Праз бэз самародка...

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Вясковы мастак-самавук Міканор Зосік нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Гурка былой Гродзенскай губерні Кобрынскага павета. Цяпер гэта вёска Закозель Драгічынскага раёна Брэстчыны.

/i/content/pi/cult/284/4576/pic_55.jpgПершае знаёмства падлетка з жывапісам, уменне карыстацца фарбамі адбылося, магчыма, у закозельскім маёнтку Караля Талочкі ў 1920-я гады. Як узгадваюць вяскоўцы, здарылася тады ў Міканора і першая мастакоўская прыгода: ён намаляваў стозлотавую купюру, і яе прынялі за сапраўдныя грошы! Аднак пасля разабраліся, а ў Міканора былі непрыемнасці з ўладамі.

Усё жыццё Міканора Зосіка прайшло ў Гурцы, у штодзённых гаспадарчых клопатах. Калі выпадала часіна, любімым заняткам было маляванне. Ён напісаў сотні карцін і маляваных дываноў на разнастайную тэматыку. Аматары прыгожага - суседзі, знаёмыя, сваякі, сябры, аднавяскоўцы, сяляне з навакольных паселішчаў - да сённяшняга дня захоўваюць гэтыя сведчанні таленту іхняга земляка, мастака-самародка Міканора Зосіка, які пай/i/content/pi/cult/284/4576/pic_56.jpgшоў з жыцця ў 1981-м.

...Дасюль памятаю, як упершыню пабачыў яго творы. У маленькім вясковым пакоі, куды завітаў разам з маці, віселі маляваныя алеем палотны: празрыстая вада, імшыстыя ўзлескі, зграбныя алені, бэз, чырвоныя макі...

Некалькі карцін і вялікі маляваны дыван я прывёз у Мінск. Супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аднагалосна пацвердзілі: няхай гэта не прафесійнае, але - таленавітае мастацтва.

А пазней, у гэтай жа ўстанове, адбылася прэзентацыя работ вясковага прымітывіста Міканора Зосіка...

Леанід КАЧАНКА

На здымках: работы Міканора Зосіка.