Загадка бітвы пры Нёмане

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Куды вяла “вуліца трэцця” Магільнянскага замка?

/i/content/pi/cult/284/4552/pic_12.jpgКалісьці амаль праз кожныя 30 - 40 кіламетраў на Беларусі можна было сустрэць замак. Адным з іх быў і Магільнянскі, які мне давялося асабіста наведаць у 1979 годзе разам з вядомым гісторыкам і археолагам Міхасём Ткачовым.

Гэты замак размяшчаўся на правым беразе ракі Нёман, насупраць вёскі Магільнае, і займаў прыродную пясчаную выспу, што і па сёння ўзвышаецца над рэчышчам на колькі метраў.

Замак быў заснаваны яшчэ ў першай чвэрці ХV ст. вялікім князем Вітаўтам насупраць пераправы праз Нёман, што вяла да паселішча Магільнае, а далей - па гасцінцу на Капыль і Клецк. Згадваецца гэты замак і ў тэстаменце 1446 г., дзе гаворыцца, што ён належаў князю Андрэю Уладзіміравічу - аднаму з найбуйнейшых праваслаўных магнатаў Вялікага княства Літоўскага, сыну кіеўскага князя Уладзіміра з роду Альгердавічаў. Прадстаўнікі гэтага роду адыгрывалі значную ролю ў палітыцы ВКЛ, падтрымлівалі Праваслаўную Царкву, карысталіся вялікім аўтарытэтам.

Замак меў чатырохвугольную ў плане пляцоўку памерам 65х110 метраў, выцягнутую ўздоўж рэчышча Нёмана. З поўдня ён, верагодна, бараніўся бастыёнам, бо менавіта з гэтага боку да пляцоўкі прымыкае паўкруглы выступ, які яшчэ можна прасачыць.

Паводле пісьмовых крыніц, замак меў уязную браму з пад'ёмным мостам - "узводам" - і не менш як чатыры вуглавыя вежы. А, згодна з паданнем, з усходу да замчышча падыходзіла грэбля, што дае падставы меркаваць пра размяшчэнне тут замкавай брамы.

Паводле інвентара 1536 года, у Магільнянскім замку мелася розная агнястрэльная зброя: гарматы ("серпантины железные, гаковниц в ложах - четыре, а на киях - пять гаковниц"), порах гарматны ("фаска неполная"), ручнічны ("два фунты") і "салетры пять фунтов". Сярод замкавай амуніцыі згадваюцца баявыя нагалоўі, пласцінчатыя даспехі, 25 кольчатых панцыраў, адзін шчыт ("котрыгал червлёный старый") і 55 яркіх плашчоў - накідак-"барвіц", якія апраналі зверху даспехаў.

Замак, відаць, павінен быў кантраляваць брод праз Нёман. І, трэба меркаваць, функцыю гэтую ён выконваў паспяхова. Ускосна пра тое можа сведчыць Магільнянская бітва 1284 года. Яна, паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, адбылася каля вёскі Магільнае (у XVI - XVIII стст. - тэрыторыя Навагрудскага павета, цяпер - Уздзенскі раён Мінскай вобласці) на рацэ Нёман. У ёй бралі ўдзел, з аднаго боку, войскі літоўскага князя Рынгольта, з другога - кааліцыя рускіх князёў: Святаслава Кіеўскага, Льва Уладзімірскага і Дзмітрыя Друцкага, якія ў саюзе з татарамі хацелі "знову Литву под ярмо першое <...> привести".

Войскі Рынгольта знянацку і "з великим окриком" напалі на праціўніка. Бітва доўжылася з ранку да вечара і скончылася на карысць сіл ВКЛ. Праўда, звесткі пра Магільнянскую бітву адносяцца да ліку напаўлегендарных: справа ў тым, што існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў ёй, іншымі крыніцамі не пацвярджаецца.

Але, прымаючы пад увагу, што ў другой палове ХІІІ ст. татары неаднойчы хадзілі "на Літву" і пры гэтым у падобных рушэннях разам з імі ўдзельнічалі ўладзімірска-валынскія князі, можна дапусціць думку: летапісны расповед абапіраецца на рэальныя падзеі. Праўдападобна выглядае і прывязка бітвы да вёскі Магільна, бо тут Нёман мае плыткае дно, спрыяльнае для пераправы войска. Акрамя таго, паводле археалагічных даных, у ХІІІ стагоддзі тут існавала паселішча. Сведчаннем таму - курганны могільнік гэтага ж часу ў лесе за вёскай Магільна.

Праз пяцьдзесят пяць гадоў у Інвентары маёнтка Магільна, складзенага 22 лістапада 1592 г., мы знаходзім падрабязнае, на некалькіх старонках, апісанне замка.

У гэтым дакуменце згадваецца і "Дварэц". А ў ім - "хата, клеці, сырніца, хлява для быдла рагатага і нерагатага, курнікі, одрына для сена, гумно, обозня, свіран, ток крытый (!)...". Называюцца птушкі: гусі старыя і маладыя, каплуны, куры нямецкія ды індзейскія і, што вельмі цікава, "павы: самец адзін, саміца адна, а маладых самцоў тры".

Але дзе ж знаходзіўся "Дварэц" магільнянскі? Адказ на гэтае пытанне даюць археалагічныя назіранні. У 1977 г. нашымі даследчыкамі непадалёк ад Магільнянскага замчышча, уверх па Нёмане, на ўскраіне вёскі Замосце, было зафіксавана ўрочышча з назвай "Дварэц". Менавіта тут, яшчэ ў 1951 годзе, археолаг А.Мітрафанаў адзначаў наяўнасць селішча феадальнай пары. Нашымі ж навукоўцамі ўстаноўлена, што селішча гэтае знаходзіцца на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі і займае высокі карэнны бераг ракі. А трохі пазней быў прасочаны тут і культурны пласт таўшчынёй 20- 30 см.

У Вялікім княстве Літоўскім словам "дварэц" да сярэдзіны XVI ст. называлася ўласная гаспадарка феадала з комплексам жылых і гаспадарчых будынкаў, ворыўнымі землямі ды іншымі ўгоддзямі, галоўным прызначэннем якіх з'яўлялася вытворчасць сельгаспрадукцыі, што ішла на ўтрыманне феадальнай адміністрацыі і задавальненне патрэб уласніка.

Згодна з паданнем, пачутым ад жыхара вёскі Замосце Іларыёна Храпоўскага, паміж замкам і гэтым месцам- "Дварцом" - некалі быў падземны ход. Верагоднасць яго існавання даволі высокая, таму што адлегласць паміж замкам і "Дварцом" - невялікая: усяго некалькі соцень метраў.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць. Непадалёк ад замчышча ёсць урочышча "Дваранін". У ВКЛ гэтым тэрмінам называлі шляхціча, які служыў пры двары вялікага князя. Зрэдку гэтая пасада сустракалася і пры дварах буйных магнатаў. Чалавек такога звання нёс службу як упаўнаважаны для вырашэння пэўных праблем, праводзіў рэвізіі і вырашаў канфлікты ў маёнтках. Цалкам верагодна, што недзе тут знаходзілася сядзіба "магільнянскага двараніна". А падпарадкоўвалася яму, па даручэнні князя, 15 вёсак, у якіх пражывала 10 рамеснікаў розных спецыяльнасцей.

На той час Магільна называецца "место". У ім - рынак, вуліцы да Нясвіжа, да Лунна і "вуліца трэцця". У канцы вуліцы Нясвіжскай - карчма. Сярод мясцовага люду згадваюцца шапавалы, ганчары, калёснікі, слесары. На вуліцы Нясвіжскай, відаць, стаяла і царква, бо, паводле дакумента, там жыў святар.

Як надалей склаўся лёс Магільнянскага замка? У XVIII ст. ён становіцца ўласнасцю Радзівілаў, моцна церпіць у вайне 1654 - 1667 гг. Згадваецца ён зноў толькі ў ХІХ ст. - у "Сведениях о городищах и курганах Минскай губернии", дзе адзначаецца, што пляцоўка яго разворваецца пад пашу.

Вясной 1975 г. у Беларускі дзяржаўны гістарычны музей паступіла паведамленне, што замчышча пайшло пад нож бульдозера. Культурны пласт помніка быў выкарыстаны пад грэблю да новага моста праз Нёман. Праз колькі часу сюды прыязджае археолаг Георгій Штыхаў. Ён фіксуе ацалелыя рэшткі замчышча і збірае пад'ёмны матэрыял: цэглу і кафлю. Сярод апошняй была і тэракотавая пласціна з выявай чалавека ў рэнесансным строі, якую можна датаваць XVI ст.

У 1977, 1979 і ў 1982 гг., пад час асабістага даследавання, было ўстаноўлена: месцамі тут яшчэ захаваўся культурны пласт таўшчынёй 15 - 20 см, шэрага колеру. У гэтым пласце знойдзены рэшткі глінянага посуду, фрагменты гаршковай і каробчатай кафлі, цэгла, жалезныя вырабы (цвікі, колцы на кассё і іншыя), рэшткі пласцінчатай кафлі: тэракотавай і зялёнапаліўнай, дзе ёсць выявы расліннага і геаметрычнага арнаменту.

На поўнач ад замчышча, паводле архелагічных даных, размяшчаўся могільнік. У пахаваных былі знойдзены жалезныя нажы з меднымі накладкамі на тронкі, да якіх штыфтамі мацаваліся драўляныя ручкі. Сёння гэтае месца ўжо амаль не прасочваецца. Застаецца толькі шкадаваць, што да гэтага часу тут няма аніякага памятнага знака, які сведчыў бы і пра замак, і пра славутую Магільнянскую бітву 1284 года.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ, археолаг

На здымках: Нёман вясной каля Магільна; рэнесансная тэракотавая кафля XVI ст. з Магільнянскага замка (пад'ёмны матэрыял Г.Штыхава, 1975 г.); план замчышча (паводле даследаванняў аўтара).