Пік дыскусій на восі Верхняга горада

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

“Бутэрброд” ад вібрацый для Дзіцячай філармоніі

/i/content/pi/cult/286/4624/4-1.jpg

Некалькі апошніх пакаленняў мінчан памятаюць той лапік у Верхнім горадзе як пустку, поўнасцю пазбаўленую архітэктурнай семантыкі і практычнай функцыі. Такім гэтае месца было яшчэ колькі месяцаў таму. Сёння яно абгароджана будаўнічым парканам, з пад-якога літаральна на вачах вырастаюць абрысы аднаго з самых прыгожых некалі будынкаў цэнтра Мінска - царквы Святога Духа. Напярэдадні свята роднага горада карэспандэнт "К" зазірнуў за гэтую агароджу, даведаўся, чым было абумоўлена аднаўленне "з нуля" помніка спадчыны, які лічыўся страчаным назаўсёды, а таксама лішні раз пераканаўся: адпавядаць іміджу сучаснага горада з багатай гісторыяй не так і лёгка. Спалучэнне гэтых фактараў на мінскіх вуліцах ставіць нямала тэхнічных задач - якія, зрэшты, знаходзяць сваё вырашэнне.

Святадухаўка ўтварала цэнтр

 На рабочым стале навуковага кіраўніка аб'екта Сяргея Багласава- стары план мінскага цэнтра. Такім яго бачылі нашы суайчыннікі ў XVIII стагоддзі, калі гарадскі ансамбль спазнаў свой росквіт.

 - Зірнуўшы на гэты план, вы самі пераканаецеся, што царква Святога Духа як бы ўтварае архітэктурную вось з тагачасным езуіцкім касцёлам (цяпер - Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі), - кажа Сяргей Багласаў. - Паглядзіце, як удала і цэласна была тады арганізавана прастора цэнтра нашага горада!

 З таго часу, які зафіксаваны на плане, цэнтр Мінска ўжо неаднаразова змяняўся, і гэтыя змены былі падпарадкаванымі ходу гісторыі. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай базыльянская царква стала праваслаўным Петрапаўлаўскім саборам. У выніку дзвюх перабудоваў, якія адбыліся ў ХІХ стагоддзі, яна страціла свае адметныя рэнесансавыя рысы. А ў 1937 годзе ад помніка спадчыны засталіся толькі падмуркі- што, на жаль, таксама адпавядала ходу часу. Потым на месцы царквы паўстаў шкляны павільён закусачнай "Ясень" - архітэктурнай пабудовы, якая наўрад ці магла рабіць гонар цэнтру сталіцы. Таму да нашых дзён яна таксама не датрывала.

Аднак факт, што гэтым лапікам зямлі належна не маглі распарадзіцца доўгія гады, мае, як медаль, і іншы бок. Калі б там быў узведзены той ці іншы манументальны будынак, сёння аднаўленне царквы ў яе першасным выглядзе было б значна больш праблематычным. Ды, адпаведна, і рэгенерацыя таго архітэктурнага аблічча цэнтра Мінска, якое можна з вялікай доляй упэўненасці назваць "класічным".

Менавіта таму сённяшнія архітэктары вырашылі, што стары план зусім не састарэў - прынамсі, паводле сваёй канцэпцыі. Усе іншыя знакавыя для гэтага архітэктурнага ансамбля будынкі - і ратушу, і гасцінны двор, і касцёл, які некалі быў Домам фізкультуры, цяпер ужо можна пабачыць на ўласныя вочы. Але без Святадухаўкі гэты ансамбль заставаўся няпоўны.

- Царква была сярод тых будынкаў, якія ўтваралі невялікі ратушны пляц, /i/content/pi/cult/286/4624/4-2.jpgі без яе гэтая прасторавая адзінка нібыта "знікла", - дадае Сяргей Багласаў.

Ідэя аднаўлення Святадухаўкі з'явілася яшчэ на пачатку 80-ых гадоў. У 1988 годзе прапанова была выкладзена ў праекце рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Мінска. Уласна, з гэтага часу і пачаліся працы па адраджэнні помніка спадчыны.

Непазбежна паўстае пытанне: ці не будзе будынак Святадухаўкі гістарычна непраўдападобным муляжом, які нагадвае свайго папярэдніка хіба аддалена? Тым болей, дзівосныя абрысы галоўнага фасада, дзякуючы якому царква лічылася адным з самых адметных храмаў у Мінску, былі страчаны яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

- На шчасце, захавалася дастаткова матэрыялаў для таго, каб сучаснік мог добра вывучыць гэты храм, - кажа Сяргей Багласаў. - Ёсць і яго абмеры 1843 года - дакумент вельмі падрабязны, які быў зроблены напярэдадні рэканструкцыі. Аднак пэўныя дэталі царквы на той момант былі ўжо страчаны- як, напрыклад, пінтаклі і валюты франтона. Аднавіць іх выгляд удалося дзякуючы іншаму іканаграфічнаму сведчанню - малюнку 1800 года.

Урэшце, добрай крыніцай інфармацыі былі археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў 1989 годзе, а таксама вывучэнне аналагаў будынка, створаных у тым самым стылі паўночнага Рэнесансу.

- Прааналізаваўшы матэрыялы, я б выказаў гіпотэзу, што Святадухаўку пачаў узводзіць будаўнічы цэх (архітэктара тады меў далёка не кожны будынак), але большую частку гэтых працаў усё ж зрабіў сапраўдны майстар, праўдападобна, запрошаны з-за мяжы, - мяркуе Сяргей Багласаў. - На вялікі жаль, яго імя пакуль высветліць не ўдалося.

Хаця працы па аднаўленні царквы не мелі ніякіх аб'ектыўных перашкодаў, у часы "перабудовы" яны спыніліся з банальнай прычыны - фінансавай.

 27 снежня 2007 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 667, датычны рэгенерацыі гістарычнага аблічча Мінска, і гэта зрушыла справу з мёртвай кропкі.

Яшчэ ў 1980-ыя функцыянальным прызначэннем адбудаванага помніка была вызначана філарманічная зала. Сёння яно таксама не змянілася. Царква, пабудаваная грэка-каталіцкім ордэнам базыльянаў, якая, аднак, другую палову сваёй гісторыі была праваслаўнай, стане канцэртнай залай Дзіцячай філармоніі.

Дзеля прыгожага слоўца, можна было б сказаць, што новы храм адбудоўваецца на старых падмурках (балазе, яны былі выяўлены падчас правядзення раскопак), аднак факталагічна гэта было б няпраўдай. Выяўленыя рэшткі старой пабудовы (як XVII, гэтак і XIX стагоддзяў) будуць выконваць не тэхнічную, а чыста музейную функцыю. Самыя цікавыя фрагменты адкрыюць для агляду - звонку будынка і пад шклом у вестыбюлі філармоніі.

"Бутэрброд" з пліт паміж метро і царквою

Гул работ сёння не асабліва парушае зацішную атмасферу Верхняга горада, але, пры гэтым, іх тэмпы ўражваюць. Адбудова царквы пачалася толькі ў красавіку, але вынікі сёння заўважаныя нават няўзброеным вокам.

 - Мы заканчваем кладку цаглянай асновы і неўзабаве пяройдзем да прац на франтоне, - распавёў апошнія навіны галоўны інжынер КУП "Мінская спадчына" Міхаіл Жых. - Яго зводчатыя перакрыцці маюць паўстаць ужо да сярэдзіны кастрычніка.

Але яшчэ больш уражваюць тыя працы, якія ўзброеным вокам не пабачыш. Яны былі праведзены ў нетрах зямлі. Аднаўленне аб'екта ў самым цэнтры горада патрабуе вырашэння многіх звышскладаных інжынерных задач, пра якія нават не мелі ўяўлення архітэктары мінулых пакаленняў. У часы будаўніцтва Святадухаўкі ў Мінску метро, зразумела, не было. Цяпер жа яно праходзіць на глыбіні 6 метраў акурат панад тым месцам, дзе наноў узводзіцца царква. Адпаведна, паўстала небяспека, што цягнікі будуць ўносіць пэўныя "карэктывы" ў партытуры тых твораў, якія прагучаць у канцэртнай зале.

Дзеля вырашэння гэтай праблемы давялося склікаць кансіліум спецыялістаў з розных установаў. У выніку, была створана звышскладаная сістэма вібраабароны і шумаізаляцыі.

- Першая пліта праходзіць на глыбіні амаль у чатыры метры пад будынкам, на ёй грунтуецца сістэма апор, затым - другая маналітная сцяна, і ўжо на ёй, уласна, і ўзводзіцца будынак,- апісаў на "мове для прафанаў" гэтую сістэму Сяргей Багласаў. - Прычым непасрэдна ў апірышчы ўстаўлены амартызатары са спецыяльнага матэрыялу накшталт гумы, якія прызначаны ліквід/i/content/pi/cult/286/4624/4-3.jpgаваць усе вібрацыі.

Як адзначыў Міхаіл Жых, менавіта гэтыя працы былі самымі складанымі для будаўнікоў - яны яшчэ не мелі аналагаў у беларускай практыцы. Але ж ажыццяўленне праекта не спарадзіла непрадказальных цяжкасцяў, і на сёння масіўныя пліты ўжо ўсталяваны.

Мінакі, што праходзяць паўз будоўлю, звяртаюць увагу і на яўна сучаснага выгляду прыбудову, што паўстае побач з самою царквой. Як адзначыў Сяргей Багласаў, свайго прататыпа ў праекце арыгінала яна і сапраўды не мае. Але ж новая функцыя будынка даецца ў знакі: для філармоніі патрэбны тыя памяшканні, якіх у царкве апрыёры быць не магло. Да таго ж, менавіта праз шкляныя дзверы, упрыгожаныя вітражамі Валерыя Даўгялы і Уладзіміра Тоўсціка, у канцэртную залу будзе трапляць публіка.

Млын-карабель плаваў і ў Свіслачы

 На наступнае Свята горада велічная царква ўжо будзе сапраўдным ўпрыгожваннем мінскага цэнтра. Пра словах Міхаіла Жыха, плануецца, што працы там завершацца ў ІІІ квартале 2011 года - уключна з аздабленнем фасадаў, дзе спрадвеку было багата ляпніны. Але аднаўленне цэнтра ў яго гістарычным выглядзе на гэтым не скончыцца.

Неўзабаве будоўля пачнецца і на самім беразе Свіслачы. Праект адбудовы вуліцы Гандлёвай пакуль яшчэ распрацоўваецца, але ўжо сёння ён выклікае дыскусіі. Многія спецыялісты абвінавачваюць сваіх калег, што працуюць на аб'екце, у неадпаведнасці гістарычнай праўдзе.

- Справа ў тым, што сёння аднавіць вуліцу ў старых яе габарытах ужо немагчыма: у тым месцы праведзена шмат інжынерных сетак, і кожная з іх патрабуе сваёй ахоўнай зоны, - кажа Сяргей Багласаў.- І таму маем два варыянты - альбо не будаваць у тым месцы нічога, пакінуўшы адно зялёную зону, або адмовіцца ад ідэі рэканструкцыі і стварыць аб'ект новага будаўніцтва, які б, аднак, быў стылізаваны пад даўніну. У прыватнасці, захаваўшы вышыню будынкаў - 2-3 паверхі.

На карысць другога варыянту сведчыць не толькі дарагавізна зямлі ў цэнтры горада, але і патрэба Мінска ў тых месцах, дзе турыст мог бы пашпацыраваць або павячэраць у кавярні.

- Святадухаўка - гэта ўнікальны мастацкі аб'ект, і яго аднаўленне адбываецца на сур'ёзнай навуковай аснове, - кажа архітэктар. - А на вуліцы Гандлёвай, як мне падаецца, можна выкарыстоўваць любыя будаўнічыя тэхналогіі, у тым ліку і самыя сучасныя.

Зрэшты, пік дыскусій наконт новага выгляду гэтай часткі Верхняга горада нас яш/i/content/pi/cult/286/4624/4-4.jpgчэ чакае. Не змяншаецца грамадская ўвага і да Мінскага замчышча. Прыйшоўшы ў кабінет да Сяргея Багласава, акурат заспеў яго за працай над гэтым аб'ектам.

- Канчаткова было вырашана адмовіцца ад шклянога навеса, які я ўжо быў спраектаваў па-над музейным фрагментам горада ХІІ стагоддзя ў натуральную велічыню, - падзяліўся ён навінамі. - Дбаць аб захаванні субстанцыі ў дадзеным выпадку не мае вялікага сэнсу - драўляныя будыначкі зроблены наноў. І таму самае галоўнае тут - натуральнасць атмасферы. Прыродныя ападкі будуць толькі спрыяць яе перадачы.

На маё шчыра правакацыйнае пытанне, ці плануе архітэктар выкарыстоўваць тут сучасныя тэхналогіі (прыкладам, тую ж плітку), Сяргей Багласаў не менш шчыра абурыўся. І зазначыў, што кожная дэталь гарадской забудовы - у тым ліку і "брукаванка" з грубых дошак - будзе створана з максімальнай дакладнасцю адносна прататыпа.

- Важна, каб выява старога Менеска выглядала праўдападобнай, як у тэатры, - кажа ён. - Стылізацыі і спрашчэнне тут абсалютна недапушчальныя.

Сяргей Георгіевіч падзяліўся і яшчэ адной навіной. Не так даўно ў архівах была адшукана рэальная выява млына на колах, які дагэтуль лічыўся агрэгатам выключна легендарным. Гэты вобраз было вырашана задзейнічаць у помніку заснавальніку Мінска.

- Але, як выявілася, такія млыны і сапраўды існавалі, - кажа архітэктар. - Яны былі адлюстраваны на тагачасных гравюрах у Швейцарыі і Германіі. .

..Вобраз млынавых колаў на бурлівым струмені гісторыі і сапраўды цудоўна адпавядае Мінску. Ды, насуперак мноствам вядомых прымавак, часам удаецца павярнуць гэты струмень назад, вяртаючы тое, што калісьці было раструшчана ў друз.