Рэзананс на надрукаванае: Нашы “разыначкі” ў агульны “пірог”

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

У № 33 "К" за гэты год было змешчана інтэрв'ю з галоўным спецыялістам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланай Гаўрылавай. Матэрыял выклікаў у мяне і маіх калег вельмі шмат думак, бо развіццё музейнай справы ў XXI стагоддзі - сапраўды актуальная тэма. Таму хацелася б падзяліцца з чытачамі газеты сваімі думкамі на гэты конт.

/i/content/pi/cult/284/4574/pic_53.jpgСярод шматлікіх пытанняў, што тычацца сферы дзейнасці музеяў, адно з самых злабадзённых на сёння - пашырэнне спектру платных паслуг. І трэба адзначыць, што ў гэтай няпростай справе музейныя ўстановы імкнуцца пераўзысці адна адну.

Не застаўся ўбаку і Бабруйскі краязнаўчы музей, які сёлета не ўпершыню дадае свае адметныя "разыначкі" ў гарадскі "культурны пірог". Так, напрыклад, у маі бягучага года тут была зладжана "прэм'ера" Ночы музеяў, а зусім нядаўна, 14 жніўня, зноў жа - упершыню, ва ўстанове, па прапанове аддзела культуры гарвыканкама, адбылася этнаграфічная імпрэза "На век доўгі, на быт добры".

Менавіта так называецца сцэнарый беларускага народнага вяселля, які распрацавалі супрацоўнікі музея. Ажыццявіць яго дапамаглі супрацоўнікі Палаца мастацтваў Бабруйска. Аказваецца, ёсць у нашым горадзе маладыя людзі, здольныя ўнесці разнастайнасць у даволі прадказальны, здавалася б, ход вясельнага сюжэта. Ды і не абы-якую, а самую сапраўдную народную творчасць.

Рызыкнулі зазірнуць у глыбіню стагоддзяў маладажоны Інга і Аляксандр Чарнігаўскія. А рызыка сапраўды была: трэба было прадэманстраваць шаноўнай грамадзе і свае гаспадарскія навыкі, і інтэлект, і кемлівасць, і вынаходлівасць. Ды не толькі маладажонам, але і іх дружкам. І ўсё гэта - пад пільным вокам эксперта, з абавязкамі якога выдатна справілася пачэсная госця - бабуля маладой Роза Тоўсцік. Пад вясёлую музыку, пад дружныя апладысменты і падказкі, пад смех і жарты ў этнаграфічнай музейнай зале праходзіла вясельная дзея.

Ролі гасцінных гаспадынь прымералі малодшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Ларыса Цімашэнка і метадыст Палаца мастацтваў Вольга Валявіна. Былі зроблены і жартоўныя фотаздымкі, якія поруч з іншымі звычайнымі, што пасуюць моманту, адкрыюць летапіс новай сям'і - на век доўгі, на быт добры.

Ларыса ДЫСІНА, супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея

На здымку: вяселле ў музеі.