Раць князя Астрожскага

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Днямі “Беларускі відэацэнтр” выпусціў новую стужку, прысвечаную гістарычнаму мінуламу Беларусі.

/i/content/pi/cult/284/4568/pic_45.jpgГэтым разам у полі зроку рэжысёра Юрыя Цвяткова і яго сталага сааўтара, сцэнарыста Уладзіміра Мехава апынулася ХVI стагоддзе і адна з выбітных постацей таго часу - князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі.

"Князь Астрожскі і яго раць" - чацвёртая частка гістарычнай серыі, якую Юрый Цвяткоў і Уладзімір Мехаў ствараюць цягам апошніх двух гадоў. Нагадаем, што раней на "Белвідэацэнтры" за аўтарствам гэтых кінематаграфістаў выйшлі стужкі пра стваральніка знакамітага Шклоўскага балета Сямёна Зорыча, беларусаў Паўла Астроўскага і Аляксандра Савіцкага, якія сталі прататыпамі знакамітых раманаў Аляксандра Пушкіна і Леаніда Андрэева, таксама быў выпушчаны фільм пра першадрукароў і асветнікаў нашага краю. Стылістычна новая работа доўжыць шэраг: карціна мае выгляд аповеду, яна багата ілюстравана як старажытнымі малюнкамі, так і фрагментамі гістарычных стужак ды дакументальнымі рэканструкцыямі з удзелам майстроў айчыннай акцёрскай школы.

Жанр дакументальнай драмы актыўна эксплуатуецца тэлебачаннем, айчынныя кінематаграфісты ў апошнія гады звярталіся да яго не так часта. Асноўная цяжкасць стварэння гістарычна-хранікальнай стужкі, як сцвярджаюць самі дакументалісты, - у адсутнасці цікавага ілюстрацыйнага матэрыялу, таму і даводзіцца ўжываць рэканструкцыю. Пры гэтым часта страчваецца мастацкі складнік - кінатвор атрымліваецца звычайным журналісцкім аповедам, губляецца сярод шматлікіх аналагаў. Трэба адзначыць, аўтарам стужкі "Князь Астрожскі і яго раць" удалося пазбегнуць большасці праблем, характэрных для такога роду фільмаў. Карціна Юрыя Цвяткова атрымалася па-сапраўднаму мастацкай, да таго ж- бадай, самай удалай з усёй гістарычнай серыі. Сюжэт стужкі пабудаваны на драматургічнай аснове, чаму спрыяе выкарыстанне гістарычнага матэрыялу: постаць самога князя, яго знакамітага бацькі - гетмана ВКЛ ды іншых гістарычных асоб атрымліваюць патрэбную візуалізацыю.

Дарэчы, звычайна для дакументальных рэканструкцый на экране запрашаюць малавядомых акцёраў. Але ў стужках Юрыя Цвяткова заўсёды здымаюцца вядомыя шырокаму гледачу артысты. Акцёрская работа Арнольда Памазана, Мікалая Кірычэнкі, Аляксандра Гарцуева характэрна, хутчэй, для ігравых стужак.

Сапраўды, мастацкім выдаўся і "Князь Астрожскі" - з вельмі тактоўным спалучэннем жывых персанажаў і іх партрэтаў. Постаць самога гетмана ВКЛ і яго час, адзначым, нячаста трапляюць у аб'ектывы папулярызатараў беларускай гісторыі на экране. Таму з'яўленне новай цікавай работы можна толькі вітаць.

На здымку: Аляксандр Гарцуеў у вобразе Канстанціна Астрожскага.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА