Аўдыёзапісы не гінуць

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Сольны альбом Івана КІРЧУКА “Спадчына загінулых вёсак” утрымлівае народныя песні не толькі Гомельшчыны, але і іншых рэгіёнаў Беларусі, аднак сама назва яго сведчыць пра аднесенасць значнай часткі запісаў да гэтай вобласці.

/i/content/pi/cult/285/4607/11-4.jpg

 

- У гэтым альбоме, - узгадаў Іван Кірчук, - я намагаўся ахапіць амаль усе рэгіёны Беларусі, бо кожны з іх адметны па-свойму. Вельмі дапамаглі і ўласныя фальклорныя экспедыцыі, якія я праводзіў з 1982 года, і праца з матэрыяламі, сабранымі іншымі этнамузыколагамі. Я карыстаўся фондамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, а таксама Беларускага радыё, дзе мне заўсёды вельмі дапамагала рэдактар Таццяна Песнякевіч. Выкарыстоўваў і тыя запісы, што прывозілі мае студэнты, асабліва- завочнікі, якім я выкладаў у тагачасным Мінскім вучылішчы мастацтваў. На той час мяне вельмі мучыла думка: ну чаму няма ў нас, як у замежжы, серыі аўтэнтычных фальклорных аўдыёзапісаў? Пад час экспедыцый я часцяком спазняўся ўратаваць хаця б рэшткі. Здаралася, мінуем закінуты хутар: маўляў, заедзем сюды на зваротным шляху, пашукаем штосьці са старажытных рэчаў народнага побыту. Вяртаемся - а хутар ужо зруйнавалі. Гэта цяпер пачалі адраджаць сядзібы, развіваць агратурызм, а тады - ператваралі былыя вёскі ў палі...

Для альбома было падрыхтавана ажно 60 песень, але ўвайшлі ў яго ўсяго крыху больш за 30. І шматгалоссе, і ўсе інструментальныя партыі я запісваў сам. Мне хацелася паказаць сапраўдныя народныя інструменты, і я выкарыстаў як старадаўнія аўтэнтычныя, так і вырабленыя сучаснымі народнымі майстрамі. Ну, а да Хойніцкага і іншых пацярпелых раёнаў непасрэднае дачыненне мае духоўны верш "Тры Янгалы".