“Паветраныя замкі” для “падманутых слухачоў”

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

“Рэжысёр за месяц” — гэта магчыма?

/i/content/pi/cult/284/4544/pic_2.jpgАдгарнуўшы аркушык календара за 1 верасня, міжволі згадваеш вядомае выслоўе: вучыцца ніколі не позна. Асабліва гэта тычыцца "творчых" прафесій, спрадвеку агорнутых рамантычным арэолам. Мала хто будзе спрачацца з тым, што асноўная "кузня кадраў" тут - "творчыя" ВНУ. Балазе асартымент спецыяльнасцей, які яны прапануюць на выбар, сёння надзвычай шырокі. Але што рабіць, калі падобную адукацыю хочацца атрымаць для сябе, прычым па скарочанай праграме? Ці можна скараціць шлях да прафесіі, як кажуць, да мінімума? Тут на дапамогу прыходзяць разнастайныя курсы, абвесткі якіх можна знайсці ў кожнай рэкламнай газеце ды Інтэрнеце. Акцёр? Рэжысёр? Аператар? Калі ласка! Кожны ахвотны можа прыадкрыць заслону ў загадкавы свет творчасці - вядома, за ўласныя грошы. Але якім будзе вынік такіх "інвестыцый"? У гэтым паспрабаваў разабрацца карэспандэнт "К". 

 

Курсы "для сябе" і "самарэалізацыі"

Зважаючы на кан'юнктуру рынку, робім выснову: курсы "для сябе", што дапамагаюць удасканаліць хобі, а не набыць прафесію, з'яўляюцца і ў Мінску. Любіш маляваць? Навучыся рабіць гэта лепш. Маеш лічбавую камеру? Даведайся, што такое баланс белага. Ды і навыкі акцёрскага майстэрства могуць спатрэбіцца не толькі ў Купалаўскім або Горкаўскім: як вядома, элементы тэатра прысутнічаюць нават у паўсядзённым жыцці.

У ліку стымулаў, якімі завабліваюць кліентаў тыя ж тэатральныя курсы, - пазбаўленне страху перад публічнасцю, уменне валодаць уласнымі голасам і целам, урэшце - шанц набыць упэўненасць у сабе. Сярод выкладчыкаў можна сустрэць вядомага маладога рэжысёра або проста дыпламаваную актрысу. Працягласць курсаў - некалькі месцаў, а кошт - даволі памяркоўны.

І - галоўнае - ніякіх "паветраных замкаў". Як бы ні нахвальвалі сябе такія фірмы, перспектыў ператварэння хобі ў прафесію іх рэкламныя тэкстоўкі не адкрываюць.

Трохі іншая справа - акцёрскія курсы, якія існуюць пры невялікіх "напаўпрафесійных" тэатрах эксперыментальнага кірунку. Для іх гэта - перадусім кадравы рэсурс, прычым - за кошт уласных прыхільнікаў.

Такі падыход адпавядае міжнароднай практыцы, дзе амаль кожны, хто "шукае свой шлях" і ўжо паспеў тое-сёе знайсці, ахвотна дзеліцца сваімі набыткамі - зразумела ж, за памяркоўную плату. А канцэпцыю навучання (вядома, аўтарскую да мозгу костак) можна прыблізна спасцігнуць, наведаўшы спектаклі тэатра. І гэта пазбаўляе патэнцыйнага кліента ад эфекту "ката ў мяху".

 

Як я не стаў тэлезоркай/i/content/pi/cult/284/4544/pic_3.jpg

Ці прынясуць практычную і меркантыльную карысць курсы "для сябе" і "для самарэалізацыі", сказаць цяжка. Прынамсі, яе ніхто не абяцае. Зусім іншая справа - курсы, якія ставяць перад сабой мэту пракласці шлях у прафесію. Яны адрозніваюцца хаця б прэйскурантам.

З фатографамі і аператарамі "вясельнага" профілю, якіх у Мінску абяцаюць навучыць за тры месяцы, усё, збольшага, зразумела. Вышэйшая адукацыя для такой прафесіі - справа папросту нерэнтабельная. Але далёка не ўсе прадстаўнікі "мэтавай групы" маюць настолькі прыземленыя памкненні...

Адна мінская кампанія прапаноўвае на выбар курсы па добрым тузіне творчых спецыяльнасцей, пераважна звязаных з тэлебачаннем. Вось вытрымкі з рэкламнай інфармацыі на яе афіцыйным сайце (асаблівасці арыгінала захаваны): "Дзесяткі тэлестудый чакаюць вашы сцэнарыі і сінопсісы. Ганарары - вышэйшыя, чым у зорак экрана ("Сцэнарыст TV"). [Практычны курс] дасць усе неабходныя веды для атрымання дадзенай прафесіі ("Тэлеаператар/фотамастак на TV"). Некаторыя студэнты працаўладкоўваюцца ў працэсе навучання і могуць адразу працаваць тэлерэжысёрамі ("Тэлерэжысёр"). Працаўладкаванне - практычна 100% ("Тэлекарэспандэнт"). Да сканчэння навучання малады спецыяліст узброіцца ведамі ў вобласці тэатра, музыкі, кіно, тэлебачання, шоу-бізнесу, вольна авалодае адпаведнымі пытаннямі эканомікі і права, а галоўнае - здольнасцю свабодна генерыраваць плённыя ідэі ("Арт-менеджэр")".

Заняткі ў большасці выпадкаў доўжацца ўсяго месяц: па чатыры гадзіны два разы на тыдзень. За такі сціслы час навучэнец паспявае засвоіць дзесятакдва дысцыплін. У выпадку з тэлерэжысёрамі гэта "Майстэрства рэжысёра", "Тэхналогія тэлевытворчасці", "Гісторыя кіно", "Прадзюсіраванне", "Сцэнарнае майстэрства", "Рэжысура гуку", нават "Асновы музычнай культуры"... І ўсё гэта - фактычна "з нуля": пра неабходнасць "базавых ведаў" на сайце не прачытаў ані слова.

Адарваўшыся ад поўнага спакуслівых літар манітора, уздыхнуў са скрухай: чаму ж я дагэтуль не тэлезорка? Зрэшты, як вынікала з рэкламы, прымусіць свой лёс зрабіць рэзкі піруэт яшчэ не позна. Галоўнае - каб было жаданне.

І- грошы. За свае паслугі кампанія просіць зусім не сімвалічную ўзнагароду: месячныя курсы каштуюць амаль паўтара мільёна рублёў! Пры такіх перспектывах можна разлічваць, што яны вернуцца ўжо ў першы заробак.

Імёны выкладчыкаў курсаў на інтэрнет-сайце не згадваюцца. Адмовіліся іх назваць і па кантактным тэлефоне, адзначыўшы хіба, што "гэта вельмі вядомыя людзі".

- Прыходзьце на субяседаванне, і там вы ўсё даведаецеся, - пачуў я ў слухаўку. Па шчырасці, такі "арэол таямнічасці" не столькі інтрыгаваў, колькі насцярожваў.

Перш чым прыняць канчатковае рашэнне, вырашыў звярнуцца па кансультацыю да ўжо "самарэалізаванага" прафесіянала. Акурат дарэчы сустрэў знаёмца - кінарэжысёра Андрэя Голубева. Задаў яму кароткае пытанне: "рэжысёр за месяц" - гэта магчыма?

- Я вучыўся сваёй прафесіі каля 20 гадоў, не шкадуючы ні часу, ні сродкаў, - пачаў ён здалёк. - Скончыў курс Міхаіла Пташука ў Акадэміі мастацтваў, быў на стажыроўцы ў Кшыштафа Занусі, прайшоў нават галівудскія курсы... І ўсё адно бачу: яшчэ вой колькі магчымасцей для сталення. Таму ў дадзеным выпадку мая парада табе будзе кароткай: калі ты не ведаеш, куды падзець свае грошы, лепей схадзі і паглядзі добрае кіно. Будзе больш карысці.

У тым, што нават месячныя курсы (пры ўмове іх добрай арганізацыі і кампетэнтнасці выкладчыцкага складу) могуць стаць сапраўдным "штуршком" у прафесію для чалавека, які ўжо мае да яе і здольнасці, і прызванне, сумнявацца не выпадае. Могуць - у адным выпадку. Але ці кожны выпускнік такіх курсаў стане сапраўдным прафесіяналам, ужо гатовым да працы ў тэлестудыі або на здымачнай пляцоўцы? І ці этычна ў дадзеным выпадку абяцаць "стопрацэнтнае працаўладкаванне" або "ганарары вышэйшыя, чым у зорак"?

Калі 15 гадоў таму я паступіў на журфак Белдзяржуніверсітэта, ніхто з прафесуры не прарочыў нам апрыёры бліскучай журналісцкай кар'еры. І сапраўды, не кожны з маіх аднагрупнікаў сёння працуе па спецыяльнасці - нават пры наяўнасці дыплома з добрымі адзнакамі. Бо "апрыёры" ў жыцці нічога не бывае, асабліва - у жыцці творчым.

 

Майстар-класы Астапа Бендэра

Калі б Вялікі камбінатар жыў сёння, ён наўрад ці выдаваў бы сябе за ёга або гросмайстра: ён арганізаваў бы курсы для скаральнікаў творчага Алімпа. На такую выснову мяне натхніла леташняя гісторыя, пра якую актыўна пісалі ў СМІ і на інтэрнет-форумах.

Па тэлебачанні і ў газетах доўгі час ішла масіраваная рэклама курсаў актуальных творчых прафесій. Перад даверлівымі спажыўцамі адкрываліся новыя далягляды, а пасля візіту ў офіс фірмы скарэнне Алімпа здавалася ім хіба справай часу і тэхнікі.

Потым рэклама знікла, браузер перастаў знаходзіць сайт арганізатара курсаў, усе кантактныя тэлефоны змоўклі... А ў праваахоўныя органы пасыпаліся заявы ад людзей, што заключылі дамовы аб аказанні адукацыйных паслуг, заплацілі прыстойную суму грошай (каля паўмільёна рублёў), але пачатку навучання не дачакаліся.

Аднак, як высветлілася ў ходзе следства, дагаворы ўтрымлівалі некалькі цікавых нюансаў, на якія ніхто з кліентаў, вядома, не звярнуў увагі пры іх падпісанні. У прыватнасці, не былі пазначаны тэрміны правядзення курсаў. Адпаведна, старт можна адкладаць да бясконцасці...

Услед за колішнім феноменам "падманутых укладчыкаў" з'явіўся іншы - "падманутыя слухачы". Яны арганізавалі стыхійную кампанію па абароне сваіх правоў.

- На мой нумар тэлефона, размешчаны на адным з інтэрнет-форумаў, звярнулася ўжо болей за 80 чалавек! - распавядае Алена, якая сцвярджае, што арганізатары курсаў вінаватыя ёй немалую суму за здадзеныя ў арэнду памяшканні. - Таксама ў ліку пакрыўд ж а ных - і супрацоўнікі фірмы, якія не атрымалі ні капейкі за месяцы працы. Але большасць - гэта менавіта слухачы курсаў...

Лепш за ўсіх гэтую прыкрую гісторыю пракаменціравала адна карыстальніца "жывога дзённіка": "Я ненавіджу, калі хтосьці нажываецца на мары..."

Вінаваціць спажыўцоў у "прастадушнасці" наўрад ці выпадае. Бо ў спаборніцтве з абазнанымі ў тонкасцях юрыспрудэнцыі і піару спакушальнікамі перамогу няпроста будзе ўзяць кліентам. Балазе прастора для вынаходлівых камбінацый тут - папраўдзе неабсяжная.

Па вялікім рахунку, абсалютнай гарантыяй і добрасумленнасці, і якасці можа быць толькі статус арганізацыі, якая праводзіць курсы. Бо зразумела, што апісаныя вышэй "выбрыкі" - справа аднаразовая. Болей ніхто на такія курсы не пойдзе. А вось тыя, хто дбаюць пра больш далёкасяжны поспех свайго бізнесу, мусяць рупіцца і пра ўласную рэпутацыю.

 

Як скараціць шлях да мары?

"І два гады - замала"

Вядома, вывучыўшы кан'юнктуру і болевыя кропкі рынку прапаноў, мы не маглі не звярнуцца па каментарыі да прафесіяналаў, што выкладаюць у вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва. Ці можна, атрымаўшы "скарочаны" (а калі быць больш дакладным - "усечаны") курс, лічыць сябе хаця б пачаткоўцам у творчай справе?

Прапановы, якіх у рэкламных газетах сёння часцяком не пабачыш, - гэта якраз экспрэс-курсы па творчых спецыяльнасцях непасрэдна ў сценах "творчых" ВНУ. На гэты рынак "мастадонты мастацкай адукацыі" не спяшаюцца. Хаця пэўная прапанова па дадатковай адукацыі маецца і там.

Зрэшты, для няспешнай хады на рынак ёсць свае прычыны.

- У нашай установе ёсць платныя курсы рэжысёраў, але ж доўжацца яны два гады, - кажа дэкан факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Забела. - І выпускнікі яшчэ скардзяцца, што ім замала... А няўжо хтосьці лічыць, быццам рэжысёра можна навучыць хутчэй? За месяц?! Ну, нават не ведаю, што і сказаць... Слухачы нашых курсаў толькі тры месяцы рыхтуюцца да паступлення на іх!

Пералік спецыяльнасцей, што прапануюць курсы перападрыхтоўкі кадраў ВНУ культуры і мастацтва, даволі шырокі, прычым сярод іх пераважаюць менавіта самыя запатрабаваныя рынкам. У прыватнасці, і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў рыхтуюць гукарэжысёраў - спецыялістаў, якіх і сапраўды "адрываюць з рукамі".

Выкладчыкі такіх курсаў у БДУКіМ- надзвычайны суплёт прафесіяналаў-практыкаў. У іх ліку - нават галоўны гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Анатоль Прылішч. Але ж і цэнз для слухачоў даволі высокі. Сярод абавязковых умоў- валоданне цэлым пакетам адмысловага праграмнага забеспячэння і нават наяўнасць сярэднеспецыяльнай музычнай адукацыі. На курсах Акадэміі мастацтваў апошняе патрабаванне адсутнічае, але ўсё адно гэта зусім не тое месца, куды трапляюць "па прыколе". Затое і стымул - унушальны: дыплом дзяржаўнага ўзору і прысваенне кваліфікацыі.

...У тое, што шлях да мары можна рэзка спрасціць, прафесіяналы не вераць. У тое, што на чужых марах можна нажывацца, верыцца куды ахвотней. Ды, нягледзячы на размаітыя піар-тэналогіі, права выбару ўсё адно застаецца за спажыўцом.

Вядома, гутарка - зусім не пра "рэйдэрскі захоп" перспектыўнай нішы адукацыйнага рынку. Але з'яўленне ў гэтай нішы сур'ёзных "гульцоў" само сабою стабілізавала б сітуацыю, прымусіўшы прыватнікаў ставіцца да сваёй справы больш адказна і пазбавіўшы кліентуры "астапаў бэндэраў".

Урэшце, рынак сам сабою прадугледжвае канкурэнцыю. У сферы такіх адукацыйных паслуг яе пакуль што амаль няма.