Па традыцыі, шмат падручнікаў і дапаможнікаў выпусцілі выдаўцы для навучэнцаў ПТВ, ССНУ, ВНУ. Усё больш падобных выданняў суправаджаюцца электронным дадаткам. Асабліва гэта тычыцца падручнікаў па замежных мовах. У такім рэчышчы вельмі цікавая навінка выдавецтва - падручнік беларускай мовы для замежных навучэнцаў "Беларуская мова? З задавальненнем!". Гэтае выданне, дзякуючы дадатку з фонаматэрыяламі, робіць магчымым вывучэнне беларускай мовы з нуля.
Дарэчы, выдавецтва заўсёды ішло ў нагу з часам. На запісах электронных дадаткаў тут не спыняюцца: у "Вышэйшай школе" распачалі выпуск аўдыёпадручнікаў для самастойнага навучання. Чаго вартая адна толькі "Англійская за рулём", распрацаваная для трох узроўняў ведання мовы!
Цікавым і новым для выдавецтва праектам стала серыя "Сучасныя беларускія кампазітары". Сёлета ўжо выйшлі чатыры кнігі: пра Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Андрэя Мдзівані і Сяргея Картэса.