“Балетны Галівуд” Ліепы

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Праект “Рускія сезоны ХХІ стагоддзя”, што ўжо скарыў усю Еўропу, днямі стартаваў і ў Мінску.

/i/content/pi/cult/284/4569/pic_46.jpgНа яго прэзентацыі, што адбылася ў Доме Масквы, перад прысутнымі выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, заснавальнік і ідэйны натхняльнік праекта, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа. Былі паказаны слайд-шоу, відэазапісы фрагмента "Шахразады", аднаактовы балет "Сіні Бог".

Стагоддзе таму Сяргей Дзягілеў, жадаючы пазнаёміць вытанчаную парыжскую публіку з авангардным рускім мастацтвам, пачаў з таго, што замовіў будучыя спектаклі праекта "Рускія сезоны ў Парыжы" самым перадавым творцам. У 1992-м Андрыс Ліепа, жадаючы аднавіць тыя спектаклі і вярнуць іх не толькі Расіі, але і ўсяму свету, зняў на "Мосфильме" стужку "Вяртанне "Жарптушкі"...

Дый пад час мінскай прэзентацыі "балетны Галівуд" уразіў больш за любыя словы. У "Шахразадзе", пастаўленай легендарным Міхаілам Фокіным на музыку Мікалая Рымскага-Корсакава са сцэнаграфіяй Леона Бакста (між іншым, ураджэнца Гродна) акурат у 1910-м, - сапраўднае буянне жарсцей. Усходняя запаволенасць змяняецца выбухам эмоцый, што палаюць у кожным руху, жэсце, позірку, у сцэнічных строях і нават іх асобных дэталях. Рэжысёрская відэаверсія А.Ліепы, дапоўненая цудоўнай аператарскай працай, дазваляе ўбачыць дзеянне не толькі "з глядзельнай залы", спалучаючы "партэрныя" і "балконныя" ракурсы, але і непасрэдна "са сцэны" - вачыма саміх удзельнікаў спектакля. Гнуткая, пластычная Ілзе Ліепа (дарэчы, менавіта яе ўбачыць публіка ў кастрычніцкім мінскім паказе гэтага спектакля "Рускіх сезонаў") - бы вярба над вірам, куды яе зацягвае стыхія кахання.

Акрамя поўнай тэатральнай версіі "Шахразады", наша публіка ўбачыць і "Жар-птушку" ўсё таго ж М.Фокіна са сцэнаграфіяй Л.Бакста на музыку Ігара Стравінскага - і зможа параўнаць яе з колішняй пастаноўкай гэтага балета народным артыстам СССР Валянцінам Елізар'евым. Паказы двух спектакляў "Рускіх сезонаў" адбудуцца 22 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Калі ўсё пройдзе паспяхова, запэўніў А.Ліепа, ён быў бы рады прадоўжыць супрацоўніцтва і паставіць адзін з адноўленых балетаў "Рускіх сезонаў" "на трупу" нашага тэатра.

На здымку: сцэна са спектакля "Сіні Бог".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"