“Арт-Жыжаль”: музей у… крэпасці?

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Завяршыў сваю працу VІІІ Міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль" у Бабруйску. Як заўсёды, ён быў арганізаваны аддзелам культуры гарвыканкама і гарадской арганізацыяй Беларускага саюза мастакоў.

/i/content/pi/cult/283/4535/pic_16.jpgПленэр працаваў 24 дні на базе адпачынку "Дом рыбака" СПК "Світанак" імя К.П. Арлоўскага, у сасновым лесе, на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча. У ім узялі ўдзел 23 прафесійныя мастакі-керамісты з Беларусі, Венесуэлы, Германіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны. Дэвіз пленэру - нязменны: "Вопыт майстэрства - традыцыі і сучаснасць". Канешне ж, асноўны творчы тон задавалі шматлікія ўдзельнікі пленэраў Анатоль Концуб і Алег Ткачоў (Бабруйск), Максім Калтыгін (Мінск), Яўген Адзіночанка (Гродна), Вольга Равінская (Масква), Алег Дабравольскі (Кішынёў), Юргіта Ясінскайтэ (Вільнюс)...

Паказальна, што адным з дасягненняў пленэру стала засваенне тэхнік "абвару" і "раку" ў спалучэнні з ангобным пакрыццём, што дало абсалютна новы дэкаратыўны эфект на вырабах.

У адзін з апошніх дзён працы пленэр наведалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, а таксама намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, прадстаўнікі гарадскіх улад. Для іх удзельнікамі пленэру былі прадэманстраваны працэсы па фармоўцы, дэкарыраванні, абпале работ, тэхналагічныя асаблівасці вырабу "абварной" керамікі і "раку".

Тэма пленэру - "Кераміка ў прасторы інтэр'ера" - абумовіла калектыўнае выконванне шэрагу работ па мастацкім афармленні канкрэтнага аб'екта - інтэр'ера кафэ Палаца мастацтва г. Бабруйска. Канцэпцыю афармлення і модуль падрыхтоўкі дэкаратыўных вырабаў з керамікі распрацаваў Валерый Калтыгін. Гэта насценныя вазы, пласты, свяцільнікі. Усе вырабы для кафэ прадстаўлены на выстаўцы.

Экспазіцыю складаюць больш за 70 кампазіцый, /i/content/pi/cult/283/4535/pic_17.jpgбольшасць з якіх - шматпрадметныя. Сёлета на пленэры выканана шмат дэкаратыўных насценных пластоў, і характэрнай асаблівасцю выстаўкі з'яўляецца тое, што керамічныя вырабы актыўна ўключылі ў экспазіцыйную прастору залы і сцэны. Гэта дэкаратыўныя пласты Ірыны Шчаснай (Мінск), "Партрэцікі" Юрыя Білея (Львоў). Нямала таксама буйнафарматных вырабаў: мастакі з поспехам "абыходзяць" абмежаванні памераў вырабаў або частак, з якіх яны складзены, - не болей за 35 см па вялікім боку. Гэта "Хлябы" Леаніда Рыжкоўскага (Мінск), "Адлюстраванне" Валянціны Іваньковай (Мінск).

Новыя ўдзельнікі пленэру Настасся Чарына з Санкт-Пецярбурга і Юрый Білей унеслі сваімі работамі свежы струмень у экспазіцыю. Кампазіцыі Генадзя Мерца (Венесуэла) вылучаюцца яркай нацыянальнай адметнасцю. Індывідуальнасць і рэгіянальныя тэндэнцыі нацыянальнай школы адлюстроўваюцца ў кампазіцыі "Трыполіка" В а л е рыу Вынагэ (Кішынёў). Своеасаблівасцю вылучаюцца творы літоўскага кераміста Андрыуса Янулайціса: "Сон", "У пастцы".

/i/content/pi/cult/283/4535/pic_18.jpgЗ года ў год работы прадстаўляюць пастаянныя ўдзельнікі пленэраў, чыё аўтарства лёгка пазнаць: прасочваецца адна і тая ж тэндэнцыя ў формаўтварэнні. Паколькі асноўнай тэхнікай пленэру з'яўляецца "дымленне", яна накладвае свой адбітак на агульную колеравую гаму твораў. Кіраўнік пленэру В.Калтыгін заклапочаны гэтым фактарам і разважае над тым, як у далейшым зрабіць каляровую палітру больш разнастайнай, распрацаваць новыя тэхналагічныя рашэнні, надаць форуму новы імпульс.

Чарговы, ІХ пленэр па кераміцы павінен адбыцца ў Бабруйску летам 2011 года. Правядзенне такіх форумаў стварыла спрыяльную глебу для магчымасцей заснавання Музея керамікі ў адным з будынкаў Бабруйскай крэпасці.

Па заканчэнні работы ў Бабруйску выстаўка "Кола агню" выправіцца ў Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава, а затым у Мінск.

Ала МАЛЬЦАВА, метадыст Бабруйскага мастацкага музея імя Г.Г. Паплаўскага