Да роднай публікі

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Ансамбль “Сябры” на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам на Дні беларускага пісьменства ў Хойніках выступае з сольным канцэртам. Да таго ж, Анатоль Іванавіч выконвае партыю Князя ў новай рэдакцыі рок-оперы “Гусляр” Ігара Лучанка. Прэзентацыя гэтага твора мае быць адной з галоўных святочных падзей.

/i/content/pi/cult/285/4606/11-3.jpg

 

- Гэтыя выступленні, - прызнаўся Анатоль Ярмоленка,- вельмі важныя для нас. Мы хочам стварыць сапраўднае свята для ўдзельнікаў і гасцей гэтага цудоўнага форуму. Тым больш, што з гэтымі мясцінамі кожнага з нас звязвае шмат асабістага. "Сябры", як вядома, "нарадзіліся" ў Гомелі і працавалі тут больш за 15 гадоў, былі калектывам Гомельскай абласной філармоніі. І ў тыя часы, і пазней, ужо калі мы перабраліся ў Мінск, пастаянна наведваем родныя мясціны, даём тут свае канцэрты, і ставімся да іх як да своеасаблівых "справаздач" перад самай роднай публікай. У сольнік уключылі песню "Святы" Кіма Брэйтбурга, якую паказвалі на "Славянскім базары ў Віцебску", шэраг новых твораў Мікалая Сацуры. Але ж нельга і без "сяброўскай" класікі! Бо народ прагне пачуць старыя любімыя песні не толькі з дыска або ў эфіры, але і "жыўцом": такія жывыя стасункі артыстаў і слухачоў нельга замяніць нічым!

- Родам з-пад Хойнікаў, - дадаў кампазітар і ўдзельнік ансамбля Мікалай САЦУРА, - мой бацька: з вёскі Навасёлкі. Я ж нарадзіўся ў Тураве, а на бацькоўскай радзіме ўпершыню пабываў у пятым класе. І граў для бацькавых землякоў танцы: з-за баяна мяне нават бачна не было, але ўсім спадабалася. І тое ўхваленне стала для мяне быццам яшчэ адной "пуцёўкай" у свет музыкі, з якой я звязаў усё сваё жыццё. Яшчэ калі вучыўся ў Гомельскім музычным вучылішчы імя Н.Сакалоўскага, у складзе канцэртных брыгад ледзь не пешшу абышоў усе тыя мясціны. У мяне і цяпер там сваякі засталіся, мы з імі падтрымліваем сувязі. А як жа там прыгожа: прырода - папросту унікальная! І жывуць там людзі, моцныя духам. За гады, што мінулі пасля чарнобыльскай катастрофы, нашы дзяржава і Урад зрабілі ўсё магчымае, каб туды вярнулася спакойнае жыццё. Дый дзеячы культуры на гэты рэгіён не забываюцца. І тое, што сёлета Дзень пісьменства святкуецца ў Хойніках, - проста цудоўна! Ну, а мы, артысты, не падвядзём!