Ля самага Чорнага мора

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” праходзіць гэтымі днямі ў Анапе. Выканаўцы і калектывы з Беларусі і Расіі паказваюць сваё майстэрства дзецям, якія знаходзяцца ў шматлікіх летніках гэтага горада, што на Чорным моры.

 

Беларусь на фестывалі прадстаўляюць выканаўцы Кірыл Башарымаў, Настасся Купрыянава, Ганна Трубяцкая, Яніна Гінь, а таксама Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр танца "Прэм'ерСпонайд" з Полацка, узорная студыя цыркавога мастацтва "Арэна" з Мазыра, узорны ансамбль танца "Весялушка" з Мінска, пінская ўзорная эстрадна-вакальная група "Фантастыка", народная студыя саломкапляцення "Натхненне" з Мінскай вобласці - усяго больш за 70 дзяцей і падлеткаў.

Ёсць удзельнікі (такія, як студыя "Арэна"), што трапляюць на "Творчасць юных" другі раз. Па словах кіраўніка цыркавой студыі Марыі Кузняцовай, упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама вырашыла рэкамендаваць юных артыстаў да ўдзелу ў фестывалі пасля іх гастролей па Гомельшчыне пад час акцыі "Беларусь - гэта мы!".

Заснавальнікі фестывалю "Творчасць юных" - Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, міністэрствы культуры Беларусі і Расіі, адміністрацыя горада-курорта Анапы.