ВНУ-сезон: у рэчышчы дасягненняў і праблем

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Дзень ведаў не толькі канстатуе сувязь паміж навучаннем і набытымі ў яго працэсе ведамі, але і акцэнтуе тое новае, якое нараджаецца штогод у нашых вучэбных установах і самой сістэме навучання, адначасова акрэсліваючы праблемныя моманты. Напярэдадні свята "К" таксама вырашыла звярнуць увагу чытачоў на некаторыя навінкі і праблемы новага ВНУ-сезона. У цэнтры нашага "даследавання" аказалася харэаграфічная падрыхтоўка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і навучанне ў фармаце "нон-стоп" на факультэце павышэння кваліфікацыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

/i/content/pi/cult/284/4545/pic_4.jpgТанчаць усе! А танцуюць?..

- Святлана Вячаславаўна,- звярнулася я да загадчыка кафедры харэаграфіі БДУКіМ, прафесара Святланы ГУТКОЎСКАЙ,- план прыёму сёлета ў вас быў павышаны, бо спецыялісты такога профілю вельмі запатрабаваныя. Ці вырашацца гэтак усе "танцавальныя" праблемы?

- Сапраўды, папулярнасць нашай спецыяльнасці - вялікая. Але ж- вось парадокс! З аднаго боку, бацькі імкнуцца навучаць дзяцей харэаграфіі- гэтак жа, як спевам або спорту. Але, прызнацца шчыра, узнімаць і надалей план прыёму не мае сэнсу, бо ў нас нават на сёння, па сутнасці, няма той "запланаванай" колькасці адораных і падрыхтаваных юнакоў і дзяўчат, якіх неабходна "зрабіць харэографамі".

- Чаму абавязкова - харэографамі? Гэтая спецыяльнасць, можна сказаць, адзінкавая. Хтосьці стане выкладчыкам, хтосьці - выканаўцам...

- А між тым, у дыпломе кожнага з нашых выпускнікоў пазначаюцца ўсе тры кваліфікацыі: артыст, балетмайстар, харэограф, педагог. Але выпускаць па 50 балетмайстраў харэографаў на год - гэта нерэальна!

 - Чаму ж? Выпусціць- не праблема. Але ж колькасць і якасць - розныя рэчы. Асабіста мне цяпер зразумела, чаму на шматлікіх конкурсахаглядах даводзіцца часам сутыкацца з кампіляцыямі і запазычаннямі...

- ...Бо на месцах, гледзячы ў дыплом, ад маладых спецыялістаў патрабуюць стварэння новых нумароў! Хаця насамрэч пералічаныя кваліфікацыі - гэта тры абсалютна розныя тыпы мыслення. На маю думку, ужо на трэцім курсе нашых студэнтаў трэба падзяляць: хай кожны абярэ той напрамак, што яму бліжэйшы, дзе ён зможа лепей рэалізаваць свае магчымасці.

- Тады, пэўна, усе захочуць "пайсці ў артысты"...

- Тыя, хто сапраўды хоча танцаваць, "ідуць у артысты" ўжо пасля каледжа або вучылішча мастацтваў. І гэта правільна! У танцораў, як кажуць, век кароткі, таму трэба скарыстоўваць кожны год. А працаваць у калектыве і адначасова працягваць навучанне, як гэта робяць музыканты, у нас папросту немагчыма, бо і тое, і гэтае патрабуе вялікіх, папраўдзе гранічных, фізічных нагрузак. Да таго ж, апошнім часам у сярэднім звяне значна ўзрос узровень падрыхтоўкі. Бо палепшылася навучанне на першай "школьнай" прыступцы: у сярэднія спецыяльныя ўстановы паступалі лепшыя выхаванцы шматлікіх школ мастацтва, профільных харэаграфічных класаў.

- Затое адкрываецца ўсё больш прыватных школ і гурткоў, дзе навучаюць "навамодным танцам". І займаюцца гэтым далёка не заўсёды спецыялісты...

- У многіх краінах, каб выкладаць харэаграфію, трэба для пачатку ўступіць у прафесійны саюз харэографаў. У нас жа часам дастаткова паўдзельнічаць у местачковым аматарскім конкурсе, каб аб'явіць сябе прызёрам і, атрымаўшы ліцэнзію, пачаць "перадаваць вопыт". Новыя кірункі ў харэаграфічным мастацтве сёння ўзнікаюць адзін за адным. Каб за імі сачыць і, галоўнае, даваць сваім студэнтам веды па гэтых найноўшых напрамках, нашы выкладчыкі ездзяць на фестывалі, майстаркласы, стажыроўкі ў замежжа.

- Дзе ж выйсце?

- Харэаграфічная культура ў тых жа аграгарадках, куды сёння размяркоўваюцца нашы выпускнікі, патрабуе вялікай сацыяльнай праграмы, а не намаганняў адной ВНУ, бо маладыя спецыялісты сутыкаюцца не толькі з адсутнасцю матэрыяльнай базы для заняткаў, але і, здараецца, з адсутнасцю... дзяцей аднаго ўзросту, з якіх можна скласці танцавальны калектыў. Чаго ж здзіўляцца, калі праз два гады яны з'язджаюць шукаць працу ў гарады?

- А як жа мэтавы набор?

 - Ён неабходны, але патрэбна таксама вялікая падрыхтоўчая праца на месцах. Кандыдатуры павінны вылучацца задоўга да прыёмных іспытаў, каб нашы спецыялісты маглі папярэдне ацаніць магчымасці мэтавікаў, даць ім неабходныя рэкамендацыі. Я- за тое, каб харэаграфіяй займаліся як мага больш масава! Але падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у гэтай сферы не можа быць такой жа масавай. Трэба надаць больш вагі выпускнікам сярэдняга звяна. Нагадаю, выпускнікі харэаграфічнага каледжа, да прыкладу, могуць адразу стаць артыстамі Вялікага тэатра. А зрабіўшы артыстычную кар'еру- атрымаць вышэйшую адукацыю як педагог-рэпецітар, балетны крытык або балетмайстар. Сёлета ў той жа Акадэміі музыкі на харэаграфічнае мастацтва, куды набор ажыццяўляецца не штогод, былі залічаны ўсяго чатыры чалавекі, прычым двое з іх - вядомыя салісты Алег і Ірына Яромкіны. У нас жа сёлетнія планы - куды больш маштабныя: народныя танцы - 30 чалавек, бальныя- 12, эстрадныя - 18. Пры гэтым на бальнае аддзяленне, паводле даных Федэрацыі бальнага танца краіны, сёлета маглі паступаць усяго 18 чалавек, якія мелі адпаведную папярэднюю падрыхтоўку. Але ж, вядома, не ўсе яны захацелі зрабіць танец сваёй прафесіяй! Таму конкурсу не магло быць апрыёры. І павышаць план набору тут - абсалютна не патрэбна. Што ж да эстраднага танца, дык у сярэднім звяне такая падрыхтоўка, за рэдкім выключэннем, увогуле не ажыццяўляецца. Таму, нягледзячы на конкурс у тры чалавекі на месца, групы атрымліваюцца неаднародныя па ўзроўні. І займацца з імі, а тым больш рыхтаваць нумары - нашмат складаней. Справімся, вядома! Але трэба дбаць і пра перспектывы. Таму, мяркую, варта працаваць не толькі на падрыхтоўку маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, але і на іх далейшую стажыроўку і павышэнне кваліфікацыі.

 

Вучыцца ў рэжыме "нон-стоп"

Не хачу жаніцца, а хачу вучыцца!... Насамрэч, адно другому не перашкода. Тым больш, што ажаніцца можна раз і назаўсёды. А калі "раз і назаўсёды" атрымаецца з навучаннем, лічы, што для прафесіі ты страчаны. За савецкім часам педагогі тагачаснай Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер - Акадэміі музыкі) раз на пяць гадоў павышалі кваліфікацыю ў Маскве і Ленінградзе. А ў Мінск з'язджаліся выкладчыкі музычных вучылішчаў і школ, прычым не толькі з усёй Беларусі, але і, да прыкладу, з Малдовы і Казахстана. Быў час, калі сувязі аказаліся перарваныя, але ў апошнія гады пачалі зноў наладжвацца. З'явіліся і новыя формы "нон-стопнавучання"./i/content/pi/cult/284/4545/pic_5.jpg 

- У музыцы, - звяртаюся я да дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Алены КУРАКІНАЙ, - за многія гады была добра адладжана сістэма бесперапыннага навучання: пачатковае звяно - сярэдняе - вышэйшае. Менавіта дзякуючы гэтаму сёння можна казаць пра высокі ўзровень нацыянальных выканальніцкіх школ. Ці склалася такая ж сістэма ў павышэнні кваліфікацыі? Альбо да вас паранейшаму прыязджаюць пераважна выкладчыкі музычных вучылішчаў?

- Вядома, гэта - асноўны кантынгент слухачоў нашых курсаў. Але да традыцыйных форм працы далучыліся новыя. У прыватнасці, вялікую зацікаўленасць выклікаў курс "Актуальныя праблемы сучаснага мастацтва Беларусі", бо ў ім сумясціліся розныя віды мастацтваў, лектарамі былі прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу розных ВНУ краіны, слухачамі - іх калегі. Здаралася, адзін і той жа чалавек у адзін дзень выступаў лектарам, у астатнія - слухачом. Таму гэтыя курсы ператварыліся, можна сказаць, у пашыраную навуковую канферэнцыю, дзе адбываўся самы зацікаўлены абмен думкамі. Не менш унікальнымі аказаліся і так званыя аўтарскія курсы, якія ахоплівалі арыгінальныя "аўтарскія" навуковыя канцэпцыі, найноўшыя метадычныя распрацоўкі. Асаблівай папулярнасцю карысталіся такія тэмы, як "Музычная форма і праблемы аналізу", "Музычныя культуры свету" і - асабліва - курсы Ігара Алоўнікава, прысвечаныя фартэпіяннаму выканальніцтву розных эпох і стыляў. Сапраўды, цяперашнім выкладчыкам вышэйшага звяна такое "аднаўленне" ведаў і абмен імі патрабуюцца не менш, чым каму іншаму. Таму спадзяёмся далучыць да слухачоў і выкладчыкаў-харэографаў, бо ў іх пакуль такая сістэма не наладжана. Для гэтага будуць пашырацца і сумесныя праекты з удзелам некалькіх ВНУ, і абмены выкладчыкамі ды слухачамі, у тым ліку з іншымі краінамі. У апошнія гады ў нас стажыраваліся выкладчыкі музычных ВНУ Расіі, Казахстана, Літвы. Ажыццяўляюцца і замежныя стажыроўкі нашых выкладчыкаў, бо значна актывізаваліся нашы кантакты з Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыямі, з Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных. Дый увогуле да нас пастаянна прыязджаюць лепшыя замежныя майстры: як з асобнымі лекцыямі і майстаркласамі, так і з цыкламі такіх выступленняў. Згадайма хаця б колішні Рэспубліканскі семінар-практыкум па харавых спевах, кіраўніком якога выступіў знакаміты Уладзімір Мінін - народны артыст СССР, мастацкі кіраўнік Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага камернага хора. Вялікую ролю адыгрывае і аддзел міжнародных сувязей, які існуе ў нашай Акадэміі музыкі: ён разгарнуў надзвычай актыўнае супрацоўніцтва з пасольствамі, замежнымі ВНУ, разнастайнымі фондамі і іншымі ўстановамі.

- Ці шмат бывае ў вас слухачоў? Некаторы час таму даводзілася чуць (у тым ліку ад саміх выкладчыкаў), што кіраўніцтва навучальных устаноў адпускае іх не надта ахвотна...

- Сёння такіх праблем не існуе. Кожны выкладчык павінен павышаць кваліфікацыю раз у пяць гадоў, - і гэтыя нарматывы выконваюцца. Іншая справа, што выкладчыкаў музычных вучылішчаў у нас - каля паўтары тысячы. Адпаведна, штогод кваліфікацыю павінны павысіць усяго 300 чалавек. Але такі ахоп пераважна сярэдняга звяна не садзейнічае далейшаму развіццю унікальнай адзінай сістэмы падрыхтоўкі, пра якую я ўжо казала. Неабходны такія ж узаемасувязі Акадэміі музыкі з пачатковым звяном, што, безумоўна, у выніку палепшыць якасць падрыхтоўкі юных музыкантаў. Таму плануем сканцэнтраваць у нашай ВНУ ўсю сістэму павышэння кваліфікацыі ў сферы музычнай адукацыі. Пачнём і перападрыхтоўку кадраў - па такіх запатрабаваных накірунках, як менеджмент у галіне акадэмічнага музычнага мастацтва, настройка клавішных інструментаў, выканальніцтва на аргане, гітары і шмат чаго іншага. Планаў і разнастайных "ноў-хаў"- шмат! Спадзяёмся на такое ж паспяховае іх ажыццяўленне.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"