Аншлагамі была сустрэта выстаўка сучаснай беларускай графікі. У Прэзідэнцкім цэнтры культуры нацыянальнае мастацтва прадстаўлялі 54 работы 24 айчынных майстроў. На вернісажы жыхары Астаны змаглі ацаніць своеасаблівы стыль беларускай школы графікі, бліжэй пазнаёміцца з яе напрамкамі і тэндэнцыямі.
Цяпер жа айчынных творцаў чакаюць у Літве. У гэтай краіне Дні культуры Беларусі распачнуцца адкрыццём мемарыяльнай дошкі ў гонар 170-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча ў Вільнюсе. Як вядома, жыццё нашага пісьменніка цесна звязана з гэтым горадам.
17 верасня ў Літоўскім мастацкім музеі адкрываюць выстаўку "Іван Хруцкі ў дыялогу культур", прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння мастака. А ўвечары таго ж дня ў Палацы кангрэсаў адбудзецца канцэрт Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.
Наступны дзень збярэ аматараў тэатральнага мастацтва. На сцэну Літоўскага нацыянальнага тэатра драмы выйдуць акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў спектаклі "Пінская шляхта". 19 верасня беларусы запросяць усіх у Дом настаўніка на свята беларускай песні. Дні культуры завершацца яшчэ адной пастаноўкай Мікалая Пінігіна: пад заслону свята купалаўцы прадставяць спектакль "Translations".
Нагадаем, гэтыя мерапрыемствы сталі магчымымі дзякуючы падпісанню Праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствамі культуры дзвюх краін на 2010-2011 гг.