Колькі ж песень у “Землякоў”?

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Вакальны ансамбль "Землякі" Параф'янаўскага сельскага дома культуры быў створаны ў 2005-м. У яго склад на сённяшні дзень уваходзіць 15 чалавек: гэта работнікі СДК, настаўнікі мясцовай школы, работнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, гандлю, навучэнцы. А ў ліпені бягучага года ансамблю было прысвоена ганаровае званне "народны".

Стваральнікам і кіраўніком вакальнага ансамбля "Землякі" з'яўляецца Алег Каляга. Галоўны накірунак творчай дзейнасці калектыву - папулярызацыя песеннага мастацтва, беларускай вакальнай культуры.

У рэпертуары ансамбля налічваецца блізу 50 твораў. Штогод "землякоўцы" абнаўляюць і пашыраюць свой рэпертуар, імкнуцца зрабіць так, каб іхнія выступленні былі цікавымі для розных катэгорый гледачоў. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць: выступае на сцэнах устаноў культуры як свайго, так і суседніх раёнаў.

Летась ансамбль удзельнічаў у абласным аглядзе-конкурсе аматарскай творчасці сярод устаноў культуры клубнага тыпу, школ мастацтваў аграгарадкоў Віцебшчыны. А саліст "Землякоў" Андрэй Воранаў заняў ІІ месца ў абласным конкурсе маладых выканаўцаў патрыятычнай песні "Песні юнацтва нашых бацькоў" у намінацыі "Саліст-вакаліст", стаў таксама лаўрэатам конкурсу вакальнай творчасці "Залатая ліра" ў Мінску.

Калектыў неаднойчы атрымліваў падзяку Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта за актыўную канцэртную дзейнасць і неаднаразова быў пераможцам раённага агляду-конкурсу аматарскай творчасці "Таленты Докшыччыны".

Інга ЖУРОМСКАЯ, начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама