку, - дадала Вольга Кананюк. - Пасля пакрыцця гэтых выдаткаў і ажыццяўлення абавязковых плацяжоў у бюджэт ва ўстановы, што добра функцыянуе, застануцца грошы, якія можна будзе накіраваць ва ўласныя фонды накаплення і спажывання. Якраз гэтай унікальнай магчымасці многія нашы ўстановы раней былі пазбаўлены.

Мінус 25? Атрымліваецца... 100

Указ Кіраўніка дзяржавы накіраваны на тое, каб паставіць на новыя рэйкі падтрымку культурна-відовішчных арганізацый і знайсці адзіны алгарытм для субсідзіравання гэтых устаноў. Да ўдзелу ў распрацоўцы такога значнага дакумента сярод іншых зацікаўленых асоб быў прыцягнуты старшыня Савета дырэктараў тэатраў Рэспублікі Беларусь Эдуард Герасімовіч. Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага ведае спецыфіку праблемы, як кажуць, знутры.

- Шчыра рады з'яўленню гэтага Указа. Аб неабходнасці нарматыўнага фінансавання арганізацый культуры, пазначаных ва Указе № 457, я і мае калегі выказваліся неаднаразова. Але каб дакумент працаваў на ўсе сто працэнтаў, неабходна прывесці да адзінага віду ўсе нарматывы, забяспечыць суаднясенне актаў заканадаўства з новым дакументам, - падкрэслі ў Эдуард Герасімовіч. - Хацелася б пазнаёміцца і з праектам пастановы аб нарматывах забеспячэння культурнай дзейнасці арганізацый культуры, які сёння рыхтуецца да разгляду ў Савеце Міністраў. Зацікаўлены ў тым з улікам мінулагодняй гісторыі, к а л і К а м і т э т дзяржаўнага кантролю пад час інспекцыі тэатраў знайшоў неадпаведнасць выдаткоўвання датацый паводле існуючай нарматыўнай базы Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, гэтая праверка і стала адной з дадатковых падстаў для распрацоўкі новага Указа Кіраўніка дзяржавы.

Эдуард Герасімовіч у свой час прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы Указа Прэзідэнта №770, у які сёння ўнесены змяненні. Па яго словах, найвялікшым заваяваннем тады сталася прыняцце пункта 4, які забяспечваў свабоду ва ўстанаўленні кошту квіткоў у рамках 75 працэнтаў ад агульнай колькасці месцаў у зале.

Меркавалася, што гэтая мера дазволіць дырэктару ўстановы імгненна вырашаць пытанні з устанаўленнем цэн на білеты. Прыкладам, спектакль ідзе пры аншлагах - дырэктар на наступны месяц закладвае новыя цэны, каб зрабіць большую касу. Калі ж з цаной перабольшылі і паказчыкі напаўняльнасці залы папаўзлі ўніз, кіраўнік "адкручвае" назад: памяншае кошт квітка. Такая практыка - натуральная для прафесійнага менед ж а р а любой краіны свету.

- А на справе атрымалася ўсё куды цяжэй, - працягвае дырэктар горкаўскай трупы.- Аказалася, што Міністэрства фінансаў, Савет Міністраў краіны выдалі свае нарматывы, якія тлумачылі, як нам на практыцы прымяняць прыняты Указ. Каб устанавіць цэны, патрабавалася не толькі зарэгістраваць іх у падатковай інспекцыі, але ўзгадніць іх з Міністэрствам культуры, напісаць тлумачальныя запіскі з абгрунтаваннем для той ці іншай сумы... Пакуль пройдзеш праз усе ўзгадненні - змарнуеш каштоўны час. У мяне быў выпадак, калі цэны білетаў на пастаноўку з удзелам Алісы Фрэйндліх, што ішоў на нашай сцэне, узгаднілі толькі за тры дні да спектакля!

Указ Прэзідэнта краіны №457 закліканы выправіць гэтую сітуацыю і вызваліць тэатральна-відовішчныя арганізацыі ад залішняй пісаніны. А пазбавіўшыся "нарматыўнай вілкі", установы культуры змогуць больш эфектыўна займацца цэнаўтварэннем, што ў сваю чаргу дапаможа палепшыць іх фінансавае становішча. Для стымулявання дзелавой атмасферы распрацоўваецца прапанова аб адмене рэгулявання дзяржавай цэн на 25 працэнтаў білетаў на мерапрыемствы тэатральнавідовішчных арганізацый.

- Нельга сказаць, што 25п р а ц э н т н ы бар'ер, які існаваў да гэтай пары, замінаў працы ўстаноў культуры, але тым не менш ён абмяжоўваў іх свабоду,- падкрэсліла Вольга Кананюк. - З прыняццем новага дакумента кожная арганізацыя зможа самастойна фарміраваць цэны цалкам на ўсю глядзельную залу. Міністэрства культуры упэўнена, што новаўвядзенне не справакуе рэзкага ўздыму цэн. Хутчэй, установы змогуць удасканаліць сістэму цэнафарміравання.

І гэта зразумела: які тэатр ці філармонія пагодзіцца са стратай большасці публікі, што адразу адбудзецца, калі на квітках загарацца дадатковыя "нулікі"! Канешне, ёсць мерапрыемствы, якія змогуць за адзін вечар "зрабіць касу" на пэўны перыяд. Але асноўная маса публікі тут складаецца са шчырых прыхільнікаў мастацтва, якія не змогуць дазволіць сабе патрапіць на канцэрт або спектакль за вялікія грошы.

- Упэўнены, нават у новых умовах тэатры захаваюць дыферэнцаваную сістэму квіткоў,- дадаў Эдуард Герасімовіч. - У нас сацыяльная накіраванасць мастацтва, мы павінны задзейнічаць насельніцтва, не падзяляючы гледача па таўшчыні кішэні. У прыватнасці я кажу пра дзіцячую аўдыторыю, якая заўтра стане патэнцыйным гледачом тэатра. Нездарма ў нас існуе інстытут дзяржаўных тэатраў. Мы можам сабе дазволіць займацца не толькі камерцыяй, але і выхаваннем, ідэалогіяй. І цана на білет адыгрывае не апошнюю ролю.

 Фондавы стымул

Асабліва "салодкім" пунктам новага дакумента стаў абзац, які вызваляе арганізацыі культуры ад абкладання падаткам на прыбытак. Такім чынам, рэфармаванне фінансавага плана становіцца значным стымулам для плённай працы, бо прыбытак можна будзе смела скарыстоўваць на ўласныя патрэбы арганізацыі.

- Сёння, у працяг Указа Кіраўніка дзяржавы, рыхтуецца праект пастановы Савета Міністраў, дзе прадугледжваецца фарміраванне фондаў накаплення і спажывання, - зазначыла Вольга Кананюк.

Плануецца, што кіраўнікі прыбытковых арганізацый не менш за 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму прыбыткаў, накіраваных на фарміраванне фондаў, будуць выдаткоўваць на стварэнне новых спектакляў, паказаў, канцэртаў, а таксама для набыцця неабходных для гэтых мэтаў абсталявання і інструментаў. Магчыма, частка сродкаў на пагашэнне арэнднай платы, правядзенне неабходнага рамонту таксама будзе брацца з фонду накаплення.

Фонд спажывання возьме на сябе пакрыццё выдаткаў сацыяльнага характару. Прыкладам, лепшага працаўніка можна будзе заахвоціць прэміяй, грошы на якую лёгка знойдуцца ў гэтай дадатковай "скарбонцы".

Але тэатры маюць пэўную спецыфіку: у іх проста не можа быць прыбытку, бо яны з'яўляюцца арганізацыямі, якія атрымалі субсідыі. Гэтыя ўстановы адрозніваюцца спецыфічнай формай кіравання фінансамі ў бюджэтнай сферы. Таму ўзнікае пытанне: з якіх сродкаў створаць вышэйназваныя фонды?

- Падкрэслю, на сённяшні дзень тэатры, у адрозненне ад некаторых устаноў, што ўвайшлі ў пералік, ужо маюць фонды накаплення і спажывання, - дадаў Эдуард Герасімовіч. - Гэта сапраўды слушнае пачынанне, якое дапамагае падтрымліваць у годным стане фінансавы падмурак установы. Магчыма, згодна з новым Указам фонды таксама будуць папаўняцца за кошт дадатковых фінансавых сродкаў, атрыманых ад рэалізацыі квіткоў.

 

Лейтматыў - адказнасць

На думку начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, тыя ўстановы культуры, якіх тычыцца Указ №457, павінны будуць ставіцца да сваёй працы больш адказна. І менавіта гэтак можна сфармуляваць лейтматыў новага прававога акта.

- Ад работнікаў культуры патрабуецца датклівае планаванне ўласнай дзейнасці і асабліва яе фінансавага вымярэння, - кажа Мікалай Пашынскі. - Кожны рубель з дзяржбюджэту будзе выдаткоўвацца на канкрэтную мэту, і за эфектыўнасць яго выкарыстання трэба будзе даць справаздачу.

Віцебск здавён лічыцца адным з найбуйнейшых цэнтраў канцэртнай дзейнасці на Беларусі. Адпаведна, тэма рэгулявання цэн на білеты там добра вядома і ўсебакова вывучана на практыцы.

- Прафесіяналы ўжо даўно пераканаліся ў тым, што цану ў дадзеным выпадку можа рэгуляваць толькі сам рынак - ці, іншымі словамі, глядацкая кан'юнктура, - перакананы начальнік упраўлення культуры. - А яна, у сваю чаргу, залежыць ад вельмі многіх фактараў, і кожны з іх не прадугледзіш на ўзроўні нарматыўных актаў.

З іншага боку, як адзначыў наш суразмоўца, установы культуры, якіх тычыцца Указ, атрымаюць новыя магчымасці для сваёй дзейнасці - адмена падатку на прыбытак павялічыць пазабюджэтныя фонды арганізацый. А гэта тыя грошы, якія ўстанова можа патраціць паводле ўласнай патрэбы.

- Не раз узнікала такая банальная праблема, - кажа Мікалай Пашынскі. - Праходзіць конкурс або фестываль, і яго ініцыятары хочуць купіць для пераможцаў добрыя прызы. За бюджэтныя сродкі гэта зрабіць немагчыма - такіх выдаткаў не прадугледжана. А вось за тыя грошы, якія ты зарабіў самастойна, - калі ласка!

На думку Мікалая Пашынскага, стварэнне фондаў накаплення і спажывання павінна стымуляваць як установы культуры, так і канкрэтных іх супрацоўнікаў болей разлічваць на ўласныя сілы пры вырашэнні найважнейшых задач - ад мадэрнізацыі матэрыяльнай базы і да павышэння ўласнага дабрабыту.

 

Не дапамога, а прэферэнцыі

Указ Прэзідэнта краіны распаўсюджваецца адно на некаторыя віды ўстаноў культуры. Але ж гэты дакумент выклікаў розгалас не толькі ў іх сценах.

На думку дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргея Вечара, адмена рэгулявання цэн на білеты ў музеі можа мець выключна станоўчыя вынікі:

- Прыходзячы да нас, людзі дзівяцца: чаму дзіцячы білет у Нацыянальны музей каштуе танней за марожанае? А паводле заканадаўства, павышаць цану на яго мы можам толькі вельмі паступова. Думаецца, прафесіяналы ў гэтай сферы самі здатныя вызначыць цэны, якія б, з аднаго боку, адпавядалі эканамічным інтарэсам установы, а з іншага - не адштурхоўвалі наведвальніка. За лета мы правялі колькі ўдалых камерцыйных выставак, і іх поспех адчуў кожны супрацоўнік, зірнуўшы ў свой разліковы, - кажа ён. - І вельмі важна, што Указ Кіраўніка дзяржавы стварае новыя фінансавыя магчымасці для стымулявання самых руплівых і ініцыятыўных работнікаў, рэалізацыі смелых задумаў. Шкада толькі, што нас ён не тычыцца.

Адмена падатку на сродкі, атрыманыя за кошт платных паслуг, - светлая мара ўсіх работнікаў культуры з рэгіёнаў.

- Мы ўжо падлічылі, што гэта дазволіла б нам набываць па тры камплекты сучаснай аўдыёапаратуры ў год, - кажа начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава. - І, такім чынам, спакваля мадэрнізаваць матэрыяльную базу клубных устаноў сваімі высілкамі, не спадзеючыся толькі на дапамогу з мясцовых бюджэтаў. Бо, на жаль, сёння ўмовы ў некаторых установах культуры раёна не зусім адпавядаюць высокім патрабаванням наведвальнікаў.

У сваю чаргу, менавіта апошні фактар многія работнікі культуры лічаць ці не найважнейшай перашкодай для выканання плана платных паслуг. Намякаючы на тое, што атрымліваецца зачараванае кола: няма сродкаў на добрую тэхніку - няма і добрай выручкі ад дыскатэк і канцэртаў.

- Патрабаваць ад чалавека грошы за танцы пад касетны магнітафон сёння ўжо немагчыма, - перакананы Мікалай Пашынскі. - Наведвальнік заўсёды прыдзірліва пытае: а за што ж я плачу? Разумеючы новыя эканамічныя ўмовы, многія дырэктары клубных устаноў ужо не спадзяюцца выключна на прамую дапамогу ў вырашэнні сваіх праблем. Аднак просяць толькі аб пэўных заканадаўчых прэферэнцыях, якія б надалі сілу знакамітай бізнес-формуле: "зарабіў і ўклаў, каб зарабляць яшчэ болей".

 

* * *

 

Цяжка ўсумніцца ў тым, што новы Указ адпавядае агульнай тэндэнцыі па лібералізацыі беларускай эканомікі. У значнай меры, гэты нарматыўны акт развяжа рукі тым установам, якіх ён тычыцца, забяспечыўшы фінансавым грунтам многія крэатыўныя ініцыятывы. Захаваўшы, пры гэтым, дзяржаўную падтрымку для сацыяльна значных праектаў - адно што, зрабіўшы яе больш адраснай. Але, разам з тым, ён прымушае згадаць і вядомую ісціну: "свабода - гэта адказнасць". Увядзенне нарматываў дзейнасці арганізацый культуры пазбавіць іх персанал ад шкоднай думкі, што нехта можа атрымліваць грошы з бюджэту толькі за сам факт свайго існавання.

Настасся ПАНКРАТАВА, Ілля СВІРЫН