Самулноры — у фаворы

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Жнівеньскую афішу Палаца прафсаюзаў упрыгожылі “Гукі Карэі”. Уваход на канцэрт быў вольны, інфармацыі пра яго было дастаткова, у тым ліку на бліжэйшых аўтобусных прыпынках, так што паўнюткі партэр цягам выступленняў “прырастаў” паступовым запаўненнем балконных ярусаў.

/i/content/pi/cult/283/4542/14-2.jpg

Шмат было моладзі, прыходзілі цэлымі сем'ямі з дзецьмі розных узростаў. Сама была сведкай, як стомленая гучнымі барабанамі бабуля ўсё ўгаворвала сысці сваю васьмігадовую ўнучку, - дарэмна! Хтосьці, вядома, спакусіўся на паказальныя выступленні таэквандыстаў, мудра пастаўленыя акурат у сярэдзіну канцэрта, ды пры гэтым не толькі праслухаў першую палову канцэрта, але і з задавальненнем застаўся на другую. Дый пасля ўсёй дзвюхгадзіннай насычанай дзеі ніхто не спяшаўся сыходзіць, тым больш, што арганізатары - Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры, спорту і турызму Карэі, а таксама Асацыяцыя беларускіх карэйцаў - прапанавалі прысутным запоўніць падрабязную анкету: што спадабалася больш, што хацелася б убачыць надалей.

Гэта была ўжо далёка не першая сустрэча мінчан з карэйскім мастацтвам. Не так даўно ў зале сталічнай філармоніі дэманстраваліся жанры традыцыйнай карэйскай культуры, занесеныя UNESСO ў Спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей. І калі той канцэрт можна было ў поўнай меры назваць "навуковым даследаваннем", дык цяперашні стаўся "навукова-папулярным", максімальна дэмакратычным, уключаў у сябе элементы інтэрактыву.

Артыстамі выступа/i/content/pi/cult/283/4542/14-3.jpgлі пяцёра маладых валанцёраў з самой Карэі, да іх далучаліся як этнічныя карэйцы, што жывуць у нас, так і беларускія хлопцы і дзяўчаты. Апошнія пад кіраўніцтвам валанцёраў навучыліся новаму для іх мастацтву. А "настаўнікі" працавалі ў нас ужо з мая, паспеўшы выступіць не толькі ў Мінску, але і ў Дзяржынску, і ў Гродне.

 Можа, па выканальніцкім узроўні гэта быў не той вышэйшы пілатаж, не тая недасягальная вытанчанасць, якія дэманстравалі на філарманічнай сцэне прызнаныя майстры, але відавочнай станавілася пераемнасць традыцый- ад непасрэдных носьбітаў традыцыйнай карэйскай культуры да моладзі, у тым ліку ў якасці хобі. Асабліва ўразіла спалучэнне традыцыйнага карэйскага самулноры (ігра чатырох інструментаў- двух розных гонгаў і двух барабанаў, кожны з якіх сімвалізуе пэўную прыродную стыхію і вымярэнне гадавога цыкла ў днях, месяцах, порах года) з хіп-хопам, r'n'b. Бо гэта - не механічнае спалучэнне розных кірункаў, а "ўваходжанне" традыцыйнай карэйскай культуры ў сучасную маладзёжную, пошук агульных эстэтычных платформ такіх, здавалася б, аддаленых адна ад другой з'яў.

 Дакументальны фільм, паказаны ў якасці пралога, пазнаёміў з побытам, прыродай, вытворчасцю, самім духам краіны і яе народа. Фрагмент з тэлепраграмы навін пра ўдзел карэйскай дыяспары ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне і фотарэпартаж пра дзейнасць "валанцёраў культуры" папярэджвалі апошні нумар надзвычай разнастайнай праграмы: ад традыцыйных жанраў, народных песень і танцаў да баявых прыёмаў і нават эстрады. І тройчы ў канцэрце, бы лейтматывам, - самулноры.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"