Сем лістоў з глыбіні Палесся

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Бацьку, маці, Бацькаўшчыне...

/i/content/pi/cult/285/4591/pic_2.jpgПасля смерці Івана Мележа ягоны рабочы кабінет яшчэ доўга захоўваў неабсяжны архіў дакументаў свайго гаспадара. Удава пісьменніка Лідзія Пятрова-Мележ рупліва збірала рукапісы, лісты, фотаздымкі, дзённікі, запісныя кніжкі мужа. У 1983 годзе Лідзія Якаўлеўна перадала каштоўныя дакументы ў Беларускі дзяржаўны (у тыя гады - Цэнтральны) архіў-музей літаратуры і мастацтва. Сярод многіх унікальных дакументаў фонду Мележа мне ў рукі трапілі сем лістоў ад яго бацькі - Паўла Фёдаравіча. За сціплымі, на першы погляд, аркушыкамі са школьных сшыткаў, запоўненымі ўборыстым, дзесьці нават амаль вучнёўскім, почыркам, - і жыццё маленькай вёскі, што схавалася на абсягах Палесся, і шчыры гонар за сына, які змог уласнымі намаганнямі стаць заслужана ўганараваным славай Чалавекам, і побытавыя дробязі. Усё, што сваёй пранізлівай дакументальнасцю дапамагло пасля стварыць непаўторную атмасферу "Палескай хронікі"... Радкі, напісаныя то простым алоўкам, то чарніламі, дазволілі дакрануцца да бездані бацькоўскай любові, якая ўвесь час суправаджала і падтрымлівала Івана Мележа ў жыцці і творчасці. Гэтай папраўдзе эксклюзіўнай публікацыяй матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея гісторыі беларускай літаратуры мы аддаём даніну нашай павагі і ўдзячнасці бацькам слыннага пісьменніка. Пісьмы Паўла Фёдаравіча Мележа друкуем у перакладзе з рускай мовы з нязначнымі скарачэннямі і максімальным захаваннем лексічных, фразеалагічных і сінтаксічных асаблівасцей арыгіналаў. Пакуль жа - вернемся ў 1944-ы, якім датаваны першы са знойдзеных лістоў... 

17.І-44 г.

Дарагі сын Ваня! Я, мама і ўся наша сям'я сардэчна віншуем цябе з законным шлюбам і жадаем усяго найлепшага табе і тваёй жонцы ў будучым сумесным жыцці. Жыць доўгія гады, быць здаровымі і вясёлымі на радасць нам і нашай сям'і. Напішы, Ваня, як імя тваёй жонкі, як жыве і чым яна займаецца. Перадай ад нас прывітанне сваёй жонцы, а нашай нявестцы.

Дарагі наш сын і брат Ваня! Атрымалі твае два лісты: ад 25.ХІ і 24.ХІІ.-43 г. Сардэчна радуемся за тваё жыццё і здароўе, за прывітанне. Паведамляю, што мы пакуль здаровыя і жывём. 26.ХІ.43 г. - дзень нашага вызвалення ад праклятай нямецкай кабалы. Гонар і слава нашай слаўнай Чырвонай арміі, смерць нямецкім шакалам-людажэрам! Перад прыходам нашых слаўных чырвонаармейцаў нам давялося бадзяцца па лясах, балотах і хмызняку, захоўваць сваё жыццё, а 29.ХІ-43 г. прыйшлі ў сваю вёску, на 50 працэнтаў спаленую, у тым ліку згарэў наш дом. [...] Ты пытаешся, як мы будзем далей жыць і што рабіць. Калі дазволяць здароўе і час, я ў першую чаргу буду клапаціцца аб будаўніцтве сабе хаты, хоць у нас з маёмасці засталася толькі адна кароўка, але гэта невялікая бяда: самыя цяжкасці будуць з вывазам лесу на хату. [...]

Моцна цалуем цябе ўсе.

Твой татка Мележ.

У папярэднім лісце "з глыбіні Палесся" перад намі паўстае карціна выпаленай, спустошанай вёскі, клопату гаспадара, які, калі згадаць той жа раман "Людзі на балоце", заўжды дбае пра зямлю. Менавіта такім руплівага беларуса і ўвасобіў пісьменнік: выпісваючы вобразы сваёй хронікі, раўняцца яму было на каго.

Дарагі сын Ваня!/i/content/pi/cult/285/4591/pic_3.jpg

Ліст твой і 400 руб. я атрымаў, за што табе дзякую, а таксама дзякую тваёй дачцэ Людцы, а сваёй унучцы, за дасланы адрас для паездкі дзядулі ў Мінск. Ваня! Ты ў сваіх лістах прасіў прыехаць да цябе ў Мінск пагасцяваць на некаторы час, і з лістоў бачна, што ты на мяне злуеш за тое, што не хачу пісаць табе лістоў і не еду да цябе, словам, лянуюся рабіць адно і другое. 13 сакавіка Юля была дома і перадала, што атрымала ад цябе пісьмо, у якім ты пішаш, каб я абавязкова прыехаў [...]. Гэта, канешне, з майго боку, ты лічыш, злачынна і нядобра. Ваня! Сам ты ведаеш выдатна, што мне, каб з'ехаць з дому, патрэбна выбраць час, каб было каму замяніць маю працу. Юля працуе ў Дворышчах, утраіх ходзяць у школу, адной матцы даводзіцца глядзець за ўсімі. Пры ўсім маім жаданні, я не магу выканаць тваю просьбу. Ды ты яшчэ пісаў у лістах, што, напэўна, я крыўдую на цябе і не хачу ехаць да цябе таму, што мала дапамагаў нам. Ваня! Я не толькі не крыўджуся на цябе, а радуюся і ганаруся табой як выхадцам з такой глушы і такой беднай сям'і, а дзякуючы сваёй старанасці да вучобы і таленту ты дасягнуў вышэйшай адукацыі і цяпер бываеш у найвышэйшым коле грамадства, без усякай бацькоўскай дапамогі, а толькі таго мог дабіцца ўсякі, хто жадаў вучыцца і валодаў талентам, пры савецкай уладзе. Словам, Глініскі Іван з мележаўскай пароды ў цяперашні час стаў беларускім пісьменнікам. Тое, што даводзілася і перажываць раней і заўсёдныя нашы недахопы не павінны мець месца ў нашых сваяцкіх і сямейным становішчах ніякія непаразуменні. Я не толькі не збіраюся прыехаць, а чакаю штодзённа: можа быць, як-небудзь прыедзе Геня, хаця б на кароткі час, тады мне стане вальней, я здолею прыехаць не толькі раз, а некалькі разоў у год.

У мінулым годзе Юля за мяне і ўсіх нас ездзіла да цябе ў Мінск. Усё ж, Ваня, я спадзяюся хутка быць у цябе. [...]

Прывітанне Лілі, Клаўдзіі Іванаўне і Людмілцы Іванаўне.

Застаюся ваш бацька і добразычлівец П.Мележ.

13.ІІІ.-49 г.

"Глініскі Іван з мележаўскай пароды..." У гэтай простай фразе - не толькі гонар бацькі за свайго сына... Пра гэта - і наступны ліст.

/i/content/pi/cult/285/4591/pic_4.jpg2.ІІ-54 г.

Дарагі сын Ваня!

Выбачай, што са спазненнем пішу гэты ліст. Дзяўчаты і Росця заняты вучобай, у мяне - свая праца: нарыхтоўка дроў, калгасная работа. Грошы - 400 руб.- атрымалі, за якія сардэчна дзякуем. Запазычанасць школе ўплацілі, частку з іх - на харчаванне Тамары, а астатнія- на соль ды газніцу. [...]

Ваня! Мы асабліва хвалюемся за цябе, за тваё здароўе. У лісце ты пісаў, што з вачамі ў цябе не зусім добра, жадаем табе самага хуткага выздараўлення. Ваня! Мы толькі дзякуючы тваёй чулай і добрай безадмоўнай дапамозе, якой ты нас саграваеш, жывём не горш за іншых, пляцёмся ўслед за сваімі суседзямі, увогуле, ты, Ваня, - наша святло, ты- аснова нашага жыція.

Што ж табе новага напісаць? Хаця ўсю зіму [...] трымаліся маразы, асабліва ў другой палове студзеня моцныя маразы - даходзяць да 38°, так што ў хаце халаднавата. [...]

Жадаем усім здароўя, добрых поспехаў у працы.

Павел.

А якім гонарам поўніцца бацькава сэрца ў наступным лісце, напісаным праз чатыры гады, і асабліва - у тым, што датуецца 1960-м...

 

/i/content/pi/cult/285/4591/pic_5.jpgДарагі сын Ваня!

Не атрымліваю ад цябе лістоў і сам пішу табе іх ад выпадку да выпадку. Сёння маю магчымасць напісаць табе ліст. Глініцкія дзяўчаты-харысты прыехалі з Мінска. Пры сустрэчы са мною з радасцю паведамляюць, што сустракаліся з табою: ты вітаўся з імі, падышоў да іх, распытваў пра нас. У тэатры глядзелі тваю п'есу, п'еса вельмі спадабалася, бачылі таксама Тому, Любу і Расціслава.

У нас сёння - 4-га снежня. Зіма ўвайшла ў свае правы. Маразы - моцныя. Зямля пакрыта злёгку снегам. Асабліва для старых, у прыватнасці, нам,- гэта самая цяжкая пара года. Тым больш, што такое даждлівае лета дасца ў знакі. Многія людзі засталіся на зіму без сена. У прыпяцкай зоне вёскі - Чарнаўшчына, Абухоўшчына, Буда, Ломыш, Тульговічы, Ламачы і Кажушкі - мала ў каго засталася бульба: уся вымакла. У нас у Глінішчах у многіх людзей у скляпеннях пашкодзіла бульбу: пагніла. Некаторыя калгаснікі ўжо прадалі кароў. Мы пакуль што карову трымаем. Сена ў нас таксама малавата: разлічваю пражыць з сенам толькі да лютага м-ца. На сакавік і красавік патрэбна будзе набыць сена: у нас маецца для продажу пудоў 30 - 40 бульбы, і мы зможам як-небудзь дажыць. [...] Я дамовіўся набыць сена 30 пудоў, цана за адзін пуд сена - 20 руб.,- добрае, а сярэдняе - 15 руб., сена мне якраз патрэбна. Як самому - жыць патрэбна, так і карову трэба захаваць для сябе. Таму прашу, не адмоўся і гэтым разам, вышлі грошай, калі табе не складана. [...]

Мы пакуль што жывём па-старыкоўску, займаемся сваімі хатнімі справамі. [...]

Вашы Павел і Марыя.

3.ХІІ-58 г.

5.ХІІ.-60 г.

Дарагі сын Ваня! Ліст твой з віншаваннем я атрымаў, за які дзякую.

27.Х-60 г. мяне запрасілі на канферэнцыю ў Глінішчанскі /i/content/pi/cult/285/4591/pic_6.jpgклуб расказаць тваю біяграфію. На канферэнцыі праходзіла распрацоўка твайго рамана "Мінскі напрамак". На канферэнцыі былі прадстаўнікі з райвыканкама і райкама партыі. Канферэнцыя праходзіла выключна чыткай рамана, асноўных момантаў і вытрымкі працы герояў рамана: як камісара Нічыпара Тураўца, Ніну і Аляксея Лагуновіч, Клаву, падрыўніка Шашуру, камандуючага фронтам Чарняхоўскага і шматлікіх герояў, воінаў і партызанаў. Кніга атрымала вельмі добрыя водгукі, чытка выслухана з вялікай увагай і інтарэсам як свайго земляка-аднавяскоўца пісьменніка Івана Паўлавіча.

На канферэнцыі асабліва шмат гаварыў дырэктар школы Акруленка Сямён Аляксандравіч па ўсёй тваёй кнізе: што яна пераведзена на многія замежныя мовы і карыстаецца вялікім поспехам сярод чытачоў.

На гэтым пакуль усё. Здароўе мамы пасля Мінска многа лягчэй, адчувае сябе добра.

Прывітанне Лілі і Людцы. Пішы, як тваё здароўе і ўсіх.

Цалуем моцна.

Твой бацька Павел. 

У наступным лісце, напісаным праз месяц, Павел Фёдаравіч адказвае, відаць, на пытанні сына адносна зямлі, яе ўпарадкавання і ўраджайнасці ў другой палове 1920-х. І, трэба адзначыць, бацька падышоў да выканання сынавай просьбы з вялікай адказнасцю і веданнем справы.

10.І.-61 г.

Дарагі сын Ваня!

Ліст твой атрымалі, за які сардэчна дзякуем. Адказваю на твае пытанні, што засталося ў памяці. Каб чаго не прапусціць і ўдакладніць, я даведваўся ад сваіх таварышаў па працы.

1. 1925 - 1926 гг. Надзелы лічыліся мінімальнымі- г. зн. 2,5 дзес. ворыўнай зямлі разам з прысядзібнымі ўчасткамі. Гэта лічылі за аснову для кожнай гаспадаркі або сям'і. Прыкладна 2 чалавекі выходзіць на 1,25 дзес. - атрымліваецца 2,5 дзесяц. Чатыры чалавекі па 1,25 - атрымліваецца 5 дзесяц., і г. д. Надзелы малымі лічылі пры наяўнасці ў сям'і 2 - 4 чалавек, сярэднімі - 4 - 7, вялікімі- 7 чалавек і болей. Вось так у нас карысталіся зямлёй пасля таго, як савецкая ўлада прагнала памешчыкаў да калектывізацыі да 1929 г.

2. Землеўпарадкаванне ў нас не праводзілася. Абразалі землі ў чатырох гаспадарках па пяць дзесяцін. Землеўпарадкаванне было праведзена ў Алексічах, і з Алексічаў зрабілі тры пасёлкі: Алексічы, Дуброўна і Рабец.

3. Калектывізацыя ў нас пачалася ў 1929 годзе ў верасні месяцы. У Каранёўцы - у 1930 г.

4. Юрэвіцкую воласць лічылі да 1929 г.

5. Юрэвіцкі раён перадалі ў Хойніцкі ў 1931 годзе ў чэрвені.

6. Ураджай у 1925 - 1926 гг., прыкладна: У Глінішчах і Алексічах: жыта - 75 - 80 пудоў з дзесяціны; пшаніца- 50 - 60; ячмень - 80; авёс - 70; бульба - 700 - 800; Каранёўка ураджай: жыта - 50 - 60; авёс - 50; проса і грэчка- 40 - 50; бульба - 600.

7. У 1929 - 1930 гг. ураджай лічылі добрым: жыта - 80 - 90; пшаніца- 75 - 80; ячмень - 80 - 90; авёс - 80; грэчка і проса - 60; бульба - 900; У Каранеўцы: жыта - 60 - 70; авёс - 60; проса і грэчка - 50; бульба - 700.

8. Цэны на прадукты не былі цвёрдыя, мянялі с/гас прадукты на прамтавары - 1925 - 1926 гг. да 1929 г., а ў 1929м і ў 1930 годзе цэны на прадукты былі ўстойлівыя. Жыта за пуд - 1 рубель, бульба за пуд - 30 капеек.

9. Цэны на прамтавары былі зусім нізкімі, і тавараў было ў дастатковай колькасці.

10. Цяжкасцей у калгасах было шмат. Не было добрага кіраўніцтва калгасамі, часта змянялі старшынь к/са, не было дысціпліны, таму было шмат крадзяжоў прадуктаў і маёмасці калгасаў.

11. Бочкай у нас і ў цяперашні час прынята лічыць бульбу - 20 пудоў. Паколькі ў бульбе шмат зямлі застаецца, робяць надбаўку яшчэ адзін пуд, таму лічаць з зямлёю: 21 пуд бульбы - у бочцы. Прыкладна: у 1960 годзе я накапаў бульбы 300 пудоў, ці - 15 бочак. Мой сусед мне сказаў, што ён накапаў бульбы на 25 бочак, ці - 500 пудоў.

Вось усё тое, што змог я ўспомніць паведаміць табе для тваёй патрэбы.

Прывітанне Лілі Якаўлеўне і Людмілцы.

Цалуем усіх. Маці пакуль трымаецца.

Шчыра твой бацька Павел.

А гэты, апошні са знойдзеных намі ў музеі-архіве лістоў Паўла Фёдаравіча Мележа, сярод іншых звестак, сабраных таксама па просьбе сына, утрымлівае і меркаванне пра першы раман "Палескай хронікі" - "Людзі на балоце" - аднаго з самых дарагіх для пісьменніка чытачоў. Таго, каму і прысвечана перліна айчыннага пісьменства. Зноў і зноў учытваемся ў мележаўскі эпіграф: "Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі".

Дарагі сын Ваня!

Ліст твой, што за 17.ІІ-61 г., мы атрымалі 20/ІІ, за яго і дзякуем.

Раман твой "Людзі на балоце" я прачытаў. Раман мне асабліва спадабаўся, памылак я ніякіх не знаходжу супраць жыцця таго часу і супраць законаў сельскай гаспадаркі. Я хаця і недастаткова адукаваны, маю 73 гады, а калі ўспомню тыя гады, што даводзілася самому бадзяцца па балоце пад час уборкі сенажацей, яшчэ задоўга да рэвалюцыйных падзей, то ў тваім рамане ўсе вельмі добра адлюстраваны моманты таго далёкага мінулага, як бы ты сам перажываў і прымаў удзел у працы таго часу далёкага мінулага.

Дарагі сын Ваня! Голас твой па радыё мы чулі разам з маткаю. Матка хацела размаўляць з табою, але немагчыма было. Гутарка твая нам добра зразумелая, родная і блізкая, мы ад радасці праслязіліся. Быццам сустрэліся і пагутарылі з табой асабіста. Пасля тваёй бяседы чыталі ўрывак рамана па радыё. Ад Любы я атрымаў ліст, у якім яна піша, што раман ёй таксама спадабаўся, толькі яна незадаволеная засталася тым, што мужам Ганны стаў Яўхім Корч, а не Васіль. 30 руб. грошай мы атрымалі, за якія дзякуем.

Святы ў нас святкуюць: у кожнай вёсцы - сваё гадавое свята. Напрыклад, Глінішчы, Алексічы, Княжацкая Слабодка, Багуславец, пасёлкі Рабец і Дуброва гадавым святам лічаць свяціцеля Мікалая (мірлікійскага цудатворца). Гэтае свята бывае два разы на год - 9 мая і 6 снежня па старым стылі: верагодна, яго нараджэнне і смерць. У Каранёўцы гадавым святам лічаць 1-га кастрычніка (Пакровы). Тунеўшчына гадавым святам лічыць другі дзень Вялікадня і 26 снежня - другі дзень Ражджаства Хрыстовага; Маклішча - 26 верасня: памяць Іаана Багаслова (Багуслаў); Хвойнае - Новы год, 1-га студзеня, і 8 верасня (прачыста другая); Нарыманаў (Міхалёў) - канун Новага года (Шчадруха); Агароднікі - 1-га студзеня (Новы год) і 8-га лістапада (Міхайла); У ж ы н е ц - 14-га вер а с н я (Узвіжанне Крыжа Гасподняга); Юрэвіцкая Слабодка - 15 жніўня, Ражджаство Багародзіцы (першае прачыста), і Вадохрышча - 6-га студзеня. Засценак і Вадовічы як новыя пасёлкі, арганізаваныя пры савецкай уладзе на месцы былых памешчыцкіх маёнткаў, лічаць гадавымі рэвалюцыйныя святы - 1-га мая і 7-га лістапада - Акцябрына; Буда і Ломыш - Мікола; Загальская Слабодка, Загалле, Клівы і Людвінаў (Тройца) - гэтае свята чысла не глядзіць: яно бывае на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня; Бярозаўка, Чарноўшчына, Абухоўшчына, Юрэвічы і пасёлак Баец - 8-га верасня (другая прачыста і Вадохрышча, 6-га студзеня; Крысенічы - 8 верасня; Шарэйкі - 9 мая і 6-га снежня (Мікола). Даты названых рэлігійных святаў пазначаны па старым стылі, і значэнне гэтых рэлігійных святаў, і калі яны былі ўведзены, я сам не магу ведаць.

Святкуюць гэтыя святы, без выключэння, усе людзі, якія жывуць у дадзеным населеным пункце. Да гэтых святаў запасаюцца гарэлкай, гатуюць добрую закуску з некалькіх страў. У гэты дзень, калі дзядзько добра жыве, ён лічыць госцем усіх, і ўсякага, хто зойдзе ў хату, па рэлігійным звычаі, прыме як госця: частуе гарэлкай і запрашае закусваць. Гэта- акрамя родных, а родныя прыходзяць без усякага запрашэння.

Моладзь у гэтыя святы ладзіць гулянкі. Музыка. Танцы. Гэтыя святы рэдка праходзяць спакойна, бываюць бойкі і патасоўкі ўсялякага роду. [...]

Цалуем усіх.

Шчыра вашы бацькі Павел і Марыя

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"