На падмостках і ў прамым эфіры

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Культавая ў шасцідзесятыя гады інсцэніроўка рамана Мележа “Людзі на балоце” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы з’явілася прыкладна праз год пасля таго, як Беларускае тэлебачанне стварыла трохсерыйны тэлеспектакль па “Палескай хроніцы”. У абедзвюх пастаноўках ролю Васіля Дзятліка сыграў тады яшчэ зусім малады акцёр-купалавец, а сёння— народны артыст Беларусі Генадзь ГАРБУК. — Генадзь Міхайлавіч, ці складана было праз такі кароткі час пасля выхаду тэлеспектакля зноў вярнуцца да гэтай ролі, ужо ў тэатры? І ці стаў “тэатральны” Васіль працягам “тэлевізійнага”?

/i/content/pi/cult/285/4609/10-2.jpg

 

- Тыя, хто ведаюць "заэкраннае" жыццё шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, памятаюць: тады тэлеспектаклі не запісваліся, а іграліся проста ў студыі і ішлі ў прамым эфіры. Таму ў тэхнічным плане зварот да гэтай ролі ў тэатры не быў для мяне складаным. Іншая справа, што тэлеспектакль быў трохсерыйны, а вось тэатральны варыянт мусіў "умясціцца" ў адзін вечар. Сюжэтная лінія сцэнічнай пастаноўкі абмяжоўвалася толькі раманам "Людзі на балоце".

- Не магу не пацікавіцца тым, як ішла праца над самім "перакладам" твора на мову сцэны?

 - У нас была цудоўная, зладжаная пастановачная брыгада, якая, на маю думку, шмат у чым і вызначыла поспех спектакля. Вельмі вялікая работа была праведзена на ўзроўні стварэння сцэнарыя, аўтарамі якога былі Тамара Абакумоўская і Зінаіда Браварская. Пры ўсёй той сцісласці аповеду ў спектаклі, у параўнанні з раманам і нават тэлепастаноўкай, яны не пайшлі шляхам спрашчэння твора і захавалі абсалютна ўсе мележаўскія сюжэтныя лініі. І гэта, на маю думку, вельмі важна: "Людзі на балоце" і персанажы рамана паўсталі перад гледачамі не ў вольнай, зручнай для тэатра, "інтэрпрэтацыі", а максімальна набліжанымі да таго, якімі іх напісаў сам аўтар.

 Насамрэч магутную работу правяла рэжысёрская група пад кіраўніцтвам Барыса Эрына. Ён вызначаў агульную канцэпцыю пастаноўкі, Зінаіда Браварская больш дэталёва займалася лініяй Глушакоў, а Галіна Уладамірская працавала з намі і выбудоўвала лінію Дзятлікаў. Ну, і сцэнографамі спектакля таксама былі знакавыя мастакі - Армэн Грыгар'янц і Барыс Герлаван.

- Спектакль пражыў на сцэне Купалаўскага тэатра даволі доўгі, па тэатральных мерках, час. Як змянялася, трансфармавалася глядацкае ўспрыняцце пастаноўкі?

- Так, "Людзей на балоце" мы ігралі дзевятнаццаць гадоў! І без перабольшвання скажу, што ўвесь той час спектакль ішоў на аншлагах: глядач успрымаў гэтую шчырую і кранальную чалавечую гісторыю заўсёды "на ўра". Ды, думаю, іначай і не магло быць: столькі жыццёвай праўды і мудрасці закладзена ў ёй аўтарам. І іграць спектакль перасталі толькі таму, што выканаўцы роляў галоўных герояў - я і Лілія Давідовіч - папросту... сталі куды старэйшымі па ўзросце за персанажаў Мележа. Як вы памятаеце, Васілю і Ганне ў першым рамане ўсяго па шаснаццаць гадоў...


На здымку: сцэна з тэлеспектакля "Людзі на балоце".