Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сапраўды нацыянальным можа быць толькі фільм, які здольны кансалідаваць грамадства”.

№ 37 (957) 11.09.2010 - 17.09.2010 г

Рынкавы падыход да фільмавытворчасці

/i/content/pi/cult/286/4615/2-1.jpgДва месяцы таму, падчас прадпрэм'ернага паказу беларуска-расійскага фільма "Брэсцкая крэпасць" Кіраўнік нашай краіны агучыў неабходнасць грунтоўнай і прынцыповай размовы аб лёсе і перспектывах айчыннай кінагаліны. І вось 9 верасня ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дзеячамі культуры па пытанні развіцця кінематографа. У авальную залу Рэзідэнцыі былі запрошаны ў гэты дзень сто пяцьдзясят прадстаўнікоў самых розных кінапрафесій і шэраг зацікаўленых асоб. Сярод іх - нямала маладых творцаў. "І гэта была мая ініцыятыва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, - запрасіць сёння да размовы не толькі чыноўнікаў ці паспяховых майстроў, якія змаглі рэалізавацца, але і тых, чый творчы шлях аказаўся цярністым, альбо хто да гэтага часу знаходзіцца ў пошуках выйсця. А таксама маладую змену кінематаграфістаў - сённяшніх студэнтаў". У сваім звароце да ўдзельнікаў сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мне тут прапанавалі цэлы набор афіцыйных дакладаў і выступленняў, але я хачу ў першую чаргу выслухаць тых, хто робіць кіно і на сабе адчувае ўсе праблемы кінематографа - сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсераў, крытыкаў і пракатчыкаў. Прапаную вам абсалютна аб'ектыўна і непрадузята выказацца па ўсіх набалелых праблемах - ад нараджэння сцэнарнай ідэі да продажу гатовага фільма". Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў: "Я перш за ўсё хачу пачуць аб праблемах, але не з пункту гледжання крытыкі, што ўсё дрэнна, што трэба ўсё зламаць, а потым паглядзім, выплывем - а з пункту гледжання таго, што неабходна зрабіць сёння і заўтра, каб мы, збіраючыся на такім узроўні, гаварылі пра нашы нацыянальныя праекты, нашы поспехі, каб, у рэшце рэшт, не сорамна было глядзець у вочы адзін аднаму".

У апошнія гады наша дзяржава робіць для айчыннага кінематографа вельмі шмат. "Па маім даручэнні Адміністрацыя Прэзідэнта падключылася да дапрацоўкі Канцэпцыі развіцця кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 - 2014 гады, закладваючы ў яе прынцыпова новыя падыходы. З 2006 па 2009 год, - зазначыў Прэзідэнт,- дзяржаўныя ўкладанні ў фільмавытворчасць выраслі ў пяць разоў. За апошнія тры гады ў гэтую сферу накіравана амаль 60 мільярдаў рублёў. Аднак "прарыву" ў стварэнні якаснага нацыянальнага кіно так і не адбылося. Як вынік, даходы ад продажу фільмаў склалі толькі крыху больш за 8 працэнтаў ад выдаткаваных сродкаў. Кінематограф суверэннай Беларусі за два дзесяцігоддзі аказаўся не ў стане стварыць высокамастацкі фільм, варты называцца нацыянальным праектам".

Што варта зрабіць для таго, каб беларускага гледача не трэба было "арганізоўваць" на прагляд айчынных стужак і якім чынам сумеснымі намаганнямі пазбавіцца ад стаўлення да дзяржавы, як да той крыніцы, што заўсёды выдаткуе грошы на здымкі чарговай карціны? Гэтыя пытанні і адрасаваў Кіраўнік дзяржавы ўсім прысутным прадстаўнікам кінацэху.

Якое яно, нацыянальнае кіно?

Размовы пра неабходнасць стварэння нацыянальнага кіно точацца ў кінематаграфічных колах не ад сёння. І практычна заўсёды "застраюць" на ўзроўні вызначэння таго, якому ж прадукту, уласна кажучы, надаваць такі высокі статус? Усе сыходзяцца на думцы: фармальны бок гэтага пытання пралічыць немагчыма. Нельга сказаць, што стужка, знятая на нацыянальную гістарычную тэму, у якой ролі выконваюць акцёры-беларусы і гучыць родная мова, апрыёры можа лічыцца нацыянальнай. І Прэзідэнт закцэнтаваў увагу прысутных на тым, што нельга дэвальвіраваць гэтае паняцце: "Насамрэч нацыянальным можа быць толькі фільм, які здольны кансалідаваць грамадства". І не важна, што за тры-пяць гадоў такога высокага наймення ўдастоіцца толькі адна стужка. Важна, што яна дасць магчымасць Беларусі заявіць пра сябе на ўвесь свет.

Гэтую думку цалкам падтрымаў народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, які сказаў: блукаючы ў трох соснах, мы не хочам прызнаваць простую формулу - нацыянальным твор мастацтва становіцца толькі тады, калі ён выражае настрой і спадзяванні свайго народа. І можна колькі заўгодна насычаць фільм спецэфектамі, але запамінаюцца заўсёды- характары. Няма ў стужцы вобразаў з яркімі, жывымі характарамі- няма і карціны!

Напачатку было слова

 Пра тое, што цікавы і якасны сцэнарый вызначае палову поспеху будучага фільма, таксама гаварылася на сустрэчы не аднойчы. Чаму ж вельмі часта якраз сцэнарная работа аказваецца "слабым звяном" у кінавытворчасці?

Самі ж сцэнарысты так не лічаць і сцвярджаюць, што могуць прапаноўваць якасны прадукт. Але - не ў стане пралічыць далейшага лёсу сваёй працы. Даволі паспяховая сцэнарыстка Юлія Ляшко, выступаючы на сустрэчы, сказала, што самым складаным этапам праходжання сцэнарыя з'яўляецца першы - на ўзроўні кінастудыйнага рэдсавета. Але зусім не таму, што там сабраліся прынцыповыя людзі, якія прад'яўляюць да аўтара надзвычай высокія патрабаванні, а наадварот - вельмі часта прапанаваны матэрыял разглядаецца без уліку магчымасці далейшай працы з ім і з аўтарам, а ўсяго толькі на ўзроўні прыватных густаў. І, канешне ж, не ідзе гаворка аб канкрэтызацыі мэтавай аўдыторыі, прагназаванні акупнасці будучага прадукту, з-за чаго многія ідэі проста не маюць магчымасці развівацца далей. Тое ж самае тычыцца і сцэнарных конкурсаў. Іх, на думку Ляшко, варта праводзіць не для "ўсіх жадаючых", а- сярод тых, хто валодае прафесіяй сцэнарыста і ведае, як неабходна працаваць для кіно.

Свой "рэцэпт" якаснага сцэнарыя агучыў і Аляксей Дудараў: "Я хачу, каб аўтар са мной размаўляў на простай, даступнай мне мове, а не загадваў рэбусы, якія часам ён і сам не ў стане расшыфраваць". І ўзгадаў, што ў савецкія часы яшчэ да пачатку здымачнага перыяду дэталёва распрацоўваўся так званы рэжысёрскі сцэнарый, пад якім ставілі свае подпісы аўтар, рэжысёр-пастаноўшчык і мастак. І гэта была аснова, паводле якой працавала здымачная група. "Сёння ж драматург не ў стане пракантраляваць, што робіцца з яго сцэнарыем пад час здымак. І, прыходзячы ў кінатэатр на прэм'еру, я не заўсёды магу свой твор пазнаць," - зазначыў драматург.

Чаму ж такі важны этап фільмавытворчасці, як п/i/content/pi/cult/286/4615/2-2.jpgраца над сцэнарыем, аказваецца без належнай увагі? Няўжо толькі таму, што сцэнарысты не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі кінастудыі і не могуць удзельнічаць у вытворчым працэсе? Ці, можа, сучасныя рэжысёры вераць у магчымасць "схавацца" за дарагія тэхналогіі ды спецэфекты, мяркуючы, што глядач гэтага не заўважыць?

Аддзяліць вытворчасць ад творчасці

Ужо другі год стаіць праца на аб'ектах інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", нягледзячы на тое, што інвестар атрымаў каласальныя ільготы. "І сёння замест таго, каб самім выпраўляць свае ж памылкі і пралікі, шукаць новага інвестара, прапануецца "павесіць" будоўлю на шыю дзяржаве," - абурыўся Прэзідэнт.

Прысутныя на сустрэчы ўзнімалі таксама праблему балансу колькасці і якасці кінапрадукцыі. Аднак генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Замяталін закцэнтаваў размову пра дзейнасць студыі як, у першую чаргу, фільмавытворчай арганізацыі, падкрэсліваючы, што з гэтага пункту гледжання яна дэманструе рэальны рост колькасных паказчыкаў сваёй працы. А вось пытанні рэалізацыі айчыннага кіно і яго запатрабаванасці шырокай аўдыторыяй ён прапанаваў адрасаваць не да студыі як канкрэтнага выканаўцы, а да тых, хто заказвае той ці іншы кінапрадукт. У выніку чаго паўстала заканамернае пытанне: а хто ж мусіць быць тым самым заказчыкам, які будзе займацца і далейшым лёсам стужак?

Мы прыйшлі!

Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць: на "выручку" кінавытворцам прыйшлі прадстаўнікі прадзюсерскага цэху, якія падчас сустрэчы, бадай, гарачэй за іншых прысутных выказвалі сваю зацікаўленасць сучаснымі беларускімі фільмамі. Расійскія калегі, якія ўжо не адзін год паспяхова працуюць на беларускай кінаглебе, з гатоўнасцю заявілі пра ўласнае жаданне ўключыцца ў стварэнне кінематаграфічнага прадукту. Прычым не экспансіўна, а ў статусе сутворцаў: грунтуючыся на ідэях і тэмах беларускіх кінематаграфістаў. Але пры ўмове, што прадзюсер будзе ў гэтым саюзе не "крайнім", а- галоўным, тым, хто не толькі кантралюе ўвесь творча-вытворчы працэс, але і нясе за яго поўную адказнасць. У тым ліку - фінансавую.

 Пра тое, што фінансы не павінны "распыляцца", гаварыў Уладзімір Янкоўскі, які нагадаў, як мусіў у свой час адмовіцца ад уласнага праекта - "Анастасіі Слуцкай"- толькі таму, што не мог як рэжысёр кантраляваць мэтавага выкарыстання выдаткаваных на фільм сродкаў. Ды і з расіянінам Сяргеем Сяльянавым нельга было не пагадзіцца: на яго думку, галоўны аб'ём работы ў сучаснай кінавытворчасці займае так званы працэс развіцця праекта, самі ж здымкі - справа тэхнікі, цалкам даступная для прафесіяналаў.

Аляксандр Лукашэнка завастрыў увагу прысутных на тым, што Міністэрства культуры і кінастудыя "Беларусьфільм" павінны больш актыўна займацца развіццём сумеснай кінавытворчасці з расійскімі і замежнымі партнёрамі. "Неабходна прыцягваць да супрацоўніцтва салідныя замежныя кампаніі, якія добра зарэкамендавалі сябе, і не адпужваць іх бюракратызмам і непамерна высокімі коштамі на паслугі," - зазначыў ён. І дадаў: "Для нас самае важнае, каб быў годны прадукт- добрае кіно". Пры гэтым магчымасць атрымліваць датацыі, падкрэсліў Прэзідэнт, павінны мець не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя кінакампаніі, беларускія тэлеканалы - тады паміж імі будзе здаровая канкурэнцыя, якая і стане тым самым прадзюсерскім падыходам, пра які ідзе гаворка.

 А што канкрэтна?

Агучваючы пазіцыю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па пытаннях далейшага развіцця айчыннага кінематографа, міністр культуры Павел Латушка вызначыў чатыры ключавыя накірункі, на якіх сёння варта засяродзіць работу. Прызнаючы, што далей трымацца за дзяржаўную "соску" ў выглядзе беззваротных дзяржаўных субсідый немагчыма, ён сказаў пра неабходнасць абмежавання дзяржаўнага фінансавання карцін, за выключэннем нацыянальных праектаў, дзіцячых і анімацыйных стужак. Пры гэтым неабходнае адначасовае прыцягненне ў кінавытворчасць прыватнага капіталу за кошт ільготнага падаткаабкладання, а таксама магчымасць крэдытавання вытворчасці фільмаў банкаўскімі структурамі. Патрэбна пераарыентавацца на асваенне праектнага падыходу да кінавытворчасці і стварэнне сістэмы прадзюсерства, у выніку чаго кінастудыя зможа сапраўды стаць базай для аказання паслуг самым розным вытворчым арганізацыям, як дзяржаўным, так і прыватным.

 Наспеў час і для адміністратыўных рашэнняў, якія паспрыяюць прыцягненню ў кінавытворчую сферу замежных інвестыцый і капіталаў. З гэтай мэтай плануецца стварэнне Дзяржаўнага прадзюсерскага цэнтра кіно, які будзе дзяржаўнай установай, падпарадкаванай Міністэрству культуры і Міністэрству фінансаў. Па словах Паўла Латушкі, задачамі цэнтра могуць стаць фінансаванне вытворчасці, стварэнне сцэнарнага партфеля, заключэнне разнастайных дамоў...

Для фінансавання ж кінавытворчасці неабходна стварыць фонд падтрымкі нацыянальнага кіно, які будзе папаўняцца не толькі з бюджэтных сродкаў, але і з пазабюджэту, грошай ад рэгістрацыі замежных фільмаў, а таксама ўскоснага падаткаабкладання. Пры цэнтры на ратацыйнай аснове мусіць быць створаны Савет, які і будзе прымаць рашэнні аб падтрымцы таго ці іншага канкрэтнага праекта.

Сярод іншых важных аспектаў міністр культуры адзначыў неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва з тэлеканаламі і нават увядзення праз 2-3 гады пэўнага абавязковага для іх працэнта на дэманстрацыю айчынных мастацкіх, дакументальных і анімацыйных фільмаў. А таксама - увесці для іх магчымасць дзяржаўнага суфінансавання на нацыянальнае кіно, каб не глядзець па тэлевізары "чужое жыццё", а ведаць сваіх акцёраў, рэжысёраў, аператараў.

Для кадравага ўзмацнення і павышэння ўзроўню спецыялістаў, на думку міністра, неабходна прадугледзець магчымасць замежных стажыровак для студэнтаў і маладых спецыялістаў кінагаліны ў вядучых профільных ВНУ, а таксама - умовы для вяртання на радзіму тых, хто сёння вучыцца па кінаспецыяльнасцях у Расіі. Тым больш, што Прэзідэнт краіны, закранаючы тэму кадравага забеспячэння галіны, сказаў: "Факультэт экранных мастацтваў вы будуеце амаль што на пяску, не маючы сучаснай матэрыяльнай базы. Але не чакайце, што пасля нашай сустрэчы на Акадэмію мастацтваў пральецца залаты дождж. Многія вашы праблемы можна вырашыць, калі скааперавацца з кінастудыяй, відэацэнтрам і тэлеканаламі, Інстытутам журналістыкі БДУ, дзе ёсць свая тэлестудыя. Пачынайце працаваць".

Павел Латушка, адзначаючы, што з 132 айчынных кінатэатраў толькі 41 адпавядае еўрапейскім стандартам, у якасці адной з прыярытэтных задач вызначыў прыняцце праграмы рэканструкцыі кінатэатраў у краіне, у тым ліку - з прадугледжаннем магчымасцей прыцягнення прыватных інвестыцый і ў гэтую сферу.

■ ■ ■

Напрыканцы сустрэчы, якая працягвалася амаль пяць гадзін, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "У Беларусі створаныя ўсе ўмовы для таго, каб кожны грамадзянін мог рэалізаваць свой талент на радзіме. Хачу, каб вы ведалі: дзяржава заўсёды падтрымае ўсіх творчых людзей, якія служаць грамадству ўсёй сілай свайго таленту. Будзь тое прызнаны майстар альбо пачынаючы акцёр, рэжысёр, сцэнарыст". Але пры гэтым зазначыў, што "дзяржава не можа дазволіць сабе транжырыць народныя сродкі на сумнеўныя і правальныя кінапраекты", таму адным з крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці работы кінематаграфістаў з'яўляецца забеспячэнне акупнасці фільмаў. І для таго, каб не траціць немалыя фінансы бяздумна, "неабходна хутчэй укараняць рынкавы падыход да фільмавытворчасці, - працягнуў Прэзідэнт,- які будзе прадугледжваць выдзяленне дзяржаўных сродкаў на конкурснай аснове".

Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА