У Полацку і Захарнічах

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Калекцыя твораў Івана Хруцкага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея краіны гэтымі днямі рыхтуецца да адпраўкі ў Вільнюс.

/i/content/pi/cult/286/4632/14-8.jpg

Цягам жа летніх месяцаў экспазіцыю прымалі ў Культурнай сталіцы Беларусі-2010 - Полацку, у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Выстаўка была прымеркавана да 200-годдзя славутага жывапісца.

 4 - 5 верасня ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная юбілею І.Ф. Хруцкага, у якой прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, навукоўцы з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўнага Рускага музея, Канстанцінаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Жыццё і творчасць Хруцкага неадрыўныя ад Полацка. Першапачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у тамтэйшым Піярскім вучылішчы, а ў 1844 годзе, вярнуўшыся з Пецярбурга на радзіму, набыў маёнтак Захарнічы каля слыннага горада, дзе застаўся жыць са сваёй сям'ёй і працаваў галоўным чынам як партрэтыст.

Больш за 40 гадоў мастак пражыў у Захарнічах і пахаваны там на сямейных могілках; побач з ім - яго брат, мастак Андрэй Фаміч Хруцкі, і праўнучка Ядвіга Мацяеўская (1916 - 1997 гг.), якая працягвала творчую дынастыю Хруцкіх.

Ядвіга Аляксандраўна жыла ў Кіеве, шмат вандравала па розных кутках Савецкага Саюза, пісала лірычныя, пранікнёныя краявіды, напоўненыя радасным настроем, сонечным святлом і прасторай, - у іх увасоблены дух часу. На пачатку 1990-х Мацяеўская нека/i/content/pi/cult/286/4632/14-3.jpgлькі разоў прыязджала ў Полацк, з дапамогай мясцовых краязнаўцаў адшукала магілу прадзеда, склала "радаводнае дрэва" нашчадкаў Хруцкага. Згодна з духоўным запаветам мастачкі, больш як 700 яе работ былі перададзены Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку.

Сярод іх знаходзіўся партрэт А.Міцкевіча - копія таго самага партрэта А.Міцкевіча, напісанага Хруцкім у 1850-я, які ў 1949 годзе быў перададзены ёй Дзяржаўнаму літаратурнаму музею ў Санкт-Пецярбургу. Чыйму ж пэндзлю належыць партрэт А.Міцкевіча з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка? На гэтае пытанне яшчэ павінны даць адказ навукоўцы і даследчыкі. Спектральны аналіз фарбаў, праведзены ў Акадэміі навук, пацвердзіў, што напісаны ён быў менавіта ў 50-я гады ХІХ стагоддзя.

 

Таццяна МЯЛЬЯНЦАВА, старшы навуковы супрацоўнік Мастацкай галерэі НПГКМЗ На здымках: від на Захарнічы (пачатак ХХ ст.); І.Хруцкі. "У пакоях сядзібы мастака. Дзеці перад мальбертам".