Творчы ваяж: шэсць краін

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Сёлетняя восень багатая на Дні культуры Рэспублікі Беларусь у замежжы: толькі за верасень і кастрычнік нашы майстры мастацтваў пабываюць у шасці краінах.

Ужо напрыканцы наступнага тыдня прадстаўнікоў беларускай культуры чакае Казахстан. Там прадставяць выстаўку Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, канцэрт ансамбля салістаў "Класік-Авангард", Дні беларускага кіно. Адкрыццё Дзён беларускага кіно ў рамках Дзён культуры пройдзе і ў Літве. Да айчынных кінематаграфістаў таксама далучацца Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У Літоўскім мастацкім музеі аматары жывапісу пабачаць выстаўку з Нацыянальнага мастацкага музея, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння Івана Хруцкага.

22 - 24 верасня будуць вельмі насычанымі ў Абу-Дабі, куды плануюць прыехаць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Дзяржаўны камерны аркестр, а таксама экспазіцыя Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Верасень завершыцца грандыёзным святам беларускіх муз ва Украіне. Ва ўрачыстасцях прыме ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. Вялікі тэатр вязе да суседзяў "Рамэа і Джульету" Сяргея Пракоф'ева. Дарэчы, балетная трупа асвоіць пляцоўку канцэртнай залы гатэля "Эміратс Палас", дзе неаднойчы выступалі самыя знакамітыя еўрапейскія тэатры. Айчыннае драматычнае мастацва прадставіць Генадзь Аўсяннікаў, які выйдзе на падмосткі Кіева ў монаспектаклі "Беларусь у фантастычных апавяданнях".

Прымаць нашых творцаў будзе і Кітайская Народная Рэспубліка. Спачатку "Харошак", "Песняроў", салістаў і калектывы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна чакаюць на Сусветнай выстаўцы "Экспа-2010" у Шанхаі. Пасля майстроў сцэны сустрэне Пекін.

Працягваюцца мерапрыемствы ў рамках Года культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі. На чарзе - Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. У кастрычніку ў горадзе на Няве адкрыюць мемарыяльную дошку Яну Баршчэўскаму. Тут жа пакажуць пастаноўку Купалаўскага тэатра "Беларусь у фантастычных апавяданнях" па матывах твораў Яна Баршчэўскага.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"