На ХІV Міжнародным фестывалі лялек у сербскім горадзе Субоціца тэатр заваяваў адразу тры дыпломы за добра знаны ўжо гродзенскі спектакль “Трагедыя аб Макбеце” У.Шэкспіра (рэжысёр — Алег Жугжда). Іх атрымалі вядучыя майстры сцэны Ларыса Мікуліч і Іван Добрук за лепшыя жаночую і мужчынскую ролі і галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда — за лепшую сцэнаграфію.
Наступнай “кропкай” стаўся літоўскі горад Каўнас, дзе на традыцыйным фестывалі лялечных тэатраў “Смяюцца лялькі і дзеці” гродзенцы паказалі свой прэм’ерны спектакль “Чароўны пярсцёнак” Б.Шаргіна (рэжысёр — Алег Жугжда, сцэнаграфія Валерыя Рачкоўскага). А потым быў Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы “Ажыўшая казка” ў Маскве, на якім мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк атрымала прыз фестывалю “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры” за спектакль “Кошчын дом” паводле С.Маршака. І яшчэ адно запрашэнне — выступіць на сцэне тэатра лялек у г. Беластоку (Польшча) са спектаклямі “Паэма без слоў” па драматычнай паэме Я.Купалы “Сон на кургане” і “Прыгажуня і Пачвара” А.Жугжды (рэжысёр — Алег Жугжда, сцэнаграфія Ларысы Мікінай-Прабадзяк).
Ды і “хатняе” жыццё тэатра вельмі насычанае. Разнастайны рэпертуар, новыя спектаклі заўсёды інтрыгуюць прыхільнікаў гродзенскіх лялечнікаў. Цяжка прыгадаць, калі ў тэатры не было аншлага. Вось нядаўна на свет з’явіўся прэм’ерны спектакль “Гатэль 10 зорак”. Прыдумалі яго рэжысёр Іван Добрук і мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк (музычнае афармленне — В.Лявонава). Гэта яскравае, музычнае шоу з лялькамі для гледачоў як дзіцячага, так і дарослага ўзростаў. Першымі ў тэатр трапілі дзеці, што адпачываюць у прышкольных лагерах. І ўжо ёсць у спектакля ацэнка гледачоў — воклічы “Брава!”. А хутка акцёры са спектаклем адправяцца ў аздараўленчыя лагеры і санаторыі. Тэатр лялек не пакіне сваіх маленькіх гледачоў нават летам і зробіць так, каб іх адпачынак быў больш насычаны і цікавы.
Марына ДАНІЛЬЧЫК
Гродна