ДЗЕНЬ ВЕДАЎ ПАЧЫНАЕЦЦА З КАНСТАНТЫ

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

У дадзеным выпадку — гэта нацыянальная класіка экраннага мастацтва як канстанта экспазіцыі Музея гісторыі беларускага кіно. Чаму героі першай паласы — чацвёра з васьмідзесяці пяці першакурснікаў новастворанага Факультэта экранных мастацтваў БДАМ — вырашылі перад Днём ведаў пабыць менавіта ў гэтым музеі, вы даведаецеся ад іх саміх на 13-й старонцы. Дата 1 верасня 2010 года для гэтых навічкоў у спасціжэнні кінапрафесіі — лёсавызначальная. Факультэт экранных мастацтваў, створаны па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, сёлета займее сваё месца ў сістэме акадэмічных ведаў. Дарэчы, пра тое, якімі навінкамі сустрэнуць сваіх студэнтаў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў ды Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, чытайце на стар. 6.

Увасобіць мары. На экране

Хлопцы і дзяўчаты, што паступілі на першы курс факультэта экранных мастацтваў БДАМ, не толькі "засвяціліся" на вокладцы "Культуры", але і адказалі на некалькі пытанняў адразу па сканчэнні фотасесіі, зладжанай у Музеі гісторыі беларускага кіно.

А яго экспазіцыя заўсёды захапляла і дасюль захапляе адну з дзяўчат - Аліну Кулікоўскую, будучага гукарэжысёра:

- Мне тут вельмі падабаецца з даўніх часоў,- распавядала яна, - таму, думаю, што завітаю сюды яшчэ неаднойчы.

Падобныя планы - і ў іншых герояў здымка. Так, напрыклад, Валерый Скрыпкін (паступіў на факультэт па рэжысурскай спецыяльнасці) плануе на гэтых выхадных наведаць установу зноў, каб паглядзець тут фільмы Феліні або Берталуччы.

На пытанне пра тое, чаму маладыя людзі вырашылі паступаць менавіта на новаствораны факультэт, яны адказвалі аднадушна.

- Думаю, што менавіта ў Акадэміі мастацтваў змагу стаць прафесіяналам сваёй справы, - мяркуе будучы гукарэжысёр Даніла Яцэвіч, - і ўпэўнены, што мне тут будзе цікава вучыцца. Наколькі я ведаю, гэта лепшая магчымасць, што ёсць у Беларусі сёння. Апошняе, безумоўна, таксама паўплывала на мой выбар.

І, натуральна, карэспандэнту "К" было цікава даведацца пра планы першакурснікаў на будучыню. Пра тое распавядалі не ўсе. Валерыя Акуліч (яна таксама выбрала рэжысёрскую прафесію) і Аліна Кулікоўская адгаворваліся тым, што гэта пакуль - таямніца. Хлопцаў жа цягнуць за язык не давялося:

- Мяне вельмі цікавяць узаемаадносіны паміж настаўнікамі і школьнікамі, звязаныя з тэмай "цкавання" вучнямі вучня, - кажа Валерый Скрыпкін. - Хацелася б паказаць усё гэта на экране. Спадзяюся, пасля навучання на факультэце ў мяне гэта атрымаецца.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"