Трэндавасць камунікацый

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Актуальная візуальная прастора для гісторыі і сучаснасці

/i/content/pi/cult/286/4627/7-4.jpg/i/content/pi/cult/286/4627/7-3.jpg

Сёння завяршаецца VІ Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і праграм "Magnificat-2010", які з 7 верасня праходзіў у Глыбоцкім раёне і Мінску. Дзясяткі кінематаграфістаў, прадстаўнікоў духавенства, прыхільнікаў кіно з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Італіі, Харватыі ды іншых краін сабраліся, каб зладзіць культурны дыялог сродкамі экраннага мастацтва. Як і ў папярэднія гады, дэвізам форуму стала лацінскае "Ut unum sint" - "Каб усе былі адно".

 Сёлета "Magnificat" пачынаўся непасрэдна ў сталіцы, а першым яго мерапрыемствам стала ўрачыстая святая імша ў архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. Побач з крыжам, які стаіць на ўваходзе ў гэты храм, і адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця свята. Пасля ўдзельнікі і госці перамясціліся ў касцёл Святых Сымона і Алены- Чырвоны касцёл, - дзе распачаліся конкурсныя паказы.

Забаўляльны кінематограф дамінуе на экранах, але забывацца на тое, што мастацтва і, найперш, яго экранная тэрыторыя - прастора духоўная, не варта. Аб гэтым падчас прывітальных слоў казалі пробашч Чырвонага касцёла, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і нязменны старшыня фестывалю, рэжысёр-дакументаліст Юрый Гарулёў. Дарэчы, сімвалічна, што праз столькі гадоў стужкі паказалі ў тым будынку, дзе некалі месціўся Рэспубліканскі Дом кіно. Зрэшты, нічога дзіўнага тут няма: кіно з'яўляецца ці не самым уплывовым сродкам камунікацыі. Яшчэ на ІІ Ватыканскім саборы быў прыняты дэкрэт "Inter mirifica" пра сродкі сацыяльнай камунікацыі, дзе асабліва падкрэслівалася, які вялікі ўплыў маюць яны на свядомасць сучаснага чалавека.

Таму духоўна/i/content/pi/cult/286/4627/7-5.jpg і інфармацыйна насычаныя, пазнаваўчыя стужкі былі прызначаны не вузкаму колу асобаў, а самаму шырокаму гледачу. Большая частка фільмаў "Magnificat-2010" адмыслова створаны для паказу па тэлебачанні- гэта прыкмета нашага часу. Але сённяшні ўзровень тэлевытворчасці мае настолькі высокую мастацкую планку, што адмыслова зробленыя для малога экрана праграмы вельмі годна выглядалі на фестывалі вялікага кіно.

Ухіл - гісторыя 

Гэтым разам увазе аўдыторыі форуму было прадстаўлена 40 дакументальных, анімацыйных стужак і тэлепраграм з 15 краін свету, у тым ліку такіх геаграфічна далёкіх, як Індыя, Канада ды Аўстралія. Аднак адлегласць у наш час- катэгорыя вельмі ўмоўная. З пунктаў жа гледжання ідэйнага і мастацкага ўсе стужкі і праграмы ўспрымаліся беларускімі гледачамі як нешта блізкае і вельмі актуальнае.

Адкрываўся "Magnificat-2010" стужкай Валерыі Скварцовай "Храмавае кола Браслаўскага Паазер'я", створанай на "Белвідэацэнтры". Натхнёны аповед пра каталіцкія і праваслаўныя святыні слыннага краю стаў добрым пачаткам для ўсяго фестывалю. І самыя ўражальныя кадры стужкі, знятыя з вышыні птушынага палёту, сімвалічна яшчэ раз засведчылі пра глыбока хрысціянскія, мультыканфесіянальныя карані нашай Бацькаўшчыны. Такой самай стала і конкурсная праграма фестывалю, у якой стужкі з героямі-каталікамі суседнічалі са стужкамі аб верніках праваслаўных.

Беларусь, як тое належыць краіне-гаспадыні, была шырока прадстаўлена на свяце духоўнага кіно. Сярод айчынных твораў на фестывалі дэманстраваліся, напрыклад, стужкі студыі Св. Іаана Воіна пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску, пра творцаў якой «Культура» пісала ў гэтым годзе. Студыя прадставіла фестывальнаму гледачу сваю самую вядомую карціну "Галоўная роля" Віталя Любецкага, а таксама стужку "Лямпа не гасне" Максіма Міхальцова. Аб галоўнай праваслаўнай святыні Беларусі апавядала тэлевізійная стужка "Ікона з Жыровічаў. Цудатворнае аблічча", створаная Уладзімірам Бокунам па замове канала АНТ. Відэастудыя Чырвонага касцёла і кінарэжысёр Уладзімір Арлоў прадставілі экранны аповед аб паломніцтве ў Будслаў...

Зразумела, што самую шырокую праграму стужак на "Magnificat-2010" з л/i/content/pi/cult/286/4627/7-6.jpgіку нашых вытворцаў прапанаваў "Беларусьфільм". Тэматыка стужак - самая шырокая: ад адраджэння старажытнага Лаўрышава ў аднайменнай карціне Ірыны Волах, духоўнага жыцця запаведнага Белавежжа ў рабоце Вольгі Дашук да ўнікальнага нават па міжнародных мерках мультыплікацыйнага цыкла Ірыны Кадзюковай "Калядныя гісторыі". Праца над ім працягвалася амаль дзесяцігоддзе. Трэба адзначыць, што розныя па тэматыцы і праблематыцы стужкі айчынных творцаў адрозніваліся высокай візуальнай культурай і карысталіся павышанай увагай замежных гасцей фестывалю.

Сярод усяго тэматычнага спектра прадстаўленых у гэтым годзе на "Magnificat" стужак трэба вылучыць гістарычныя аповеды і даследаванні. Ужо ў першы дзень фестывалю была паказана канадская карціна "Рука міру", дзе апавядалася аб асобе Папы Пія ХІІ і яго ролі ў супраціўленні нацыстам падчас Другой сусветнай вайны.

Сапраўдным адкрыццём для айчыннага гледача сталі звесткі пра асобу святара Фёдарава, экзарха расійскіх грэка-каталікоў, асуджанага ў часы рэпрэсій. Усе яны агучаны ў творы "Паміж святлом і цемрай" пастаяннага ўдзельніка і лаўрэата беларускага фестывалю Аляксандра Купрына з Расіі. Тысячагадовая гісторыя хрысціянізацыі нашых паўночных суседзяў адлюстравана ў стужцы Далюса Раманаўскаса "Міленіум евангельскага паслання на Літве".

Асобным пунктам, хоць і не вылучаным у праграме, стала стужка італьянскага рэжысёра Стэфана Рыцэлі "Ён ахвяраваў свой дух дзеля людзей - смерць Пантыфіка", прысвечаная апошнім гадзінам жыцця Папы Яна Паўла ІІ. Гэты эмацыйны відэааповед стаў сапраўдным візуальным дакументам, што сведчыць пра неверагодную мужнасць і /i/content/pi/cult/286/4627/7-7.jpg/i/content/pi/cult/286/4627/7-8.jpgадказнасць асобы.

 Сярод прадстаўленых на фестывалі ў Мінску і Глыбоцкім раёне стужак былі і такія, што закраналі самыя злабадзённыя і, здавалася б, зямныя пытанні. Гаворка аб польскай карціне Пшэмэка Млынарчыка "Хлопец маёй сяброўкі"(сведчанне таго, што касцёл не баіцца звяртацца да сучаснай маладзёжнай субкультуры) або харвацкай стужцы "Няма жанчыны- няма слёз" Марыі Маргарыты Клабучар. У ёй падлеткі разважаюць пра такую з'яву, як цалібат.

Такім чынам, рэжысёры з розных краін даказваюць: сучаснае кіно, у якім падымаюцца пытанні духоўнага ўзроўню грамадства, можа выглядаць цалкам актуальным і цікавым нават для ўзгадаванага ў рэчышчы масавай культуры гледача.

Камунікацыя для ўсіх

 Сярод мноства кінафестываляў, якія існуюць у свеце, "Magnificat" вылучаецца непаўторнай атмасферай адзінства - камерная абстаноўка форуму натхняе на шматлікія абмеркаванні ўбачанага. Значным бачыцца і той факт, што фестываль арганічна "ўключаны" ў культурны ландшафт мясцін, дзе звычайна адбываецца. Для Беларусі такое мерапрыемства з'яўляецца ўнікальным, бо злучае прадстаўнікоў мастацтва і духавенства, якія маюць магчымасць цягам пяці дзён знаходзіцца ў агульнай камунікацыйнай прасторы.

Як пісала "Культура" летась, "Magnificat" паступова становіцца адным з культурных брэндаў Глыбоччыны. Трэба сказаць, што адбываецца гэта, у тым ліку, дзякуючы высілкам раённага выканаўчага камітэта і мясцовага аддзела культуры, якія добра ўсведамляюць важнасць такога мерапрыемства для станоўчага вобраза сваёй зямлі ў Беларусі і за яе межамі.

 Калі газета падпісвалася ў друк, прызёры і лаўрэаты фестывалю "Magnificat-2010" былі яшчэ невядомыя. Пра іх мы паведамім у наступным нумары. А пакуль можна ўпэўнена заявіць аб тым, што каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно на Беларусі паспяхова развіваецца, цалкам адпавядаючы свайму дэвізу.