Блукаючы рамантык Валенцій Ваньковіч

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

“Быў мастаком высокіх здольнасцей…”

/i/content/pi/cult/286/4630/15-1'.jpg

 Заўтра, 12 верасня, у рамках святкавання ў Мінску Дня горада, на тэрыторыі музея "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ ст." - філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь - адбудзецца адкрыццё манументальнай скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай выдатнаму беларускаму мастаку-рамантыку Валенцію Ваньковічу. Аўтары - скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, архітэктар Юрый Казакоў. Праца над творам ішла больш за 10 гадоў. І нарэшце, у гонар 210-годдзя з дня нараджэння мастака, у сталіцы з'явіўся яшчэ адзін цудоўны вобраз нашага славутага земляка. Скульптурная кампазіцыя "Раніца мастака", якая адлюстроўвае маладога Валенція Мельхіёравіча Ваньковіча ў часы яго найвышэйшага творчага ўзлёту, з'явілася дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і прыватнай арганізацыі. У сённяшнім нумары прапануем першую частку нарыса пра жыццё і лёс выдатнага жывапісца ў рубрыцы "Вяртанне імёнаў".

Валенцій Ваньковіч - знакавая фігура ў беларускай культуры. Але і сёння яго імя вядома больш спецыялістам і мастацтвазнаўцам, чым шырокай культурнай грамадскасці, хаця вось ужо 10 гадоў у Мінску, на вуліцы Інтэрнацыянальнай працуе музей "Дом Ваньковічаў".

У былыя часы імя гэтае шмат казала не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ва ўсёй Еўропе. Ваньковіча цанілі А.Міцкевіч, Т.Зан, Э.Ромер і Ю.Корсак, К.Ліпіньскі і А.Гарэцкі, І.Аляшкевіч і А.Арлоўскі, яго ведалі А.Пушкін і П.Вяземскі, шмат іншых бліскучых прадстаўнікоў славянскай культуры таго часу. Сярод яго прыхільнікаў былі пісьменнікі і паэты, музыканты і філосафы, прадстаўнікі дваранскай эліты, студэнты і простыя сяляне з Калюжыц і Смілавіч.

Падрабязна пераказваць жыццёвы шлях Ваньковіча, яго перыпетыі, бессэнсоўна: у такім выпадку трэба пісаць раман з серыі "Жыццё выдатных людзей", хаця "белых плям" у біяграфіі мастака, асабліва гэта датычыцца "парыжскага" перыяду, яшчэ шмат. Калі ж сцісла ахарактарызаваць Валенція Ваньковіча як чалавека, дык ён (на маю думку) быў цудоўным рамантыкам, душэўна шчодрай і вельмі камунікабельнай асобай, магчыма, трошкі амбіцыйным, а ў апошнія гады жыцця - глыбока журботным і змучаным ад усялякіх хвароб. Пайшоў з гэтага свету ён у 42 гады...

 У Цютчава ёсць радкі пра тое, што "мы плывём, пылающей бездной со всех сторон окружены". Гэтыя словы падыходзяць да характарыстыкі асобы Ваньковіча. Ён сапраўды ўсё сваё жыццё плыў над "палаючай безданню" - калі жыў у Беларусі і Пецярбургу, калі валэндаўся па германскіх гарадах і калі сустрэў "чорную пані з касой" у доме Міцкевічаў у Парыжы...

Сваім лёсам ён чымсьці мне нагадвае Гейнэ: амаль равеснік, такі ж "кароль рамантызму", толькі ў жывапісе; такі ж летуценнік, таксама прыехаў у Парыж (толькі на 8 гадоў пазней за Гейнэ), дзе вёў супярэчлівае жыццё, застаючыся пры гэтым эстэтам, які быў надзелены сапраўды арыстакратычнай грэблівасцю да ўсяго грубага. І хвароба, як у Гейнэ, выпала на яго долю жахлівая: у Гейнэ - паралюш і слепата, у Ваньковіча - душэўная папалам з сухотамі. Пахаваныя яны таксама на адных могілках - на Манмартры. Толькі нямецкі паэт усё ж пражыў на 16 гадоў больш за нашага беларускага рамантыка.../i/content/pi/cult/286/4630/15-3.jpg

Ваньковіч, акрамя ўсяго іншага, валодаў яшчэ і здольнасцю адметна мысліць, а гэтая рыса, як сведчыць гісторыя, уласцівая далёка не ўсім мастакам. Можа, таму, ахоплены сумненнямі і нейкай бояззю перад будучыняй і прадбачачы яе (а лепшы з прадказальнікаў - гэта, паводле Байрана, мінулае), Ваньковіч не стаў ні філаматам, ні ўдзельнікам рэвалюцыйных падзей на Беларусі пачатку 1830-х гадоў, як многія яго блізкія сябры.

Думаю, што мелася ў яго "адно, але палымянае захапленне" - аддавацца цалкам мастацтву. А для гэтага яму патрэбна было выехаць у Еўропу - далей ад свайго часу, ад падманут ы х надзей, бо "бясконцасць жаданняў прыводзіць усяго толькі да расчараванняў". А гэтыя расчараванні прывялі ў рэшце рэшт да хваробы, з якой мастак мужна змагаўся да апошніх імгненняў жыцця. Без сумнення, ён валодаў уражлівай, пяшчотнай і лёгка ранімай душой. Яна "дала трэшчыну" ў самым канцы 1830-х, калі побач з ім ужо не засталося колішніх верных сяброў, а духоўнае жыццё радзімы аказалася пад жорсткім імперскім прыгнётам. Ніякай сапраўднай рэвалюцыйнасці ў Ваньковіча, канешне, не было. Былі толькі агульнае непрыняцце рэальнасці ды нейкія патаемныя арыенціры на новыя грамадскія нормы. А яшчэ нязносна ціснулі вечныя даўгі, якія, дарэчы, і засталіся пасля яго смерці. Гэта значыць, мастацтва не вызваліла яго ад знешніх і ўнутраных праблем. У сілу ўсіх гэтых прычын Ваньковіч пастаянна быў, асабліва ў апошні перыяд жыцця, агорнуты тугой, байранаўскай "сусветнай журбой". Мабыць, адзіным чалавека, хто разумеў яго, быў Адам Міцкевіч, сябра да магілы, ну яшчэ - Анджэй Тавяньскі, які, як кажуць, адыграў негатыўную ролю ў жыцці мастака, далучыўшы яго да нейкіх містычных ідэй створанай ім самім рэлігійнай секты, дзе наваяўлены "месія" лічыў сябе "рэалізатарам слова Боскага на зямлі". Але тут, на мой погляд, больш перабольшванняў. Проста яны былі блізкімі сябрамі, дарэчы, далёкімі сваякамі, у іх было шмат агульнага, у тым ліку ў адносінах да асобы Напалеона Банапарта. Урэшце, тут нічога дзіўнага няма. Постаць французскага імператара і пры яго жыцці, і пасля смерці натхняла многіх інтэлектуалаў Еўропы: узгадаем Стэндаля, Бальзака... У гэтым шэрагу і наш Ваньковіч. Але ў Валенція, у адрозненне ад ягоных сучаснікаў, на ўсё жыццё засталіся жывыя дзіцячыя ўспаміны аб прабыванні французскіх салдат корпуса маршала Луі Нікала Даву ў Мінску ў ліпені 1812 года. Гэта здарылася незадоўга да ад'езда хлопчыка на вучобу ў Полацкую езуіцкую акадэмію, у якую 10 чэрвеня 1812 года быў рэарганізаваны езуіцкі калегіум. Дарэчы, у многіх крыніцах дагэтуль сведчыцца: Ваньковіч паступіў у калегіум. Але даты, як бачым, сведчаць аб ад/i/content/pi/cult/286/4630/15-2.jpgваротным.

Калі Напалеон уступіў на тэрыторыю Беларусі, сям'я Ваньковічаў знаходзілася ў Мінску. Усе "айцы горада" (большасць з якіх - сябры дома) - іхні сваяк маршалак Ігнацій Манюшка, галоўны суддзя Людзвіг Каменьскі, князь Пузыка, увесь губернатарскі штаб сустракалі з кветкамі і музыкай, хлебам ды соллю на Ракаўскім тракце французаў.

І 12-гадовы Валенцій, магчыма, бачыў усё гэта. Бачыў, як фарміраваўся пяхотны полк ліцвінаў, як І.Манюшка за свой кошт набраў баявы конна-егерскі полк. Мабыць, хлопчык чуў і прамову Даву да насельніцтва Мінска. У прыватнасці маршал прамаўляў пра аднаўленне ВКЛ, якое абяцаў Напалеон... Што здарылася потым - вядома. Толькі ў Мінску ў канцы 1812 года насельніцтва скарацілася з 11 тысяч чалавек да трох з паловай тысяч. У гэты час сям'я Ваньковічаў жыла ў сваім маёнтку ў Вялікай Сляпянцы пад Мінскам.

Так ці інакш, але дух Напалеона суправаджаў мастака ўсё жыццё, свайму куміру ён прысвяціў цэлую серыю палотнаў, у тым ліку "Напалеон ля вогнішча", "Напалеон над картай Еўропы", "Апафеоз Напалеона", "Напалеон на востраве Святой Алены". Заўважу, што другіх кампазіцыйных карцін (акрамя палотнаў "Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе", "Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг" і некалькіх работ на рэлігійную тэматыку) у спадчыне мастака няма, хаця, па вялікім рахунку, і кампазіцыі былі больш партрэтнага характару.

Партрэты - гэта яго любоў, яго сардэчная прыхільнасць, яго, так бы мовіць, нагаворнае зелле... Менавіта "чыстымі" партрэтамі Ваньковіч увайшоў у гісторыю еўрапейскага жывапісу, хаця ў яго спадчыне ёсць шмат жывапісных мініяцюр, літаграфій і бліскучых малюнкаў. Аднак, так здарылася, што вялікая і разнастайная спадчына мастака аказалася па волі лёсу ў розных краінах Еўропы. Некаторыя творы Ваньковіча згінулі назаўсёды ў навальніцах часу, іншыя захоўваюцца ў музеях Варшавы, Кракава, Санкт-Пецярбурга і Вільнюса. Толькі на яго радзіме, у Беларусі, - няма ніводнага.

 ...Да Ваньковіча мяне далучыла Ірына Паншына, якая, як і я, была выхаванкай мастацтвазнаўчага аддзялення Ленінградскага ўніверсітэта, а потым усё жыццё, да выхаду на пенсію, працавала ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі. Яна, мабыць, першая ў Беларусі падрабязна распавяла пра жыццё і творчасць Ваньковіча, сталася Ірына Мікалаеўна адным з арганізатараў экспазіцыі музея "Дом Ваньковічаў". Да гэтага часу пра мастака пісаў яшчэ Леанід Дробаў у сваёй кнізе "Жывапіс Беларусі ХІХ - пачатку ХХ стст."

Сёння, па магчымасці даследаваўшы многае, што тычыцца Ваньковіча, у мяне выпрацаваўся свой уласны погляд на яго лёс. Калі казаць сцісла, дык Ваньковіч для мяне - гэта духоўны брат Пушкіна і Лермантава, Шэлі і Байрана, Наваліса і Славацкага і, канешне ж, Міцкевіча. Словам, рамантык без усялякіх пытанняў, як, скажам, французы Жэрыко і Дэлакруа. І адначасова - з тугой блукаючы па свеце пад маскамі Анегіна, Пячорына, Чацкага альбо Чайльд-Гарольда.

Мабыць, з пачуццём поўнага душэўнага дыскамфорту і панурага расчаравання ён летам 1839 года пакінуў Радзіму ў пошуках творчага шчасця (а не чыноў!) на чужыне, дзе, не адшукаўшы, у росквіце сіл знайшоў свой апошні прыстанак.../i/content/pi/cult/286/4630/15-4.jpg

Нішто ж не прадвяшчала такога драматычнага канца для жыццялюбнага мастака, чыё дзяцінства і юнацтва прайшло, як цяпер кажуць, у "цяплічных" умовах. Яго бацькі былі далёка не беднымі дваранамі: тата, Мельхіёр Ваньковіч, - патомны павятовы суддзя, маці - Схаластыка са старадаўняга роду Гарэцкіх, родная сястра Антона Гарэцкага, паэта, удзельніка напалеонаўскіх паходаў і драматычнага для беларусаў паўстання пачатку 1830-х гадоў. А нарадзіўся будучы мастак у маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета Мінскай губерні. Побач- рака Уша, недалёка - Смілавічы і Шыпяны, якія належалі роду Манюшкаў. А той дом, у Мінску, дзе сёння музей (былая вуліца Валоская), належаў дзядзьку Валенція.

Праз пяць гадоў пасля нараджэння сына Ваньковічы перабраліся ў Мінск, дзе бацька меў аж дзве сядзібы - у Вялікай і Малой Сляпянцы, пазней, па завяшчанні бацькі, яны адышлі Валенцію, а Калюжыцы - другому сыну Каралю...

(Заканчэнне будзе.)

На здымках: пад час устаноўкі мемарыяльнай кампазіцыі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"