У чым жа сакрэт мастака? Зразумела, перш за усё - у стаўленні аўтара да таго, што адлюстроўваецца на яго палатне або аркушы. Гледзячы на творы Сухарукава, адразу пераконваешся: гэта не проста "кавалачкі" гарадоў, а - мясціны асабіста важныя для аўтара, з якімі звязаны цёплыя ўспаміны і з якімі ён сустракаецца штодзень. Ды і ў кожным творы - нешта большае за простае адлюстраванне рэчаіснасці. Па словах самога аўтара, вельмі важны складнік яго работ - незвычайны ракурс, які дазваляе паказаць горад менавіта так, як бачыць яго мастак.
"Тэма горада блізкая мне таму, што я сам нарадзіўся і вырас у ім, - распавядае творца. - Праз прыгажосць архітэктурных форм і матываў, рытміку вуліц і адлюстраванне асаблівага эмацыянальна-псіхалагічнага стану, спалучыўшы ў жывапісных прыёмах элементы рэалізму і сучаснага мастацтва з уласцівай акварэлі лёгкасцю і свабодай, я хачу данесці да гледача ўсю эстэтыку гэтай, улюбёнай мною, тэмы".
Яшчэ адзін складнік поспеху Сухарукава - выдатнае валоданне тэхнікай. Выпускнік факультэта дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў, ён, як ні дзіўна, пачаў рухацца не ў бок авангардных напрамкаў, як некаторыя дызайнеры з мастацкім ухілам, а працягваў адточваць акадэмічныя прыёмы акварэльнага жывапісу.
Сённяшняя выстаўка - першая для яшчэ даволі маладога мастака. Па сутнасці, класічнасць яго работ нібыта не зусім адпавядае асноўнаму кірунку працы музея, але падтрымка маладых талентаў - адзін з прыярытэтаў работы супрацоўнікаў выставачнай пляцоўкі. Таму, па словах загадчыка аддзела выставак Надзеі Зелянко, рашэнне аб прадастаўленні Ігару экспазіцыйнай прасторы, з улікам яго высокага прафесійнага ўзроўню, было адназначным.
Д.Д.