Хто лётаў пад купалам?

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Напрыканцы жніўня “Белдзяржцырк” падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў новую праграму: дрэсіраваныя кракадзілы-гіганты пад купалам цырка-шапіто. І… пад гіпнозам дрэсіроўшчыка Антоніа Коцка.

Натуральна, што галоўны нумар праграмы чакаеш з нецярпеннем. Аднак гледачам цыркавога прадстаўлення сумаваць не давядзецца. Асаблівай увагі заслугоўвае нумар-стылізацыя "Чалавек-павук" у выкананні Сяргея Яўтодзе: яскравае ўвасабленне на арэне вядомага героя коміксаў сродкамі майстэрскай акрабатыкі і ўдалай рэжысуры.

Запамінальным упрыгожаннем праграмы становяцца і выступленні паветраных гімнастак Алены Куліковай, Наталлі Дзідык і гімнасткі-жанглёра Варвары Шышковай: нумары "Паветраная гімнастка", "Паветранае кальцо" і "Антыпод" адпаведна.

Лагічным і ўражальным выступленнем- пераходам да новага экзатычнага атракцыёну - з'явіўся нумар з дрэсіраванымі пітонамі Аляксандра Дзятко.

І, вядома ж, тыя самыя жудасныя паўзыны з вялікімі пашчамі і вострымі зубамі... Магчыма, доўгачаканы нумар і не здзіўляў відавочнымі эфектамі кшталту "Кракадзіл гуляе з дрэсіроўшчыкам у мячык ды скача праз вогненнае кольца..."...

- Каб працаваць з кракадзіламі- патрэбны моцны характар, - прызналася карэспандэнту "К" жонка дрэсіроўшчыка і яго калега Алісія. - Мяне слухаюцца пакуль толькі тры кракадзілы, Антоніа - усе. Ён вырас у сям'і дрэсіроўшчыкаў такіх паўзуноў, займаецца гэтай справай доўгія гады, а варта ўлічыць таксама і вопыт бацькоў! Антоніа з самага дзяцінства рос сярод гэтых драпежнікаў. Ён мне кажа: "Алісія, трэба паказваць характар. Нельга думаць, што ты іх баішся, - і тады яны табе падпарадкуюцца".

Заключная праграма праекта "Цыркшапіто" "Кракадзілы-гіганты пад гіпнозам" будзе ісці да 26 верасня.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"