Сустрэчы Аляксандра Вярцінскага

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

… Я ўзяўся за пяро 30 мая, бо менавіта ў гэты дзень 55 гадоў таму прыехаў у нашу сталіцу, а на наступны дзень напісаў ліст да родных Саша — Аляксандр Вярцінскі. У цягніку вялікі артыст даведаўся з “Мінскай газеты”, што “ў Оперы ў іх танцуе Уланава “Лебядзінае возера”. І далей ён піша: “Я ніколі яе не бачыў і рашыў пераадолець сваю ляноту і пайсці”. Аляксандр Вярцінскі шчыра прызнаўся: “Я нічога падобнага не бачыў у жыцці! Божа, якіх вяршынь і вышынь можа дасягнуць чалавецтва. Гэта сапраўды дух Божы!” Вось так 55 гадоў таму сустрэліся ў нашай сталіцы дзве Постаці. Спецыяльна для чытачоў “К” я вырашыў зрабіць пераклад успамінаў А.Вярцінскага, каб яны прыгадалі і яшчэ адну вялікую Асобу — Чарлі Чапліна.

Абед з Чапліным

 /i/content/pi/cult/121/463/Vertinsky.jpg
 Аляксандр Вярцінскі ў Парыжы. 1930-ыя гг. 
Калі ў Парыж прыехаў Чарлі Чаплін, лэдзі Дэтэрдзінг, руская па паходжанні, вырашыла зладзіць яму прыём у апартаментах гатэля “Крыйон” на Вандомскай плошчы.
Жадаючы паказаць яму рускіх артыстаў, яна запрасіла на абед тых, хто быў у Парыжы ў той час. Мяне і Ліфара яна пасадзіла побач з Чапліным.
За абедам мы разгаварыліся з ім і нават паспелі пасябраваць. Амерыканцы сходзяцца вельмі хутка за дрынкам.
Пасля абеда пачаліся нашы выступленні. Ліфар танчыў, я спяваў, Жан Гулеска граў “Дзве гітары”, Насця Палякова спявала старыя цыганскія песні і “чарачкі” гасцям. Чаплін быў у замілаванні. Калі сталі піць шампанскае, метрдатэль “Крыйона” мсье Альбер падаў свае знакамітыя напалеонаўскія фужэры старога венецыянскага шкла з каронамі і напалеонаўскім “N” — сервіз, якім ганарыўся гатэль “Крыйон”, асабісты сервіз імператара, што застаўся яшчэ з тае пары, калі Напалеон прыпыняўся ў гэтым гатэлі.
Цыганы заспявалі “чарачкі”. Першую яны паднеслі Чапліну. Чаплін выпіў бакал дарэшты і, да майго жаху, разбіў яго аб падлогу.
Усе маўчалі. Праз некалькі хвілін ён выпіў другі бакал і таксама разбіў. Метрдатэля пераварочвала. Альбер зрабіў жаласныя вочы і падышоў да мяне. На вачах яго былі слёзы.
— Мсье Вярцінскі, — шэптам сказаў ён, — дзеля Бога, скажыце гэтаму “парвеню”, каб ён не біў бакалаў. Мала таго, што мы паставілі лэдзі Дэтэрдзінг у рахунак па 15 тысяч франкаў за кожны фужэр. Гэта сервіз гістарычны. Замяніць Яго няма чым.
Я пачакаў, пакуль Чаплін налье віна, і калі, асушыўшы бакал, ён збіраўся кокнуць яго аб падлогу, я ўтрымаў яго руку.
— Чарлі, — спытаў я, — навошта вы б’яце бакалы?
Ён страшэнна сумеўся.
— Мне сказалі, што гэта руская звычка — кожны бакал разбіваць, — адказаў ён.
— Калі яна і “руская”, — сказаў я, — дык, ва ўсялякім выпадку, дрэнная звычка. І ў грамадстве яна не прынята. Тым болей, што гэта напалеонаўскі сервіз, і другога няма нават у музеях.
Ён вінаваціўся і гараваў, як дзіця, і болей посуд не біў.

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы