Пазычаць ці не?

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Як узгадаваць “уласнае дзіця”?

/i/content/pi/cult/284/4570/pic_47.jpgМінулы, 40-ы, сезон у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры завяршыўся прэм'ерай музычнай камедыі "Мая жонка - ілгуння". Гэтая назва з'явілася на нашай афішы яшчэ ў 1979 годзе і не сыходзіла з яе амаль 25 сезонаў. Але цяперашні спектакль вылучаецца не проста новай пастаноўкай, а- галоўнае - новым прачытаннем самога жанру. Хаця саму п'есу можна аднесці да камедыі становішчаў, а ў праграмцы спектакль пазначаны як "эксцэнтрычная камедыя", насамрэч у ім былі акцэнтаваны моманты псіхалагічныя.

А ўсё таму, што рэжысёрам была запрошана Галіна Галкоўская - прызнаны майстра найтонкіх псіхалагічных адценняў, якія яна без цяжкасці знаходзіць у кожнай музычнай фразе і н а в а т інтанацыі сваіх оперных пастановак. Праўда, тут ёй давялося працаваць не толькі з музыкай, але і з уласна размоўнымі тэкстамі. Ды яшчэ - з маладымі артыстамі, не надта спрактыкаванымі ў такіх дыялогах. Сапраўды, зрабіць падобны псіхалагічны ўхіл было не так проста. Тым больш, што самой п'есе шмат у чым бракуе звычайнай чалавечай логікі ўзаемаадносін.

Вільям жудасна раўнуе сваю жонку да "незнаёмца" (на справе гэта - даўні сябра сям'і), з якім тая аднойчы снедае ў рэстаране. І нават з-за гэтага сыходзіць з дому! Але чамусьці зусім не здзіўляецца, калі атрымлівае тэлеграму, што пасля дзевяці месяцаў яго адсутнасці ў Кэці "нарадзілася" дзіця (на справе - тая "пазычыла" яго з прытулка). Пагадзіцеся, само "пазычэнне немаўлят" - бы ўмоўнасць "сцэн пераапранання", калі герояў не пазнаюць толькі з-за змены касцюма.

Ды ўсё ж у гэтым "змаганні з п'есай" (і, дадамо, з летняй спякотай, на якую прыпадала прэм'ера) рэжысёр дасягнула, па меншай меры, трох значных перамог. Першая - у тым, што новы спектакль разлічаны не толькі на аматараў пасмяяцца, але і на ўдумлівую публіку, здольную вынесці з яго заклік да ўзаемаразумення і даверу паміж блізкімі людзьмі. Другая перамога- у змене акцёрскіх амплуа, што, несумненна, пойдзе на карысць артыстам і ўсёй трупе (больш ці менш звыклая паводле сваёй эксцэнтрычнасці хіба роля Генры, якая дасталася Васіл/i/content/pi/cult/284/4570/pic_48.jpgю Сердзюкову). Нарэшце, трэцяя - у адкрыцці для шырокай публікі талента Дзяніса Мальцэвіча. Ён адораны не толькі вакальна, чаму навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, паралельна працуючы ў хоры тэатра. Але выявіць напоўніцу свой артыстызм малады саліст мог раней хіба ў антрэпрызных пастаноўках. У "Маёй жонцы - ілгунні" менавіта ягоны Джымі аказваецца ў цэнтры камічнай віхуры.

 Астатнія героі абмаляваны больш аднапланава - за выключэннем, бадай, Наталлі Гайда, якая ў невялічкай ролі начальніцы прытулка Міс Пецінктон уражвае россыпам акцёрскіх прыёмаў. Яўген Ермакоў старанна робіць Вільяма гэткім "пакрыўджаным трагікам". Ала Лукашэвіч, непераўзыдзеная актрыса-травесці, нечакана паўстае ў ролі Кэці - да знямогі імпульсіўнай і адначасова кранальна-безабароннай жанчыны, якая больш за ўсё баіцца страціць свайго каханага. Наталля Дзяменцьева, што прызвычаілася да лірычных гераінь, тут становіцца характарнай Мэджы. Запамінальную служку Бэтсі стварае Вікторыя Стрыганкова.

Спектакль стаў першай буйной працай дырыжора Марыны Траццяковай. Аркестр справіўся з пастаўленымі задачамі, але музыкантам хочацца пажадаць больш а й дэталізацыі штрыхоў, асэнсавання стылёвай пярэстасці партытуры, пашырэння яе дынамічнай палітры (пакуль, здараецца, інструментал "зашкальвае", засланяючы со/i/content/pi/cult/284/4570/pic_49.jpgльныя партыі).

Мастак Любоў Сідзельнікава, у адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй, не імкнулася да авангардных рашэнняў, пакінуўшы ў сцэнаграфіі звыклы мэблевы інтэр'ер. Адметнасць яму надае празрысты заднік з "фіранкамі", што чытаецца гэткім "акном" у знешні свет - то неад'емны з унутраным светам герояў, то адасоблены ад яго. Будзем спадзявацца, увосень спектакль узбагаціцца псіхалагічнай дакладнасцю, тонкасцю музычнай афарбоўкі. І ўдала дапоўніць сенсацыю 41-га сезона - прэм'еру спектакля "Аднойчы ў Чыкага" (паводле славутага мюзікла "У джазе толькі дзяўчаты"), якой, дарэчы, 11 верасня гэты сезон і адкрыецца. Яшчэ адным сюрпрызам сезона стане беларуска-расійскі праект - "Блакітная камея", разрэкламаваны на "Славянскім базары ў Віцебску". Ну, а там, можа, дачакаемся і галоўнага свята - калі да тых "пазычаных" твораў далучыцца, нарэшце, свой.

На здымках: сцэны са спектакля. 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"