Як “...Хроніка” стала серыялам?

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Даследчыкамі нацыянальнага кінамастацтва даўно заўважана: лепшым матэрыялам для яго заўсёды служыла айчынная ж літаратура. Творчая спадчына народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа тут — не выключэнне. Сакавітая мова герояў яго кніг, магутны драматургічны патэнцыял знакамітага рамана-эпапеі неаднойчы станавіліся прадметам цікавасці з боку беларускіх кінематаграфістаў. Відавочную “серыяльнасць” твораў пісьменніка на поўную моц ацаніла тэлебачанне: “Палеская хроніка” прыходзіла да нас найперш у выглядзе кіно для малога экрана. Нягледзячы на тое, што ў ранейшыя часы тэлевізійнае кіно ў процілегласць кінастужкам лічылася справай не надта сур’ёзнай, аказалася, што менавіта тэлевізійная стылістыка лепшым чынам адлюстроўвае стыль Мележа.

/i/content/pi/cult/285/4608/10-1.jpgУсе спробы экранізацыі "Палескай хронікі" аказаліся ўдалымі і залічаны ў "залаты фонд" айчыннага кіно. Пісьменнік паспеў убачыць самы першы варыянт сваёй эпапеі, які ажыццявілі рэжысёр Аляксандр Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч у 1965 годзе на Беларускім тэлебачанні. Трохсерыйная тэлекарціна "Людзі на балоце" была заснавана на асноўных сюжэтных лініях рамана і асабістых лёсах куранёўцаў, а яе адметнасцю стаў выбітны акцёрскі састаў. Для маладых купалаўцаў - Генадзя Гарбука, Ліліі Давідовіч, Віктара Тарасава - удзел у экранізацыі рамана-эпапеі Мележа стаў надзвычай важнай падзеяй у іх творчай кар'еры. Праз нейкі час героі "Палескай хронікі" ў тым жа саставе паўсталі на сцэне Купалаўскага, а першую экранную версію твораў Мележа шмат хто з гледачоў дасюль лічыць эталоннай. Нездарма творчы калектыў карціны атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

Наступную спробу перанесці "Палескую хроніку" на тэлеэкран зрабіў рэжысёр Уладзімір Забэла, але, на жаль, пісьменнік не паспеў яе пабачыць, бо адбылося гэта толькі ў 1979 годзе. Тыя часы былі, бадай, найлепшымі для беларускага тэлевізійнага тэатра. Вось і стужка Уладзіміра Забэлы ўяўляла з сябе фільмспектакль. Гэтым разам была экранізавана трэцяя частка цыкла - "Завеі, снежань...". Галоўнымі героямі сталі старшыня гарвыканкама Апейка ў выкананні Генадзя Гарбука і сакратар райкама Башлыкоў, увасоблены Аляксандрам Падабедам. На Усесаюзным фестывалі тэлевізійных спектакляў гэты варыянт экранізацыі твора Мележа атрымаў адзін з прызоў.

Але самай вядомай з экранізацый з'яўляецца "Палеская хроніка" Віктара Турава. Усяго пад кіраўніцтвам класіка нацыянальнага кіно былі зняты дзве дзвюхсерыйныя кінастужкі - "Людзі на балоце" (1981 г.) і "Подых навальніцы" (1983 г.), а таксама аднасерыйны тэлевізійны фільм "Апейка", якія ў 1985 годзе былі аб'яднаны ў васьмісерыйную тэлевізійную эпапею "Людзі на балоце". Дарэчы, у версію для тэлеэкрана ўвайшлі эпізоды, што не былі выкарыстаны пры мантажы кінаверсій. Над карцінай працаваў вялікі калектыў: аператар Дзмітрый Зайцаў, мастакіпастаноўшчыкі Яўген Ігнацьеў і Алім Мацвяйчук, кампазітар Алег Янчанка, акцёры Алена Барзова, Юрый Казючыц, Барыс Няўзораў. Стужка была адзначана шматлікімі прэміямі і стала унікальнай з'явай у нацыянальным экранным мастацтве.

 Што да постаці самога пісьменніка, то яна двойчы ўвасаблялася ў адпаведных дакументальных стужках - 1977 і 1990 гг. Зрэшты, апошняя старонка ў справе з экранізацыямі твораў Івана Мележа пакуль не перагорнута, бо сучаснае прачытанне і развіццё тэхналогій ствараюць новыя магчымасці для аўтараў.