“Мітусяцца фарбы, ажно слепяць вочы...”

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Міхась Філіповіч. Рэльефы і штрыхі лёсу

/i/content/pi/cult/284/4553/pic_15.jpgРаботы гэтага творцы даўно знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, аднак яго творчая біяграфія і сёння малавядомая не толькі ў асяроддзі аматараў жывапісу, але і сярод сучасных маладых мастакоў. Хаця і на слыху яго імя заўсёды асацыіравалася з "беларускасцю", з тым, што ён быў адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай школы, аўтарам шматлікіх твораў пра жыццё і побыт нашага народа да рэвалюцыі і пасля яе...

Між тым, у свой час пра Міхася Філіповіча (а гаворка - менавіта пра яго) многа гаварылася і пісалася. Але жыццёвы шлях ды каранёвыя вытокі ягонага мастацтва так і не былі прафесійна прааналізаваны, бо ў пачатку 1930-х ён быў абвінавачаны тутэйшай вульгарызатарскай крытыкай у "нацдэмаўшчыне", у адрыве ад новай сацыялістычнай рэчаіснасці, у неразуменні класавай сутнасці савецкага мастацтва.

І калі б Міхась Мацвеевіч своечасова не з'ехаў у Маскву, ён дакладна трапіў бы пад кола рэпрэсій, як ягоныя калегі Я.Мінін, М.Шчакаціхін, М.Каспяровіч, Г.Змудзінскі, браты Даркевічы...

Ды і ў Маскве ён цудам пазбегнуў ганенняў (у адрозненне, скажам, ад свайго земляка Рамана Семашкевіча), бо, мабыць, своечасова адгукнуўся на ідэалагічныя патрабаванні ўлады: ствараць карціны на тэмы новай сацыялістычнай рэчаіснасці ў, так бы мовіць, строга рэалістычнай форме. Галоўнае - паказаць, што нясе народам новы савецкі дзяржаўны лад. Практычна большасць тагачасных мастакоў краіны Саветаў рэалізавала гэты заклік (сярод іх былі вельмі таленавітыя творцы), лёс астатніх аказаўся сумным.

Упершыню пра Міхася Філіповіча больш-менш падрабязна распавёў мастацтвазнаўца Віктар Шматаў у сваёй невялічкай манаграфіі, якая была надрукавана ў 1971 г. у выдавецтве "Навука і тэхніка". І хаця яна не пазбаўлена недахопаў, асабліва- у ацэнках тых або іншых мастацкіх з'яў таго часу, аўтару ўсё ж удалося паведаміць пра асноўныя вехі жыцця і творчасці выдатнага сына беларускага народа.

Урэшце, і да таго імя Філіповіча заўсёды згадвалася ў пасляваенных кнігах пра выяўленчае мастацтва Беларусі, у прыватнасці, у "тоўстых" мастацтвазнаўчых даследаваннях масквічкі М.Арловай і мінчаніна П.Масленікава. Але ўсё гэта было неяк мімаходзь і, зноў-такі, абапіраючыся на марксісцка-ленінісцкія догмы ў ацэнках мастацкіх з'яў.

Аднак у 1920-я гг. імя Філіповіча гучала на ўвесь голас і, збольшага, у досыць пазітыўным кантэксце СМІ, а яго творы рэпрадукаваліся ў такіх маскоўскіх часопісах, як "Искусство и революция", "Искусство - в массы", "Красная нива" і нават выдаваліся асобнымі каляровымі паштоўкамі.

Дык хто ж ён, гэты мастак, беларус, як кажуць, да мозгу касцей, які самаахвярна любіў сваю радзіму, але скончыў сваё жыццё ў Расіі ўсяго ў 51 год?

Адзінай крыніцай, з якой можна пачарпнуць пэўныя звесткі пра дзіцячыя і юнацкія гады Міхася Мацвеевіча, з'яўляецца нарыс Мікалая Шчакаціхіна "На шляхах да новага беларускага мастацтва". Ён быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" № 20 у 1927 годзе. У ім адзначана: "...Факты біяграфіі Філіповіча падаюцца намі з яго ўласных слоў". Яшчэ ёсць успаміны сяброў мастака, якія закранаюць дадзены перыяд яго жыцця. І гэта для нас - надзвычай важны аспект.

...Нарадзіўся будучы творца ў 1896 г. (месяц - невядомы). Бацька яго, Мацвей Філіповіч - селянін Барысаўскага павета, - пасля службы ў царскай арміі застаўся працаваць на чыгунцы ў Мінску, дзе і з'явіўся на свет Божы Міхасёк.

Аднак, калі хлопчыку толькі споўнілася чатыры гады, памерлі яго бацькі... Малодшы Міхась, ягоныя брат і сёстры, старэйшая з якіх, ужо замужняя, з-за беднасці не змагла прытуліць у сябе малодшых, засталіся сіротамі. Дапамог дзядзька Фадзаей Фадзеевіч Гурскі, каваль-малатабоец, што забраў Міхася ў свой дом на Маркаўскі завулак (цяпер- вуліца Змітрака Бядулі). Там хлопчык і выхоўваўся, пакуль яго не аддалі ў царкоўнапрыхадскую школу. Пасля яе ён паступіў у Мінскае рэальнае вучылішча: менавіта тут упершыню выявіліся яго добрыя мастацкія здольнасці. У раскрыцці таленту дапамаглі настаўнікі - К.Ермакоў і Д.Полазаў, даволі вядомыя ў той час мінскія мастакі.

Менавіта ў перыяд атрымання адукацыі ў вучылішчы Філіповіч вельмі захапіўся беларускімі народнымі рамёствамі і промысламі, асабліва - ткацтвам. Захавалася некалькі альбомаў з яго акварэльнымі зарысоўскамі з адлюстраваннямі арнаментальных посцілак і народнай вопраткі Слуцкага і Бабруйскага рэгіёнаў. Але, па ўспамінах самога мастака, настаўнікі ставіліся да ягоных творчых пошукаў адмоўна, што часта прыводзіла да паасобных рознагалоссяў паміж выкладчыкамі і сціплым, але вельмі ўпартым ў сваіх эксперыментах, хлопцам. Так ці інакш, Філіповіч у вучылішчы ўсё ж авалодаў нейкай сумай прафесійных мастацкіх ведаў, якія яму хутка спатрэбіліся на далейшым жыццёвым шляху ў вялікае мастацтва.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, вучылішча было спачатку эвакуіравана ў Гжацк, потым - у Маскву, і нарэшце асела ў Яраслаўлі. Гэта было першае падарожжа Філіповіча за межы Беларусі. Падарожжа, у якім ён асабліва цікавіўся ўсім тым, што было звязана з помнікамі старажытнай архітэктуры, самабытным адзеннем, ладам жыцця, нацыянальным славянскім тыпажом. Усё гэта творца мімаволі параўноўваў з беларускай спадчынай. І яна мела шмат сваіх яркіх і непаўторных асаблівасцей у параўнанні з рускімі ўзорамі.

У 1917 г., пасля заканчэння вучылішча, Філіповіч вярнуўся ў Мінск, у родавае гняздо Гурскіх - дом па Маркаўскім завулку. Шмат працуе, малюе пейзажы Старога горада, яго вуліцы і плошчы. Эцюды гэтыя не захаваліся, але суседка Гурскіх- Людміла Гурыновіч - прыгадвае гэтыя работы, якія вылучаліся вельмі жывым настроем і дакладнасцю ў перадачы натуры.

Аднак Філіповіч адчуваў, што прафесійных ведаў, атрыманых у вучылішчы, яму ўсё ж недастаткова, а працягваць адукацыю ў Мінску было немагчыма: мастацкіх навучальных устаноў тады тут не існавала. І ў 1918 г. Міхась, амаль без сродкаў на пражыццё, як кажуць, махнуў у Маскву: менавіта там, на яго думку, можна было стаць сапраўдным мастаком. У прынцыпе, ён мог паехаць і ў Віцебск, але там толькі-толькі пачыналася "мастацтва будучыні", а ў Маскве былі і Трацякоўка, і іншыя музеі, і вельмі знакамітыя мастацкія навучальныя ўстановы.

Але так склаліся абставіны, што адразу паступіць тут вучыцца мастацтву Філіповічу не ўдалося. І таму Міхась спачатку аказаўся ў Маскоўскім межавым інстытуце. Адначасова стаў займацца ў прыватнай студыі выяўленчага мастацтва жывапісца А.Хатулёва. Але праз год ён кідае інстытут і пераходзіць у Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, дзе яго галоўным настаўнікам становіцца не хто іншы, як сам маэстра Канстанцін Каровін.

Акрамя Каровіна, там выкладалі такія карыфеі, як П.Канчалоўскі, В.Кандзінскі, П.Кузняцоў, А.Шаўчэнка, І.Клюн, У.Татлін, зямляк з Беларусі І.Гінцбург - словам, імёны, вартыя таго, каб прама або ўскосна аказваць уплыў на светапогляд 22-гадовага талента.

Менавіта гэтая школа больш за ўсё паўплывала на далейшую творчасць жывапісца і сцэнографа Філіповіча. Аднак у Каровіна наш мастак правучыўся нядоўга. У канцы 1919-га яго раптоўна прызываюць на вайсковую службу ў Чырвоную Армію ў якасці франтавога санітара ў санітарны цягнік. Потым, у мэтах, як сёння сказалі б, павышэння кваліфікацыі, Філіповіча перавялі ў маскоўскую школу вайсковай маскіроўкі. Аднак маскіроўшчыка з нашага героя не атрымалася: надта "перашкаджала" імкненне да мастацтва, ды і здароўе яго было далёка не ідэальным. Кіраўніцтва школы аказалася на вышыні: яно ўвайшло ў становішча курсанта і накіравала яго, як ён і хацеў, у Вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні (ВХУТЕМАС) з добрай рэкамендацыяй.

Але і тут Філіповіч правучыўся ўсяго адзін год. Прычыны былі паважлівыя: матэрыяльная нястача на мяжы галечы, непрыстасаванасць да тагачаснага галоднага студэнцкага жыцця, праблемы са здароўем... Ды ўсё ж год той быў, на маю думку, у творчым станаўленні мастака "зорным". Мікалай Шчакаціхін у 1927-м так сказаў пра згаданы перыяд вучобы Філіповіча: "Гэтая першая, досыць кароткая, праца яго ў Маскве мела вельмі значныя вынікі: яна пазнаёміла яго, хоць бы часткова, з пэўнай школай, дала некаторыя тэарэтычныя і тэхнічныя веды і, нарэшце, - што самае галоўнае - увяла яго ў культурную мастацкую атмасферу, у самы вір інтэнсіўнага, напружанага мастацкага жыцця..."

М.Шчакаціхін меў рацыю. Дастаткова назваць імёны аднакурснікаў Філіповіча, каб атрымаць хаця б некаторае ўяўленне аб дабрадайным уплыве на яго таго перыяду вучобы: А.Дэйнека, А.Лабас, А.Тышлер, Ю.Піменаў, землякі - М.Аксельрод, Г.Ніскі, М.Станюта, Д.Якерсон, І.Чашнік...

І вось - зноў Мінск, ціхі горад (у адрозненне ад таго ж, крута рэвалюцыйнага ў мастацтве, Віцебска). Зноў - жыццё ў дзядзькі, які, праўда, уступіў яму асобны пакой. Ён даволі хутка ператварыўся ў склад "гатовай прадукцыі", які быў завалены эцюдамі, эскізамі, карцінамі, фарбамі, палотнамі, падрамнікамі, пэндзлямі, усялякімі разбавіцелямі, фіксатывамі, лакамі. Не было дзе разгарнуцца. І тады добры дзядзька аддаў пляменніку пуню, што стаяла ў двары непадалёк ад дома. Міхась гэтую пуню абсталяваў як мае быць, і з ранку да позняга вечара праседжваў у сваёй новай майстэрні за мальбертам, толькі зрэдку выязджаючы куды-небудзь на Случчыну, Магілёўшчыну або на Палессе, каб замаляваць цікавыя ўзоры народнай творчасці або сцэнкі з сялянскага жыцця.

А Мінск да гэтага часу ўсё больш набірае /i/content/pi/cult/284/4553/pic_16.jpgабароты ў якасці культурнага цэнтра краіны: ужо працаваў БДТ-1, адкрыўся Белдзяржуніверсітэт, была пастаўлена першая музычная фальклорная драма Е.Міровіча "На Купалле" і, урэшце, у верасні 1921 г. у сталіцы адбылася доўгачаканая Першая мастацкая выстаўка. Яна была арганізавана пры садзейнічанні Палітупраўлення Заходняга фронту. М.Філіповіч прадставіў для яе 13 твораў, у тым ліку- "Беларускую дзяўчыну" і "Скокі цераз вогнішча". І тая, і другая работы сведчылі пра галоўнае - пра цікавасць мастака да распрацоўкі нацыянальнага тыпажу беларусаў, хаця іншыя палотны яшчэ заставаліся ў полі ўплыву тагачаснага авангарда: "Максімальнае выяўленне колеру", "Супрэматызм. Канструкцыя плошчаў" - як кажуць, назвы сведчаць аб характары работ досыць красамоўна.

Ішоў заканамерны пошук "сябе". І першая бліскучая ўдача ў тым жа 1921 г. - натурны партрэт мастакоў-сяброў М.Станюты і П.Мрачкоўскай, з якімі Філіповіч праз шэсць гадоў уступіць ва Усебеларускае аб'яднанне мастакоў. Мяркую, менавіта з гэтых работ пачынаецца той самы Філіповіч, якога мы ведаем сёння. Змітрок Бядуля цудоўна прааналізаваў гэтыя творы: "Гармонія родных колераў так захапіла маладога Філіповіча, яны маюць над ім такі ўплыў, ажно ён знаходзіцца ў палоне ў іх: яны "кіруюць" яго пэндзлем. Гэта мы бачым і на яго партрэтах... Ненатуральныя да твару фарбы, няправільныя, размашыстыя лініі, скамечаныя штрыхі, рэльефная мускулатура твару - і ў агульным выніку атрымліваецца цэласнае ўражанне, жывое аблічча, вельмі падобнае да арыгінала, толькі самабытнафантастычна стылізаванае, - гэта партрэт Станюты. Хаатычнасць рознакаляровых плям і асобная кволасць ды рамантычнасць, мяккасць лініі - партрэт Мрачкоўскай".

Ну і, канешне ж, акрамя партрэтнага жанру, мастак па-ранейшаму не забываецца на беларускі фальклор. Менавіта ў гэты час з-пад яго пэндзля выходзяць карціны "На Купалле", "Казачны матыў", "Сімвалічная фігура вясны", "Бэз і купальніца", "Карагод". Усе яны былі паказаны на яго першай (і апошняй) персанальнай выстаўцы ў жніўні 1922 г. у Мінску. Яна мела вялікі поспех сярод мінскіх гледачоў і культурнай эліты сталіцы. І зноў прывяду думку Змітрака Бядулі, які ў артыкуле "Выстаўка карцін маляра М.Філіповіча", надрукаваным у "Савецкай Беларусі" 24 жніўня 1922 г., напісаў: "Адразу вочы разбягаюцца ад яскравых фарбаў, узятых "жыўцом" з тканін і паясоў Случчыны, Піншчыны і Барысаўшчыны. Усе вобразы носяць каларыт гэтых фарбаў, якія з першага погляду робяць уражанне манатоннасці. Фарбы больш за ўсё мітусяцца вось якія: сінія (ультрамарын), ружовыя, чырвоныя, ліловыя, зялёныя, чорныя і г. д. Колеры наогул вельмі яркія, ажно слепяць вочы. Лініі ва ўсіх карцінах - спрошчаныя, нібыта пасечаныя сякерай, штрыхі - адважныя і смелыя, адчуваюцца асаблівая моц, экспрэсія, жывы рух, казачнасць, вобразная фантастычнасць, нейкі таемны размах... Ужо два гады як гэты мастак заглыбляедзіруе родную арнаментацыю, кампазіцыю нашых фарбаў, вывучае беларускую міфалогію... Словам, узяўся якраз за такую ўдзячную для маляра працу, дзе ёсць яшчэ багатае неаранае поле".

Што тут дадаць? Усё - правільна. Мабыць, ён - адзіны ў беларускай творчасці мастак, які, незалежна ад таго, дзе жыў і тварыў, ні на імгненне не збочваў з гэтай высакароднай сцежкі. І ў гэтым сэнсе Міхась Мацвеевіч быў сапраўдным народным мастаком. І не толькі таленавітым жывапісцам, але і сцэнографам, плакатыстам, скульптарам, разьбяром па дрэве, графікам-ілюстратарам, афарміцелем, стваральнікам мастацкіх лялек...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"