Пасылка ад Гварнеры

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, хутка ў Мінск павінна прыбыць унікальная скрыпка, зробленая ў 1673 годзе Андрэ Гварнеры. Яе даставяць не на выстаўку і не на асобны канцэрт — яна “прыедзе” назаўсёды.

 

Набыццё гэтай скрыпкі мела доўгую перадгісторыю. Калі тры гады таму наш Арцём Шышкоў удзельнічаў у Міжнародным конкурсе імя П.І. Чайкоўскага, дык журы адзначыла: узровень музыканта - найвышэйшы, але інструмент, на якім ён грае, не дазваляе яму прэтэндаваць на адпаведнае месца. Кошт такіх скрыпак вымяраецца ў тысячах долараў і патрабуе пошуку спонсараў. Дый сам працэс выбару інструмента і яго далейшага набыцця аказаўся не такім простым. Тым не менш, у Лондане дацэнт Акадэміі музыкі Эдуард Кучынскі спыніўся на скрыпцы Андрэ Гварнеры - пачынальніка знанай сям'і майстроў струнных смычковых інструментаў.

Далей - афармленне неабходных дакументаў, тым больш, што інструмент набываўся па безнаяўным разліку, з далёкага замежжа. Хутка нашы скрыпачы і ўся краіна атрымаюць "каштоўны груз".