Абарона дыплома: замер патэнцыялу

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Скончыліся абароны дыпломных работ сёлетніх выпускнікоў мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэтая падзея — адна з найбольш цікавых у мастацкім жыцці краіны. І таму на кожнай абароне вельмі людна: калі ж яшчэ будзе магчымасць папрысутнічасць на “таінстве нараджэння” новых мастакоў? Сёлета выпушчаны ў свет дваццаць шэсць маладых творцаў. Гэта вынік працы чатырох асноўных кафедр факультэта — жывапісу, графікі, скульптуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

 /i/content/pi/cult/121/454/Abarona-dyploma2.jpg

Аўтар кампазіцыі “Танец” — Настасся Гумінская. Кампазіцыя прызначана для парку Радзівілаў у Нясвіжы.

На экспазіцыі, якую прадстаўляе падчас абароны кожная з кафедр у музеі БДАМ, дасціпны даследчык можа знайсці актуальны зрэз сённяшняга маладзёжнага мастацтва. Тут выяўляюцца тэмы, якія хвалююць маладых, матэрыялы, якімі яны валодаюць найлепш, пластыка, якую яны лічаць адпаведнай сваім задумам. У сценах акадэміі, сярод выкладчыкаў і загадчыкаў кафедр, не страчвае актуальнасці пытанне: па якіх крытэрыях разглядаць і ацэньваць дыпломную работу? Як вынік шасцігадовага навучання са сваімі мэтамі, задачамі, метадамі, пэўнымі абмежаваннямі дзеля таго, каб студэнт авалодаў тэхнікай выканання і ўменнем грунтоўна раскрыць тэму? Або як першы аўтарскі твор? Пэўна, дыпломная работа насамрэч знаходзіцца недзе на памежжы: гэта яшчэ не зусім самастойнае выказванне думак, але — пацвярджэнне кваліфікацыі, майстэрства, набытага ў сценах
alma-mater. А тая часцінка індывідуальнасці студэнта, якая праяўляецца ў стылістыцы і пластыцы твора, сведчыць, што яе аўтар ужо заўтра стане самастойным мастаком. У любым выпадку, выпускны экзамен нельга назваць апошняй кропкай — хутчэй, пачаткам уласнай творчай біяграфіі. А яшчэ гэта — свята, на якое збіраюцца і былыя выпускнікі, і сённяшнія студэнты і якое для іх не менш важнае, чым афіцыйна абвешчаны 12 лістапада Дзень акадэміі.
Абарона — своеасаблівы “замер” патэнцыялу — адказны момант для выпускніка, які павінен засведчыць у адным творы або ў адной серыі работ усё назапашанае, напрацаванае за гады вучобы.
Атрымліваецца гэта на “выдатна” далёка не ў кожнага. Ёсць і нявырашаныя дасюль праблемы іншага характару. Не сакрэт, што многія хібы і памылкі дыпломніка выпраўляюццацвёрдай рукой кіраўніка. Некаторыя дыпломныя работы з’яўляюцца адгалоскамі стылю выкладчыкаў як іх дэфармаванае адлюстраванне, дзе толькі зрэдку мільгае ўласны твар выпускніка, — зрэшты, пад ценем высокага дрэва сапраўды спакайней. Але, на жаль, не такі ўжо рэдкі выпадак у мастакоўскай практыцы, калі ўдалы дыплом, даведзены да ладу вопытнай рукой, становіцца апошнім значным “спевам” маладога творцы.
Штогод агульны ўзровень выпускнікоў акадэміі розны, адбываюцца ўзлёты і падзенні іх прафесійнага ўзроўню, быў час, калі відавочна панавала дробнатэм’е, фармалізацыя кампазіцыйных сродкаў. Безумоўна, сучаснаму студэнту цяжка прытрымлівацца межаў акадэмічнай адукацыі пры наяўнасці спакуслівых навамодных накірункаў, дый сама моладзь стала больш рухомая, на яе ўплывае шырокае інфармацыйнае поле, тэндэнцыі замежнага мастацтва. Тым не менш, школа навучання прадугледжвае пэўныя параметры дыпломных твораў, якіх выпускнікі павінны прытрымлівацца, каб доказна прад’явіць камісіі набытае імі прафесійнае майстэрства. Менавіта з такіх пазіцый зыходзілі выкладчыкі акадэміі, калі не дапусцілі сёлета да абароны аднаго з выпускнікоў кафедры жывапісу.
Нездарма ў савецкія часы Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут лічыўся адной з найбольш моцных мастацкіх ВНУ краіны. У Маскве на саюзных выстаўках студэнцкіх работ беларускі раздзел заўжды вылучаўся тэхнічна дасканалымі творамі, выдатна закампанаванымі, з выключным адчуваннем колеру і тэхнікай валодання малюнкам, са своеасаблівай нацыянальнай нотай гучання, якая выяўлялася і ў адсутнасці залішняй кампазіцыйнай жорсткасці, у непрамалінейным прачытанні тэмы, у мяккасці ліній і каларыту. Студэнцкія работы выйгравалі конкурсы, а студэнты атрымлівалі ўсесаюзныя ўзнагароды і стыпендыі. Закладзеная ў тыя часы сістэма выкладання і навучання захавалася і сёння.
Праўда, яна не з’яўляецца догмай і— пад уплывам сучасных павеваў, запатрабаванасці ў некаторых спецыялізацыях, актуальнасці пэўных накірункаў мастацтва— змяняецца. Але база, аснова — акадэмічны малюнак, рэалістычныя традыцыі, набыццё, у першую чаргу, майстэрства, выхаванне свабоды ў выкарыстанні тэхнічных сродкаў на карысць высокай мастацкай ідэі і, урэшце, выхаванне індывідуальнасці мастака — засталіся нязменнымі.
Сёлетняя абарона дыпломных работ у цэлым парадавала. Выдатныя творы паказалі графікі, пацвердзіўшы, што школа майстэрства захоўваецца і мацуецца на глыбока індывідуальным падыходзе да раскрыцця тэмы. Формы выяўлення мастацкага вобраза сталі больш шырокімі. Выкладчыкі не стрымліваюць фантазію, унутраны імпульс студэнтаў, зважаючы на тое, што сённяшняя моладзь мае іншы погляд на творчы працэс, шукае кампраміс паміж класічным і індывідуальным. Вынік пераконвае нават скептыкаў. Дыпломнікі абіраюць не толькі фальклорныя, але і глыбока філасофскія тэмы, як П.Басалыга ў серыі “Сусвет нарадзіўся ў Беларусі”, А.Зінкевіч у серыі “Вандроўка ў Сярэднявечча”, Я.Сухаверхава ў серыі “Неба і зямля”. У іх работах ёсць імкненне да грунтоўнасці, да дыскусіі, ёсць адгалосак дыялога Асобы і Сусвету. Маладыя мастакі дэманструюць валоданне класічнымі тэхнікамі афорта і гравюры, фармальнай кампазіцыяй, сродкамі канкрэтызацыі і абагульнення вобразаў. Яны вельмі цягавітыя ў працы— кожны з дыпломнікаў прадставіў на абарону ў сярэднім каля дзесяці аркушаў.
Для кафедры скульптуры заўжды была характэрна найменшая колькасць выпускнікоў: многія “адсейваліся” ў час навучання. На дзіва, сёлета да фінішу дайшла рэкордная колькасць — сем чалавек (для прыкладу — у 2003 годзе — чацвёра, у 2001 — трое). Сёлетні выпуск адметны таксама вялікай колькасцю работ, зробленых і ўстаноўленых на канкрэтных аб’ектах: у бальніцы ў Бараўлянах вулічны басейн упрыгожыла каменная кампазіцыя М.Місаўца “Браты”, у Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры ў Мінску ўстаноўлены драўляныя скульптуры “Казачны сад” К.Зантарыя, “Святы лекар Панцеляймон” М.Рагаткі, паркавую частку каля ўвахода фарміруе жалезны сілуэт “Караля-вандроўніка” В.Малахава. У дыпломных праектах уразіла разнастайнасць выкарыстаных матэрыялаў — натуральны камень, дрэва, метал, бронза, гіпс; рознабаковасць тэм — анімалістыка, фальклорныя і алегарычныя матывы, рэалістычнае выяўленне пластыкі фігур.
Адчуваецца імкненне да манументальных і дэкаратыўных форм, разлічаных
на
 /i/content/pi/cult/121/454/Abarona-dyploma3.jpg
ўспрыняцце ў інтэр’еры і паркавым
асяроддзі. Гэта сапраўды важкі крок кафедры наперад: адбыўся адыход ад былой стылёвай аднастайнасці, залішняй стылізацыі, не заўжды апраўданага акцэнтавання на сілуэтнасці постацей, іх дэфармацыі.
У працах студэнтаў-выпускнікоў кафедры жывапісу звяртаеш увагу на тое, што маладых мастакоў не вельмі прываблівае сучаснасць і актуальная праблематыка, хутчэй — падзеі былых часоў. Аб гэтым сведчыць тэматыка большасці работ, такіх, як “Набат” В.Ганузы, прысвечаны Запарожскай сечы, Мінску 1960-х гадоў — “Вясна ў горадзе” Г.Сілівончык.
Якія прычыны такога “звароту ў мінулае”, калі вакол бурліць жыццё, якое само падказвае больш актуальныя сюжэты? Магчыма, спрацоўвае традыцыйная арыентацыя дыпломнікаў на перадачу эмоцый — лёгкі смутак, задуменную лірычнасць, мары, што прасцей зрабіць праз стылізацыю мінуўшчыны, чым праз пазнавальную канкрэтыку сучаснасці. Зрэшты, не так дрэнна тое, што маладыя мастакі абіраюць названыя тэмы, як тое, што яны іх вырашаюць пластычна, стылістычна і колерава аднастайна. Вялікая ўвага надаецца стварэнню наўмысна фактурнай паверхні палотнаў. Аднак разнастайнасці ў гэтых фактурах нямнога, яны ствараюцца прадрапваннем фарбавага слою або залішне энергічнымі мазкамі мастыхіна. Шмат аднастайнасці і ў кампазіцыях работ: фігуры людзей змяшчаюцца на абстрагаваным фоне, твары іх дакладна прапісаны, а астатняе размыта ў смузе, ніз палатна насычаны фактурамі.
У некаторых работах дыпломнікаў кафедры жывапісу добра прачытваюцца ідэі выкладчыкаў і куды менш бачна індывідуальнасць мыслення студэнта. Аднак і тут ёсць станоўчыя зрухі: сёлетнія дыпломнікі паспрабавалі свае сілы ў шматфігурных кампазіцыях, вырашэнні складаных сюжэтных ліній, адлюстраванні жыццёвых калізій, і гэта ў далейшым можа стаць выразнай адметнасцю, вызначальным крытэрыем работ выпускнікоў кафедры.
Адметнасць дыпломных работ манументальна-дэкаратыўнага аддзялення — у падначаленасці тэхнікі выканання і тэматыкі ўвасаблення на рэальных аб’ектах. У гэтым годзе надзвычай прафесійную дыпломную работу “Таямніцы Купальскай ночы”, якая ўпрыгожыла фасад аднаго з будынкаў прадпрыемства “Керамін” у Мінску, прадстаўляў Г.Отчык.У ёй упершыню былі выкарыстаны італьянскі камень, апрацаваны ў выглядзе шарыкаў, што стварыла эфект жамчужных караляў, і керамічная плітка. Становішча гэтай кафедры заўжды найбольш выйгрышнае. Нават дыпломныя праекты абавязкова ўключаюць невялікі фрагмент, выкананы ў матэрыяле. І часта тое, што выглядае на эскізе не вельмі выразна, у фрагменце вітража або роспісу пераконвае камісію.
Кожная дыпломная работа мае свой лёс. Бывае, ужо пасля абароны яна рэалізоўваецца ў выглядзе выдадзенай кнігі або зробленага аб’екта. Бывае, проста захоўваецца ў акадэмічным зборы і час ад часу з’яўляецца на юбілейных выстаўках навучальнай установы. Лёсы саміх выпускнікоў складваюцца па-рознаму. У свеце мастацтва ўсё залежыць ад удачы, ад характару творцы, ад яго працавітасці. Але школа, набытая ў сценах акадэміі, будзе заўжды падмацоўваць іх намаганні, вызначаць уласныя крытэрыі якасці, спрыяць далейшаму развіццю.

Наталля ШАРАНГОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА