“Translations”для Літвы

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Літаральна праз тыдзень распачнуцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. А 9 верасня завяршыліся Дні культуры Беларусі ў Казахстане. У іх рамках прайшлі выступленні ансамбля салістаў “Класік-авангард”, Дні беларускага кіно і выстаўка з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

 

Аншлагамі была сустрэта выстаўка сучаснай беларускай графікі. У Прэзідэнцкім цэнтры культуры нацыянальнае мастацтва прадстаўлялі 54 работы 24 айчынных майстроў. На вернісажы жыхары Астаны змаглі ацаніць своеасаблівы стыль беларускай школы графікі, бліжэй пазнаёміцца з яе напрамкамі і тэндэнцыямі.

Цяпер жа айчынных творцаў чакаюць у Літве. У гэтай краіне Дні культуры Беларусі распачнуцца адкрыццём мемарыяльнай дошкі ў гонар 170-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча ў Вільнюсе. Як вядома, жыццё нашага пісьменніка цесна звязана з гэтым горадам.

17 верасня ў Літоўскім мастацкім музеі адкрываюць выстаўку "Іван Хруцкі ў дыялогу культур", прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння мастака. А ўвечары таго ж дня ў Палацы кангрэсаў адбудзецца канцэрт Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.

Наступны дзень збярэ аматараў тэатральнага мастацтва. На сцэну Літоўскага нацыянальнага тэатра драмы выйдуць акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў спектаклі "Пінская шляхта". 19 верасня беларусы запросяць усіх у Дом настаўніка на свята беларускай песні. Дні культуры завершацца яшчэ адной пастаноўкай Мікалая Пінігіна: пад заслону свята купалаўцы прадставяць спектакль "Translations".

Нагадаем, гэтыя мерапрыемствы сталі магчымымі дзякуючы падпісанню Праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствамі культуры дзвюх краін на 2010-2011 гг.