Лірычная драма ў графіцы

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Барыс Цітовіч, вядомы беларускі графік, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, увайшоў у вялікае мастацтва праз два гады пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, калі ў 1973-м ён праілюстраваў першыя дзве кнігі “Палескай хронікі” Івана Мележа: “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Трэцяя кніга трылогіі — “Завеі, снежань” з васьміпалоснымі ілюстрацыямі і супервокладкай Б.Цітовіча выйшла ў 1978 годзе, калі пісьменніка ўжо не было ў жывых. Але, як мне вядома, да ілюстрацый аўтарства Цітовіча народны пісьменнік Беларусі ставіўся вельмі добра.

/i/content/pi/cult/285/4610/10-4.jpg

 

У работах беларускіх графікаў 1970 - 80-х гадоў існавалі дзве розныя пазіцыі: адна - дакладная адпаведнасць літаратурнаму матэрыялу, другая- стварэнне на яго аснове ўласнай версіі. У адным выпадку - ілюстраванне ў прамым сэнсе гэтага слова, узнаўленне эпохі і галоўных сюжэтных матываў, кожны з якіх раскрывае і пацвярджае тое, што напісана ў тэксце; у другім- вонкавыя сувязі паміж тэкстам і адлюстраваннем як бы паслабляюцца, і ілюстрацыі будуюцца больш асацыятыўна.

Барысу Цітовічу ў сваіх літаграфскіх ілюстрацыях да мележаўскай трылогіі, нягледзячы на сваю маладосць і сціплы вопыт у кніжным афармленні, удалося плённа спалучыць абедзве творчыя пазіцыі. Для гэтага яму давялося нават некалькі разоў ездзіць на Палессе, на Хойніччыну - радзіму пісьменніка, каб глыбей пазнаёміцца з тымі мясцінамі, пра якія ідзе гаворка ў кнігах. Мастак сам адзначаў, што "...была эстэтычная неабходнасць у блізкасці да спрадвечнай прыроды Палесся, да тых людзей, якія яшчэ памяталі 1920-я - 30-я гады вялікай "перабудовы" беларускай вёскі".

Думаю, што на сённяшні дзень гэтыя ілюстрацыі Б.Цітовіча з'яўляюцца лепшымі. Галоўная якасць - уважлівыя адносіны мастака да літаратурнай першакрыніцы, якія выключалі як адвольнае тлумачэнне тэксту, так і  скрупулёзны рух за ім. Жывое адчуванне стылю і духу твора абуджалі фантазію мастака і дыктавалі выбар вобразна-пластычных сродкаў.

Вось чаму графічная мова ў малюнках Цітовіча разнастайная не толькі па фактуры, але і па сваёй дынаміцы- то экспрэсіўна-энергічнай, то спакойна-плаўнай, то ўтрапёнай. Аднак графічная форма тут прыцягвае перш за ўсё тым, што, сама па сабе цудоўная і пластычная, яна вельмі правільна і востра перадае разнастайную і шматзначную палітру "быцця" герояў трылогіі, на фоне палескай прыроды, у якой яны жывуць і дзейнічаюць, кахаюць, пакутуюць, змагаюцца за сваё шчасце.

Барыс Цітовіч - мастак актыўнага, рамантычнага, жыццесцвярджальнага светаадчування. Натхнёнае вялікай ідэяй пачуццё, мужная парадыгма глыбокіх эмоцый і неаддзельная ад сапраўднага рэалізму "лірычная драма" - галоўныя якасці вобразаў Цітовіча, поўнасцю адэкватныя пісьменніцкаму погляду на гістарычны лёс беларускага народа ў час вялікіх сацыяльных і духоўных зрухаў канца 20-х - пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя.


 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"