Эпоха Глебава

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

На наступным тыдні ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіць першая кніга серыі “Беларусь музычная”. Адпаведна назве, серыя будзе прысвечана выбітным кампазітарам і музыкантам нашай краіны. Першая кніга — “Лёсу срэбраныя струны”, што мае тыраж у тысячу асобнікаў, — стварае партрэт народнага артыста СССР, знакамітага кампазітара Яўгена Глебава.

/i/content/pi/cult/283/4541/14-1.jpg- У планах выдавецтва, - распавёў галоўны рэдактар "Мастацкай літаратуры", паэт Віктар ШНІП,- серыя "Беларусь музычная" была даўно. Але з чыёй творчай постаці яе пачаць? Мы разумелі, што гэта павінен быць не проста таленавіты кампазітар, а менавіта той, у творчасці якога адлюстравалася эпоха з жыцця нашай краіны, той, чые творы вядомыя не толькі ў нас, але і ў далёкім замежжы. І калі ўдава кампазітара, Ларыса Васільеўна Глебава, звярнулася да нас з прапановай падрыхтаваць і выдаць кнігу пра Яўгена Аляксандравіча, мы з радасцю адгукнуліся: яна цалкам упісвалася ў запланаваную серыю. Далей - усё проста: узялі рукапіс і пачалі працаваць.

Сапраўды, аўтарам канцэпцыі, маштабнага ўступнага артыкула і складальнікам зборніка выступіла Ларыса Глебава. Яна акрэсліла кола дзеячаў культуры, якія занатавалі для гэтай кнігі свае ўспаміны пра майстра. Таму размовы пра гэтае выданне пачаліся ў музычных кулуарах ужо даўно. Многія думалі, што кніга выйдзе да 80-годдзя з дня нараджэння класіка. Атрымалася ж- да 81-й гадавіны, што будзе адзначацца 10-га верасня...

- Калі робіш справу, вынік якой разлічаны не на год і не на два, "круглая" дата не заўсёды павінна быць арыенцірам, - мяркуе Віктар Шніп.- У кнігавыданні вельмі шмат залежыць не ад самога выдавецтва, а непасрэдна ад аўтараў. У гэтай жа кнігі- іх некалькі дзесяткаў. І калі хаця б адзін з іх затрымлівае свой матэрыял або ў кагосьці ўзнікае жаданне яго дапісаць, удасканаліць, дык працэс расцягваецца. Можна, вядома, у любы момант паставіць кропку і сказаць: што ёсць - тое і ёсць. Але ў дадзеным выпадку мы пайшлі насустрач аўтарам, бо разумелі, што ад гэтага выданне толькі выйграе. Апошнія карэктывы ўносіла само жыццё: увесну раптоўна памёр сын Глебава Радзівон, таксама кампазітар. І ў гэтай кнізе павінны былі з'явіцца радкі і пра яго. А галоўнае - да друкаванага асобніка будзе дадавацца кампакт-дыск з музыкай Яўгена Глебава.

- Ці ўвайшлі ў выданне артыкулы Яўгена Аляксандравіча? Бо ён у свой час узнімаў многія набалелыя тэмы, выступаючы не толькі на разнастайных пасяджэннях, "круглых сталах", з'ездах і пленумах Беларускага саюза кампазітараў, але і непасрэдна ў друку.

- Літаратурныя выказванні кампазітара складаюць трэці раздзел кнігі. Чацвёрты - гэта спіс твораў Глебава, які і завяршае зборнік. А сярод тых, хто падзяліўся сваімі думкамі і памяццю пра Яўгена Глебава і яго творчасць, - дырыжоры Аляксандр Анісімаў, Міхаіл Фінберг, музыказнаўца Іна Зубрыч, харэографы-пастаноўшчыкі яго балетаў Атар Дадзішкіліяні, Валянцін Елізар'еў, драматург Аляксей Дудараў, балетныя крытыкі Юлія Чурко, Таццяна Мушынская, многія знаныя музыканты. Дарэчы, кампазітарскае асяроддзе Глебава прадстаўлена ў гэтай кнізе не толькі яго калегамі старэйшага пакалення (гэта, да прыкладу, Андрэй Мдзівані, Рыгор Сурус), але і шматлікім вучнямі, сярод якіх - Васіль Раінчык, Вячаслаў Кузняцоў, Уладзімір Кандрусевіч, Ядвіга Паплаўская, Дзмітрый Даўгалёў, Аляксандр Рашчынскі ды іншыя. Увогуле ж, "даследаванне асобы" атрымалася вельмі разнастайным, грунтоўным - больш як на 350 старонак, багата ілюстраваным, бо ў кнізе - каля 300 фотаздымкаў, афішы, праграмы канцэртаў.

- Ці вызначана ўжо, якія кнігі серыі "Беларусь музычная" будуць наступнымі?

- Кожны кампазітар варты таго, каб пра яго напісалі кнігу. Але павінен з'явіцца той, хто яе напіша! Таму - справа за аўтарамі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"