Рэзананс на надрукаванае: У Стрэньках — эксклюзіўны музей

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

У № 12 "К" за гэты год быў змешчаны артыкул "Ліцэнзія на... прафесійнасць", дзе распавядалася пра дзейнасць аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама. Гаварылася, у прыватнасці, пра ідэю стварэння пры Стрэнькаўскім цэнтры рамёстваў Музея беларускай лялькі.

/i/content/pi/cult/284/4573/pic_52.jpgДнямі з рэдакцыяй звязаўся начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў і паведаміў, што праект ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні" не толькі падтрымаў названую ініцыятыву, але і аказаў аддзелу кансультатыўную і фінансавую дапамогу.

На адкрыццё музея ў Стрэньках праект ЕС/ПРААН выдаткаваў ужо 16 мільёнаў рублёў. Цяпер, як паведамляе "К" дырэктар Рагачоўскага метадцэнтра Ірына Седлер, у адным з памяшканняў Цэнтра рамёстваў, прызначанага пад музейную выставачную залу, вядзецца рамонт: замяняецца электраправодка, устанаўліваюцца экспазіцыйныя вітрыны і стэлажы. Райметадцэнтр рыхтуе прэзентацыйныя буклеты.

А адкрыецца Музей беларускай лялькі 26 верасня. Як запэўнівае Ірына Седлер, да гэтага дня прымеркаваны шэраг святочных мерапрыемстваў: тэатралізаваная дзея, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі, конкурсы на лепшую ляльку...

Нагадаем, што Цэнтр рамёстваў у Стрэньках даўно стаў унікальным культурна-турыстычным аб'ектам, які штогод паспяхова спраўляецца з планам аказання платных паслуг. Ад абрадавых тэатралізацый і рэалізацыі вырабаў мясцовых рамеснікаў і лялечнікаў тут зарабілі летась амаль чатыры мільёны пазабюджэтных рублёў. Сёлетні план - пяць мільёнаў рублёў. Натуральна, музейныя лялькі стануць яшчэ адной прыемнай "прынадай" для турыстапакупніка.

 А асновай музейнай калекцыі, як вядома, стаў збор абрадавых лялек майстра-метадыста Цэнтра рамёстваў Вольгі Ткачовай, а гэта не адзін дзесятак старадаўніх твораў, зробленых не толькі ў Беларусі.

На здымку: "Навадзельныя" лялькі Вольгі Ткачовай.

Фота аўтара